Новыя формы інтэракцыі для бібліятэк «Перанесці рэальны свет у віртуальны»:

Лічбавыя носьбіты інфармацыі ў бібліятэках
Лічбавыя носьбіты інфармацыі ў бібліятэках | Foto (Ausschnitt): © santiago silver – Fotolia.com

Якія магчымасці пошуку і прадастаўлення лічбавых носьбітаў інфармацыі існуюць у бібліятэках? Размова з Харальдам Райтэрэрам з Універсітэта ў Канстанцы.

Спадар Райтэрэр, якімі новымі распрацоўкамі ў галіне прэзентацыі дыгітальнага кантэнту Вы займаецеся ў межах Вашых даследчых праектаў?

Мы жывём у перыяд трансфармацыі, усё больш інтэнсіўней пераносімся з рэальнага ў віртуальны свет. І ў публічных, і ў навуковых бібліятэках паўстае пытанне: як прапанаваць лічбавыя носьбіты інфармацыі – у той самай якасці, да якой прызвычаіліся чытачы ў традыцыйных бібліятэках. І яшчэ: як наогул зрабіць так, каб электронныя кнігі можна было шукаць? У межах праекта «Blended Library», які праводзіўся з 2011 па 2014 год, было праведзена вялікае апытанне: больш за палову апытаных адказалі, што яны не хочуць адмаўляцца ад пошукаў на паліцах. Вынікам нашага даследавання сталася, напрыклад, «Blended Bookshelf». Яна дэманструе, якім чынам якасці рэальнай кніжнай паліцы могуць быць скамбінаваныя з магчымасцямі віртуальнага свету. Пры гэтым мы прэзентуем лічбавыя носьбіты інфармацыі – іх можна бачыць, кратаць – так сама, як гэта было раней толькі на кніжнай паліцы. «Blended Bookshelf» ужо была удасканаленая з улікам выкарыстання ў камерцыйных мэтах.

Свет больш разнастайны за тое, што прапануе электронны бібліятэчны каталог

Ваш пілотны праект «Quellentaucher» паядноўвае дыгітальны пошук з рэальнымі фондамі. Якім чынам выглядае праца з ім?
 
«Quellentaucher»: «Экспедыцыя» | © HCI Konstanz via Youtube.com

Што тычыцца крыніцаў пошуку, то, па дадзеных нашага апытання, на першым месцы знаходзіцца пошук у рэжыме анлайн і інтэрнэт-пошук, а не пошук у электронным каталогу. Таму неабходна прыдумаць новыя канцэпцыі візуалізацыі, якія б зрабілі свой унёсак у справу аптымізацыі доступу. На маю думку большасць электронных бібліятэчных каталогаў, якія знаходзяцца ў бібліятэках, хутчэй адпужваюць чытачоў. Гаворка ідзе аб тым, каб зрабіць магчымым карыстанне скарбам дадзеных, які знаходзіцца ў электронным бібліятэчным каталогу. У публічных бібліятэках «Quellentaucher» (ням. «Той, хто пагружаецца ў крыніцы») прапануе дзве інавацыйныя формы доступу: першую мы назвалі «Экспедыцыяй». Гэта інтэграцыйная прапанова, у ёй выкарыстоўваецца сэнсарны экран. Інтэграцыйная – гэта значыць, што выкарыстоўваюцца як рэальныя, так і віртуальныя крыніцы, а не толькі анлайн-каталог і электронны бібліятэчны каталог. Свет больш разнастайны за тое, што прапануе электронны бібліятэчны каталог: наша дыгітальная штодзённасць шчыльна звязаная з Вікіпедыяй, Твітарам, Фэйсбукам, рэцэнзіямі і свежымі навінамі. У межах электроннай кніжнай паліцы гэту інфармацыю можна ўзбагаціць лакальнымі бібліятэчнымі фондамі.

Праф. д-р Харальд Райтэрэр Праф. д-р Харальд Райтэрэр | © Харальд Райтэрэр Другую форму доступа мы назвалі «Tiefenrausch» (ням. «Зачараванне глыбінёй»). Яна дае чытачам магчымасць рабіць складаныя запыты ў бібліятэчным электронным каталогу ў гульнявой форме. Для гэтага мы ўжываем рэальныя загатоўкі для пошуку, іх можна ставіць на сэнсарны стол як загатоўкі для фільтравання, а таксама для ўводу слоў, па якіх ажыццяўляецца пошук. У дадатак інтуітыўна – а, значыць, проста і без дапамогі бібліятэкара – можна фармуляваць складаныя запыты з выкарыстаннем злучнікаў «і» ды «альбо». Вынікі запыту выводзяцца на вялікі сэнсарны насценны экран.

Наступны пілотны праект – гэта пошукавы праект «Blended Library». На каго ён разлічаны?

