60-годдзе Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі Паміж эстэтыкай і педагогікай

Лаўрэаты і журы Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі 2015 г.;
Лаўрэаты і журы Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі 2015 г.; | © AKJ José Poblete

Спаборніцтва за атрыманне Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі адлюстроўвае развіццё літаратуры для дзяцей і моладзі на працягу дзесяцігоддзяў. І сёння яна з’яўляецца найаўтарытэтнейшай узнагародай свайго роду.

Хутчэй за ўсё заснавальнікі Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі не ўсведамлялі, што ў яе асобе яны стварылі штосьці ўнікальнае: адзіную дзяржаўную прэмію ФРГ у галіне літаратуры. Федэральны міністр унутраных спраў стварыў яе ўказам ад 29 жніўня 1955 года, а першае ўручэнне адбылося ў 1956. З 1959 года спаборніцтва, пераназванае пазней у Нямецкую прэмію ў галіне літаратуры для моладзі, праводзіць заснаванае ў той час Федэральнае міністэрства па справах сям’і, пажылых людзей, жанчынаў і моладзі. Яно было часткай Федэральнага плана падтрымкі моладзі – праграмы палітычнай, сацыяльнай і культурнай працы з моладдзю ў пасляваенныя гады і гады нямецкага эканамічнага цуду.
 
Умовы спаборніцтва і крытэрыі якасці мяняліся разам з духам часу, аднак у іх аснове на працягу дзесяцігоддзяў знаходзяцца падобныя мэты: Нямецкая прэмія ў галіне літаратуры для моладзі павінна спрыяць якасці, разнастайнасці і ўмацаванню аўтарытэта літаратуры для дзяцей і моладзі і адначасова дапамагаць у справе выбару матэрыялу і азнаямлення з ім – перш за ўсё ў галіне пазашкольнай працы. Гэта падвойная мэта, якая мае як эстэтычны, так і педагагічны аспект, заўсёды інтэрпрэтавалася як дуалізм, даходзіла нават да спрэчак пра кірункі. Калі азірнуцца назад, то як раз гэта акалічнасць забяспечвае дынаміку прэміі.

Юныя чытачы ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў

Плакат да 60-гадовага юбілею Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі;  ілюстрацыя Давіда Візнэра, лаўрэата прэміі 2015 года ў намінацыі «Ілюстраваная кніга» Плакат да 60-гадовага юбілею Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі; ілюстрацыя Давіда Візнэра, лаўрэата прэміі 2015 года ў намінацыі «Ілюстраваная кніга» | © AKJ Прэмія ўручаецца ў намінацыях «Ілюстраваная кніга», «Кніга для дзяцей», «Кніга для моладзі» і «Навукова-папулярная кніга». У кожнай з гэтых катэгорый узнагароджваецца адна кніга, якая выйшла ў папярэдні год, акрамя таго, ёсць рэкамендаваныя падчас дыскусіі аб уручэнні прэміі кнігі і спецыяльныя прызы. Так, з 1991 года ўзнагароджваюць аўтараў, ілюстратараў і перакладчыкаў за іх сукупныя дасягненні. Арганізацыя і правядзенне спаборніцтва былі перададзены заснаванай у 1955 годзе Працоўнай групе па пытаннях літаратуры для моладзі (Arbeitskreis für Jugendliteratur e. V.). Яна дапамагае ў працы журы і дзякуючы зменам яго складу ўносіць элемент навізны. Але намінаваныя на прэмію кнігі ацэньваюць не толькі эксперты: з 1972 года ў склад журы ўваходзяць маладыя людзі і дзяўчаты, з 2003 існуе журы, якое складаецца выключна з моладзі і прысуджае прэміі ва ўласных намінацыях. У межах прэміі праходзяць шматлікія прэзентацыі: адбываецца агульнанацыянальны распаўсюд кніг-прызёраў – ён часткова фінансуецца спонсарамі.

Міжнародная скіраванасць ад самага пачатку

З 1972 года ў склад журы былі ўключаны маладыя людзі і дзяўчаты; З 1972 года ў склад журы былі ўключаны маладыя людзі і дзяўчаты; | © AKJ José Poblete З культурна-палітычных меркаванняў Нямецкая прэмія ў галіне літаратуры для моладзі ахоплівае навінкі з іншых краін, якія выйшлі як пераклады ў нямецкіх выдавецтвах. У часы заснавання прэміі кіраваліся візіяй, згодна з якой праз перакладзеныя на розныя мовы кнігі для дзяцей і моладзі мелі намер паспрыяць узаемаразуменню паміж народамі і захаванню міру. Сёння прэмія ўспрымаецца як навігатар па прапанове кніг для юных чытачоў на сусветным літаратурным рынку, у межах якога канцэнтрацыя на адных нямецкамоўных кнігах азначала б культурнае адасабленне. Улічваючы першасныя задачы нямецкай дзяржаўнай прэміі, яе міжнародная скіраванасць усё часцей зазнавала крытыку.
 
Сёння існуе каля 50 лакальных, надрэгіянальных, тэматычных альбо прызначаных для асобных жанраў прэмій нямецкамоўных выдавецтваў для аўтараў, ілюстратараў кніг, кніг, дэбютных твораў альбо збораў твораў літаратуры для дзяцей і моладзі. Аднак Нямецкая прэмія ў галіне літаратуры для моладзі і ў 60-ы год свайго існавання з’яўляецца найаўтарытэтнейшай і найвядомейшай прэміяй свайго роду. Гэта, безумоўна, адна з найлепш арганізаваных літаратурных прэмій краіны. Вось ужо на працягу некалькіх гадоў яе ўручэнне адбываецца ў другой палове дня ў пятніцу падчас Франкфурцкага кніжнага кірамаша, яно выступае ў якасці важнага месца сустрэчы аматараў і прафесіяналаў са сферы літаратуры для дзяцей і моладзі. Памер прэміі складае сёння 10.000 еўра ў кожнай намінацыі, да таго ж уручаецца таксама і фігурка гераіні рамана Міхаэля Эндэ Мома.
 
База дадзеных Нямецкай літаратурнай прэміі ў галіне літаратуры для моладзі з’яўляецца чымсьці асаблівым: па ключавых словах тут можна знайсці ўсе кнігі, якія атрымалі прэміі альбо былі намінаваныя на іх разам з іх бібліяграфічнымі дадзенымі, намінацыямі, звесткамі аб чальцах журы і кароткімі рэцэнзіямі. У базе дадзеных сёння знаходзіцца каля 3.000 найменняў кніг.

Рэкамендацыі для пакаленняў чытачоў

Таксама і тыя, хто закідае, што прэміі ўласцівы рэстаўратыўныя, элітарныя, у большай ці меншай ступені эксперыментатарскія тэндэнцыі, не могуць засумнявацца ў тым, што ўзнагароджаныя кнігі і асобы ўяляюць сабой сегмент літаратуры для дзяцей і моладзі, які мае найвышэйшую якасць. Яны ўяўляюць сабой развіццё і гісторыю літаратуры для моладзі ў Германіі. Адначасова кнігі-прызёры адлюстроўваюць мадэлі дзяцінства і юнацтва, якія існавалі, былі пажаданыя, знайшлі літаратурнае ўвасабленне з 1956 года і да сённяшняга дня. Нямецкая літаратурная прэмія мела напагатове прапановы для пабудовы чытацкай біяграфіі цэлых пакаленняў юных чытачоў. Канца пакуль што не бачна.