Адкрытыя адукацыйныя рэсурсы Калабаратыўная навука

Сацыяльная вытворчасць ведаў
Сацыяльная вытворчасць ведаў | Foto (Ausschnitt): © diego cervo, fotolia.com

Навучальныя матэрыялы, якія знаходзяцца ў вольным доступе, з’яўляюцца важным трэндам у галіне адукацыі. Пры гэтым навуковыя бібліятэкі могуць адыгрываць ключавую ролю. Размова з Янам Нойманам, кіраўніком арганізацыйна-прававога аддзела Цэнтра ўніверсітэцкіх бібліятэк федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія ў Кёльне.

Спадар Нойман, што ўяўляюць сабой адкрытыя адукацыйныя рэсурсы (Open Educational Resources – OER), т. зв. навучальныя матэрыялы, якія знаходзяцца ў вольным доступе, як іх называюць прафесіяналы?
 

OER – гэта зборнае паняцце, якое абазначае навучальныя матэрыялы. Яно ўключае ў сябе такія класічныя медыя-сродкі, як кнігі, працоўныя аркушы, а таксама такія фарматы, як відэаролікі, блогі, гульні і сімуляцыі. Галоўнай іх прыкметай з’яўляецца адкрытае ліцэнзаванне, якое дазваляе карыстальнікам захоўваць, выкарыстоўваць, змяняць матэрыялы і дзяліцца імі. У склад гэтага паняцця ўваходзяць таксама і курсы MOOC – анлайн-курсы, у якіх бясплатна можа браць удзел вялікая колькасць людзей – у выпадку, калі яны маюць адкрытае ліцэнзаванне. У сферы вышэйшай адукацыі значную ролю па-ранейшаму адыгрываюць Open Course Ware (OCW). Гэта курсавыя матэрыялы, якія маюць адкрытыя ліцэнзіі, і ў адрозненне ад курсаў MOOC не з’яўляюцца завершаным курсам, а ў першую чаргу выкарыстоўваюцца як суправаджальныя матэрыялы да якога-небудзь курса.

Калабаратыўная навука

Якую ролю адыгрывае сацыяльная вытворчасць ведаў у звязку з OER?
 

Думаю, што ў звязку з гэтым можна казаць пра змену парадыгмаў. Раней навуковая публіцыстыка была прывілеем экспертаў, якія мелі навуковыя ступені. Цяпер гучаць галасы ў падтрымку таго, каб аспрэчыць гэтую сістэму. Брытанскі матэматык Тыматы Гаўэрс апісвае гэта так: займацца навукай калабаратыўна – гэта ўсё роўна, што раптам апынуцца за стырном аўтамабіля, які раней толькі штурхалі. Перадумовай для змены парадыгмы з’яўляецца змена каштоўнасцяў, уключаючы культурныя тэхнікі, якія падкрэсліваюць абмен і супрацоўніцтва мацней, чым гэта было раней.
 
Якое значэнне маюць бібліятэкі як класічныя месцы перадачы ведаў у гэтай змене каштоўнасцяў?
 

Вельмі вялікае. Магчыма, найважнейшая задача навуковых бібліятэк палягае ў тым, каб забяспечыць высокаякаснымі мэтададзенымі тыя OER, якія ствараюцца ў іх установах, і тым самым стварыць важную перадумову для таго, каб матэрыялы потым можна было знайсці. На сённяшні дзень створаныя ў межах розных праектаў матэрыялы, на жаль, расцярушаныя па розных серверах і маюць недасканалае абазначэнне. У выніку гэтага матэрыялы няпроста знайсці, і ад гэтага магчымасці іх далейшага выкарыстання абмежаваныя – гэта, мусіць, адна з найвялікшых перашкодаў для нармальнага ўспрыняцця OER. Акрамя таго, многія бібліятэкары валодаюць шэрагам кампетэнцый, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаныя ў працэсе стварэння і кіравання OER – напрыклад, у сферы неабходнай для кіравання рэсурсамі тэхнічнай інфраструктуры. Побач з гэтым OER могуць быць выкарыстаныя для развіцця інфармацыйнай кампетэнцыі. Гэта задача бібліятэк, якая за апошнія гады набыла вялікае значэнне.