Праект «Blended Library» ў асноўным разлічаны на навукоўцаў-чытачоў навуковых бібліятэк і прызначаны для працы на семінарах, хатняй працы і для выканання выніковых прац. Мы імкнемся падтрымаць працэс пошуку ў дыяпазоне ад пошуку да выпісак і прэзентацыі. У прынцыпе, мы ўзнавілі працэс працы над навуковым даследаваннем. Прадукт «Integrativ Workspace» – гэта вынік рэалізацыі наступнай канцэпцыі: вы кладзеце рэальныя кнігі на інтэрактыўны стол і з дапамогай дыгітальнага алоўка перацягваеце на яго змест кнігі. Такім чынам вы можаце перанесці рэальны свет проста ў віртуальны.

Як канкрэтна гэта выглядае?
 
Blended Library | © HCI Konstanz via Youtube.com

Напрыклад, можна стварыць інтэлект-мапу і план для працы на семінары. Выкарыстоўваючы калабаратыўныя сістэмы пошуку, можна супольна стварыць штосці.  Пошук адначасова могуць ажыццяўляць чатыры асобы: адбываецца падзел слоў для пошуку альбо тэмаў, кожны шукае ў межах сваёй галіны. Пры гэтым важную ролю адыгрывае камбінацыя з інтэрактыўнага стала і планшэта: планшэт прызначаны для індывідуальнага пошуку, а стол – для супрацоўніцтва. Вынікі індывідуальнага пошуку перапісваюцца з планшэта назад на стол, так што іншыя ўдзельнікі могуць іх бачыць. Затым вынікі захоўваюцца і з імі можна працаваць далей. Бібліятэкар можа, напрыклад, дапамагчы распрацаваць мэтавую стратэгію ажыццяўлення пошуку. Ідэя палягае ў тым, каб у асобе падобных інтэрактыўных сталоў, планшэтаў і праграмаў прапанаваць бібліятэкам такую інфраструктуру, якой няма на звычайных камп’ютарах і ноўтбуках. Гэта надае бібліятэкам зусім новую якасць: ажыццяўляецца такая падтрымка навуковай працы, якая дагэтуль была немагчымая на звычайных камп’ютарах.

Пасля прачытання кнігі маем тое самае, што і перад ім

Ці ўлічваюцца пры гэтым партыцыпатыўныя формы доступу?
 

У межах магістарскай працы па выніках даследавання «Камп’ютар і інфармазнаўства» ва Універсітэце ў Канстанцы быў распрацаваны рэкамендацыйны аўтамат «bibox». Ён быў выпрабаваны ў межах праекта «Quellentaucher» у Гарадской бібліятэцы Кёльна: побач з аўтаматам для здачы носьбітаў інфармацыі быў усталяваны рэкамендацыйны апарат. На яго кладуць кнігу, якую здаюць, і пішуць рэкамендацыю. Існуе магчымасць прысваення кнізе ад адной да пяці зорак, адказа на пытанні аб эмацыйнай ацэнцы кнігі і напісання ўласнага каментара. У якасці ўзнагароды вам прапануюцца дзве, чатыры альбо шэсць кніг, змест якіх падобны да зместу кнігі, якую вы нядаўна прачыталі:  пасля прачытання кнігі маем тое самае, што і перад ім. Нават напісаўшы кароткі водгук, можна атрымаць назвы дзвюх кніг у якасці ўзнагароды. «Quellentaucher» і рэкамендацыйны аўтамат – гэта два інструменты з якімі можна «гуляць» у публічных бібліятэках. Ідэя, якая хаваецца за гэтым – прапанаваць новыя формы доступу, уключыць іншыя медыя-сродкі, напрыклад, апошнія навіны, а таксама здабыць рэкамендацыі чытачоў – у сэнсе партыцыпатыўнай бібліятэкі (ад лац. participatio – удзел; бібліятэка, у якой чытачы ўключаныя ў працэс кіравання ёй. – Заўв. перакл.).
 
Якімі Вы бачыце Вашыя пілотныя праекты ў будучыні?
 

У нас у Канстанцы для ўніверсітэта быў пабудаваны новы будынак бібліятэкі, які быў урачыста адкрыты ўвосень 2015 года. Ён мае новую мэблю, новую планіроўку, новыя памяшканні, «Hybrid Bookshelf» – камерцыйную версію «Blended Bookshelf», альтэрнатыўную форму пошуку, а таксама медыйную лабараторыю для чытачоў бібліятэкі і выкладчыкаў. У ёй могуць быць распрацаваныя новыя стратэгіі доступу, якія дазволяць звесці разам віртуальны і рэальны свет. Мы імкнемся быць арыентырам для іншых бібліятэк. Напрыклад, «Quellentaucher» ужо выпрабоўваюць у Гарадской бібліятэцы Кёльна.
 

З 1997 года Харльд Райтэрэр з’яўляецца выкладчыкам прадмету «Інтэракцыя “камп’ютар – чалавек”» аддзела «Інфарматыка і інфармазнаўства» Універсітэта ў Канстанцы. У 2011–2014 гг. ён ажыццяўляў кіраўніцтва праектам «Blended Library». У 2013–2015 гг. у супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Паўночнага Рэйну-Вестфаліі рэалізоўваў даследчы праект «Quellentaucher». Пілотнай бібліятэкай з’яўлялася Гарадская бібліятэка Кёльна.