Размова з Франкам Зелігерам «Патэнцыял RFID яшчэ не вычарпаны»

RFID у бібліятэках
RFID у бібліятэках | © Bibliotheca RFID Library Systems GmbH

Усё большая колькасць бібліятэк робіць стаўку на выкарыстанне радыёметак для працы са сваімі фондамі і паляпшэння абслугоўвання чытачоў. Які патэнцыял мае гэта тэхналогія на самой справе? І ці звязана яна з нейкімі рызыкамі? Пра гэта – у інтэрв’ю з дырэктарам бібліятэкі тэхнічнага ўніверсітэта ў горадзе Вільдаў / Германія (Technische Hochschule Wildau) Франкам Зелігерам (Frank Seeliger).

Спадар Зелігер, будучы навукоўцам, Вы ўжо шмат гадоў займаецеся ўвядзеннем RFID у бібліятэках. Які патэнцыял мае гэта тэхналогія?  

Бясспрэчна, надзвычай вялікі. RFID – гэта тэхналогія, якая выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі пэўных аб’ектаў. Гэта дае нам шмат магчымасцей перагледзець паслугі, якія аказвае бібліятэка, і стварыць іх новую канцэпцыю. Вялікая колькасць людзей лічыць, што, каб знайсці ў бібліятэцы штосьці, трэба патраціць шмат часу. Часу, якога людзі не маюць, бо тым, хто працуе, цяжка наведваць бібліятэку ў гадзіны яе працы. Дзякуючы RFID гэта стала інакш.

Наколькі?

Дзякуючы таму, што на кожную кнігу наклеена маленькая радыёметка, чытачы бібліятэкі могуць самастойна браць дакументы ў часовае карыстанне – гэта дзейнасць раней ажыццяўлялася спецыялістамі. Інакш кажучы, адбываецца аўтаматызацыя руцінных працэсаў. У выніку бібліятэка можа даўжэй працаваць для чытачоў. Але гэтым патэнцыял RFID яшчэ зусім не вычэрпваецца.

Якія яшчэ перавагі прапануе гэта тэхналогія бібліятэкам і іх чытачам?

Дырэктар Бібліятэкі тэхнічнага ўніверсітэта ў Вільдаў Франк Зелігер Дырэктар Бібліятэкі тэхнічнага ўніверсітэта ў Вільдаў Франк Зелігер | © Франк Зелігер З аднаго боку, існуе трэнд да пабудовы грандыёзных бібліятэк, т. зв. арыенціраў. Хаця яны, безумоўна, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі для пераймання, але ж, на жаль, часта гэта адбываецца за кошт сеткі меншых бібліятэк. А менавіта яны задавальняюць попыт на інфармацыю на лакальным узроўні і дазваляюць людзям ашчаджаць час. Выкарыстоўваючы RFID, можна падтрымаць  гэтую сетку, паслабіўшы фінансавы ціск, які адчуваюць маленькія бібліятэкі. Акрамя таго, бібліятэкі могуць быць прысутнымі ў грамадскіх месцах па-за сваімі памяшканнямі: напрыклад у пунктах выдачы і звароту носьбітаў інфармацыі ў метро альбо гандлёвых цэнтрах.
 
RFID з’яўляецца для бібліятэк сродкам забеспячэння якасці і ажыццяўлення кантролю за фондамі. Ці гэта правільна?
 
Так, RFID можна выкарыстоўваць для правядзення інвентарызацыі. Калі гэта сістэма ўключана ў склад аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы (АБІС), то за адносна кароткі час можна апрацаваць вялікую колькасць дакументаў. Аднак сёння падобныя інструменты – пакуль што вельмі складаная рэч. З адной тысячы бібліятэк, якія працуюць з гэтай тэхналогіяй у нямецкамоўнай прасторы, на сённяшні дзень акрамя нашай мне вядомая толькі адна, якая здольная зрабіць гэта. 

Існуюць засцярогі, што інфармацыю з радыёметак могуць счытаць трэція асобы. Шмат гадоў абаронцы дадзеных крытыкуюць RFID, лічачы яе небяспекай для прыватнай сферы. Ці вядзецца дыскусія па гэтым пытанні ў Вашай галіне?
 
Так, і ў межах гэтай дыскусіі гаворка таксама ідзе і аб выкарыстанні сістэмы ў бібліятэках. Тут мы маем справу са страхамі, якія варта ўспрымаць сур’ёзна. Урэшце, RFID грунтуецца на электрамагнітным выпраменьванні, якое не бачнае чытачам. Ужо адно гэта можа непакоіць. І сапраўды так: дадзеныя з RFID-меткі могуць без праблем счытаць трэція асобы, напрыклад, з дапамогай смартфонаў, якія падтрымліваюць тэхналогію NFC. Пытанне толькі ў тым, якія з гэтых дадзеных сапраўды могуць быць счытаныя. Паводле нашых стандартаў  – т. зв. «дацкай мадэлі дадзеных» – толькі ідэнтыфікатар бібліятэкі, статус выдачы, колькасць дадаткаў, але ні ў якім разе не назву кнігі альбо асабістыя дадзеныя чытача.
 
Сумненні ідуць яшчэ далей. Людзі непакояцца, што адсутнасць пэўнасці наконт будучых магчымасцей RFID можа паўплываць на звычкі грамадзян чытаць кнігі. Ці гэта магчыма, што людзі будуць адмаўляцца браць на дом некаторыя кнігі – з-за таго, што няма пэўнасці наконт таго, што трэція асобы не змогуць счытаць гэту інфармацыю?
 
Я разумею, аб чым ідзе гаворка, але лічу, што крытыка неапраўданая. У Германіі існуюць высокія стандарты ў галіне абароны дадзеных. У адрозненне ад іншых краін, Вы не зможаце атрымаць доступ да падрабязных звестак аб узятых на дом кнігах якога-небудзь чытача. Гэтыя дадзеныя рэгулярна выдаляюцца з АБІС. На маю думку, у гэтым выпадку тэхналогіі прыпісваюць тое, чаго яна сёння не ў стане зрабіць і не мае на гэта дазволу.
 
На што, на Вашу думку, можа і павінна быць здольная тэхналогія?
 
RFID прапануе выдатнейшыя магчымасці далейшай аптымізацыі доступу да носьбітаў інфармацыі. Хто не ведае праблемы кніжак, якія немагчыма знайсці? Чытачы бяруць кніжкі з паліцаў, чытаюць іх у бібліятэцы і пакідаюць ляжаць дзесьці. Вы калі-небудзь шукалі такія кніжкі? Гэта проста катастрофа! Выкарыстоўваючы RFID, можна абсталяваць сталы для кніг прыстасаваннем для счытвання. Гэта азначае, што з дапамогай функцыі пошуку ў АБІС вы знойдзеце гэтыя кніжкі за некалькі секунд.
 
Ці знойдуць падобныя сістэмы шырокі ўжытак?
 
Тэхналагічныя перадумовы ўжо існуюць. На жаль, адстае распрацоўка. Гэта не дзіўна – калі падумаць, што магчымасці нашага сегменту, маленькага рынку, абмежаваныя: напрыклад, у параўнанні з аўтамабільнай прамысловасцю. Але калі паглядзець, колькі грошай выдаткоўваецца на інавацыйную архітэктуру бібліятэк, паўстае пытанне, ці не варта б было гэтак сама пасіянарна рупіцца аб далейшым развіцці такой інавацыйнай тэхналогіі, як RFID.