Даследаванне дыгітальнай кампетэнцыі Нямецкія школьнікі маюць усяго толькі сярэдні ўзровень

Карысць ад дыгітальнага навучання
Карысць ад дыгітальнага навучання | Foto (Ausschnitt): © Dieter Schütz / pixelio.de

Міжнароднае параўнальнае даследаванне дыгітальных кампетэнцый засведчыла, што нямецкая моладзь мае ўсяго толькі сярэднія здольнасці. Урад мае намер лепш абсталяваць школы і дапрацаваць навучальныя планы. Але ці гэтага досыць?

У грамадстве, якое ўсё больш дыгіталізуецца, школы павінны навучыць падрастаючае пакаленне крытычна абыходзіцца з новымі тэхналогіямі. Прынамсі гэтак прапісана ва ўводзінах да даследавання «International Computer and Information Literacy Study» («Міжнароднае даследаванне камп’ютарнай і інфармацыйнай пісьменнасці» – ISILS), якое было апублікавана ўвосень 2014 года. Тады яно выклікала ў Германіі шэраг дэбатаў. Бо да таго часу адукацыйная сістэма Германіі зрабіла зусім мала для адукацыйных мэтаў, сфармуляваных даследаваннем.
 
Даследаванне ICILS параўноўвае камп’ютарную і інфармацыйную кампетэнцыі дванаццаці-трынаццацігадовых вучняў у 21 адукацыйнай сістэме ва ўсім свеце. Тут маюцца на ўвеце здольнасці, якія дазваляюць «выкарыстанне камп’ютара і новых тэхналогій для пошуку, апрацоўкі і перадачы інфармацыі, а таксама для яе ацэнкі з мэтай паспяховага ўдзелу ў жыцці: у прыватнай сферы, у школе, на працоўным месце і ў грамадстве».

Вялікі скепсіс настаўнікаў

Паводле вынікаў гэтага даследавання, у Германіі дыгітальныя каметэнцыі ў дадзенай форме адсутнічаюць амаль што ў 30 працэнтаў прадстаўнікоў падрастаючага пакалення. «Гэта вучні, якія маюць настолькі мінімальныя і рудыментарныя веды ў галіне новых тэхналогій, што можна дапусціць, што ў будучыні ў іх будуць вялікія праблемы», – кажа даследчыца сферы адукацыі з Універсітэта ў Падэрборне Біргіт Айкельман. Разам з прафесарам з Інстытута даследаванняў школьнага развіцця Тэхнічнага ўніверсітэта ў Дортмундзе Вільфрыдам Босам яна кіравала даследаваннем ICILS.  Для Айкельман сітуацыю цалкам можна параўнаць з вынікамі першага міжнароднага даследавання паспяховасці школьнікаў PISA, якое праводзілася ў снежні 2001 года. Тады высветлілася, што многія нямецкія школьнікі маюць веды ў галіне матэматыкі ніжэй за сярэдні ўзровень. «Іх доля складала амаль 25 працэнтаў. Што тычыцца дыгітальных кампетэнцый, то мы маем 30 працэнтаў. Становішча нашмат больш драматычнае».
 
Чаму гэта так? ICILS і тут мае рэкамендацыі. Большасць школ у Германіі не ў стане падтрымаць школьнікаў у сферы дыгітальнай адукацыі. Па-першае, гэта звязана з абсталяваннем школ, недастатковым у параўнанні з іншымі краінамі: якасны шырокапалосны інтэрнэт трапляецца рэдка, так сама як і тэхнічная падтрымка на месцах. Да таго ж трэба ўзгадаць вялікі скепсіс, з якім настаўнікі ставяцца да новых, дыгітальных канцэпцый адукацыі. «Дагэтуль у Германіі не ўяўляюць сабе, як эфектыўна задзейнічаць новыя тэхналогіі ў працэсе навучання. Замест гэтага сярод настаўнікаў пануюць страхі: лічыцца, што яны будуць адцягваць увагу вучняў ад вучэбнага матэрыялу, – кажа Біргіт Айкельман. – Калі гаварыць пра новыя тэхналогіі ў школах, то ў параўнанні з іншымі краінамі мы знаходзімся на апошнім месцы».