Бібліятэкі як вытворцы ведаў

У адной з публікацый Вы выказваеце меркаванне аб тым, што OER звязаныя з прынцыповай зменай роляў у бібліятэках, і гаворыце пра ператварэнне пастаўшчыка ведаў у іх стваральніка. Ці не маглі б Вы распавесці аб гэтым падрабязней?
 

Трэба ўявіць сабе, як функцыянуе такая ўстанова, як універсітэт. Універсітэт атрымлівае на ўваходзе новых студэнтаў і новыя веды, а потым у выніку вытворчага працэсу ператварае іх у падрыхтаваных спецыялістаў і новыя веды на выхадзе. Роля бібліятэк традыцыйна знаходзілася на пачатку: яна ўяўляла сабой здабыццё і прадастаўленне ведаў. Калі з’явіўся вольны доступ, то яна грунтоўна змянілася: цяпер асноўная дзейнасць бібліятэк размяшчаецца на выхадзе – яна палягае ў апублікаванні новых матэрыялаў. Паводле маёй тэзы, у выніку з’яўлення OER роля бібліятэк зменіца наступным чынам: актыўна ўдзельнічаючы ў стварэнні ведаў, бібліятэкі наблізяцца да сэрцавіны вытворчага працэсу ва ўніверсітэтах бліжэй, чым гэта было раней.
 
Уявім сабе, што гэта сапраўды будучыня навуковых бібліятэк. На якім этапе развіцця мы знаходзімся сёння?
 

Пакуль што ў самым пачатку. У Германіі дыскусія на тэму выкарыстання OER па-сапраўднаму пачалася толькі ў 2012 годзе. Сёння таксама і ў Германіі існуе шэраг праектаў і прапановаў. Так, напрыклад, у Тэхнічным універсітэце ў Дармштаце выкарыстоўваецца OER-платформа «OpenLearnWare», а ў Гамбургу плануецца выдаткаваць на стварэнне Гамбургскага адкрытага анлайн-універсітэта 3,5 мільёны еўра. Уласна бібліятэчныя OER-праекты з’яўляюцца ў Германіі пакуль што выключэннем, а вось ЗША знаходзяцца наперадзе: тут бібліятэкары ўяўляюць сабой сёння адзін з набольш зацікаўленых бакоў у сферы OER.
 
Што Вы можаце сказаць пра рамачныя ўмовы ў галіне адукацыі? Ці ўспрымаюць палітыкі OER сур’ёзна?
 

Зараз пануе станоўчы настрой. На пачатку 2015 года адна працоўная група прадставіла на замову канферэнцыі міністраў культуры і федэральнага міністэрства адукацыі і даследаванняў першую канцэпцыю для федэральных зямель і федэрацыі, у якой гаворыцца пра інтэнсіўную актыўнасць у сферы OER. Акрамя таго, урад нечакана выдаткаваў два мільёны еўра на мэты OER, з ліку якіх фінансуюцца два даследаванні аб магчымасцях іх выкарыстання. Урэшце OECD (Organisation for Economic Co-operation and Development, OECD – Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця) нядаўна падрыхтавала новую справаздачу, у якой яшчэ раз асаблівым чынам падкрэсліваецца інавацыйны патэнцыял OER. Гэта тэма бясспрэчна сталася прадметам дыскусіі аб палітыцы ў сферы адукацыі. У астатнім я перакананы, што цяперашні крызіс з бежанцамі паспрыяе развіццю адкрытых і тым самым бясплатных адукацыйных прапаноў. Пажадана было б аднак, каб мы не спыніліся на аналізе і дыскутаванні, але найхутчэй заняліся б практычнымі справамі.
 
Ян Л. Нойман з’яўляецца кіраўніком арганізацыйна-прававога аддзелу Цэнтра ўніверсітэцкіх бібліятэк федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія і чальцом камітэту «Адукацыя» камісіі ЮНЭСКА ў Германіі.