Дэбаты аб шанцах і рызыках

Выглядае, што гэты скепсіс сілкуецца таксама і з асаблівасці нямецкага падыходу да тэмы «дыгітальная адукацыя». Амаль няма краін, дзе магчымыя рызыкі дыгітальнай тэхналогіі знаходзіліся б пад больш пільнай увагай грамадства. Так аўтары Геральд Лембке і Інга Ляйпнер пішуць у сваёй кнізе «Die Lüge der Digitalen Bildung» («Хлусня пра дыгітальную адукацыю»), што толькі ва ўзросце дванаццаці гадоў дзеці здольныя прадуктыўна абыходзіцца з камп’ютарамі, ноўтбукамі і смартфонамі. Ранейшае знаёмства з дыгітальнай тэхнікай вядзе да залішняга раздражнення.
 
Прыхільнікі дыгітальнай адукацыі, наадварот, звяртаюць увагу на цэлы шэраг праектаў, у межах якіх новыя тэхналогіі ўжо сёння выкарыстоўваюцца ў навучальных установах, напрыклад, у матэматыка-прыродазнаўчых школах (MINT-Exzellenz-Schulen, Schulen mit ausgeprägtem Profil in Mathematik, Informatik, Naturwissenschaften und Technik – школы, дзе паглыблена вывучаюцца матэматыка, інфарматыка, прыродазнаўчыя навукі і тэхніка – Заўв. перакл.), дзе ў фокусе ўвагі знаходзяцца прыродазнаўчыя навукі. «У гэтым выпадку мы выглядаем вельмі добра», – кажа Біргіт Айкельман. Журналіст Крысціян Фюлер, які піша на тэмы адукацыі, таксама перакананы ў карысці дыгітальнага навучання – гэта найперш тычыцца супольнай працы, напрыклад, у межах вядзення школьных блогаў. «Пазітыўны матывуючы эфект здзіўляе». Думаць пра рызыкі ён таксама лічыць вельмі важным. Да іх ліку ён адносіць побач з небяспекай медыйнай раскідлівасці таксама і мобінг, і да таго ж дыгітальны эксгібіцыянізм. Вось яго патрабаванне: «Нам неабходна абавязковае пасведчанне на права перасоўвання ў сеціве, каб моладзь навучалася, як бяспечна рухацца ў ім».

Міжпрадметная ключавая кампетэнцыя

У ліпені 2015 года нямецкі Бундэстаг зацвердзіў заяўку на масавае далучэнне школ да шырокапалоснага інтэрнэту і стварэнне «надзейнага дыгітальнага навучальнага асяроддзя». Таксама існуе намер шырэй прадставіць у вучэбным плане тэму дыгітальнай адукацыі, напрыклад, у форме новага абавязковага для вывучэння прадмета «інфарматыка».
 
З аднаго боку, для даследчыка сферы адукацыі Айкельман гэты прарыў заслугоўвае ўхвалы: «Нам неабходна лепш абсталяваць нашы школы». З іншага боку, яна падкрэслівае, што ўрэшце гаворка ідзе не толькі аб прадастаўленні школам вялікай колькасці ноўтбукаў, планшэтаў і правядзенні шырокапалоснага інтэрнэту: «Нашмат важней правесці перападрыхтоўку настаўнікаў у гэтай галіне, каб яны ведалі, як эфектыўна выкарыстоўваць прылады». На думку Айкельман, вырашальнае значэнне мае ўрэшце не палепшанае тэхнічнае абсталяванне, але гатоўнасць развіваць уменне абыходзіцца з лічбавай інфармацыяй як міжпрадметную ключавую кампетэнцыю.
 
Даследчык сферы адукацыі і публіцыст Марцін Лінднер фармулюе гэта так: «Нам неабходна развітацца з думкай аб тым, што ў выпадку дыгітальных медыя-сродкаў гаворка ідзе пра «інструменты», якія мэтанакіравана можна ўзяць у рукі на абмежаваны час. У сапраўднасці яны даўно сталі часткай нашага жыцця. Дыгітальнае навучанне абазначае ўсяго толькі навучанне ва ўмовах дыгіталізаванага грамадства. Гэта непазбежна».