Уцёкі і адчужанасць у ілюстраванай кнізе Распавядаць далікатна, не прыхарошываючы

Разам пераадолець адчужанасць: «Дзень, калі да нас прыбыла Сайда»;
Разам пераадолець адчужанасць: «Дзень, калі да нас прыбыла Сайда»; | © Peter Hammer Verlag

Новыя ілюстраваныя кнігі нямецкіх выдавецтваў знаёмяць дзяцей з такімі тэмамі, як уцёкі вайна і ксенафобія.

На радзіме яны баяцца за сваё жыццё – гэта дадзенасць. Незалежна ад свайго паходжання і ўласнага лёсу яны апынаюца разам і выпраўляюцца ў дарогу. Зыходная сітуацыя адной з найвядомейшых нямецкіх казак са збору братоў Грым «Брэменскія музыкі» нагадвае лёс, які падзяляюць сёння сотні тысячаў уцекачоў. І дэвіз, які агучвае асёл з версіі казкі братоў Грым і які адсутнічае ў многіх версіях казкі для дзяцей, можа ім падысці: «Штосьці лепшае за смерць мы знойдзем паўсюль».
 
Уцёкі, выгнанне і падарожжы ў невядомае – гэта важныя тэмы ў казках братоў Грым. Перад абліччам грамадскіх выклікаў нашых дзён некаторыя з іх матываў могуць быць зразумелымі, але для асцярожнага разгляду такіх вялікіх тэмаў ў дашкольным узросце кнігі сучасных выдавецтваў падыходзяць лепей. Выдавецтвы Германіі апублікавалі цэлы шэраг ілюстраваных кніг, якія распавядаюць пра ўцёкі і адчужанасць. Яны даюць магчымасць для размоў з дзецьмі і спрыяюць узаемаразуменню – у лепшым выпадку для абодвух бакоў: для уцекачоў і людзей, да якіх тыя прыбываюць.

Паэтычная гульня з чужымі словамі

У ілюстраванай кнізе Сюзаны Гомез Рэдонды «У дзень, калі да нас прыбыла Сайда» («Am Tag, als Saída zu uns kam»), ілюстрацыі да якой рабіла Соня Вімер і якая пабачыла свет у лютым 2016 года ў выдавецтве «Петэр Хамер Ферлаг», дзяўчынка-непаседа распавядае пра прыбыццё маўклівай сумнай равесніцы з Марока. «У дзень, калі да нас прыехала Сайда, я адразу падумала, што яна будзе мне заўсёды падабацца», – гэта можна прачытаць на адной з першых старонак. Урэшце яна чуе, што яе новая сяброўка зусім не нямая: «Можа быць, яна не хацела гаварыць на сваёй мове, бо тая адрозніваецца ад нашай». Абедзьве дзяўчынкі паказваюць на рэчы і называюць іх, вучацца адна ад адной, новая сяброўка радуецца арабскім літарам, шрыфту і гучанню гэтай мовы. Узаемнае пазнанне ператвараецца ў паэтычную гульню ў малюнках, якія поўняцца словамі і знакамі, дзякуючы ёй яны збліжаюцца ўсё больш: гэта можа быць такім простым і прыгожым – пераадольваць адчужанасць, калі адразу ведаеш, што вы будзеце адна адной даспадобы.

Варожасць да іншаземцаў у чорных фарбах

«Востраў»; «Востраў» | © Armin Greder/FISCHER Sauerländer Пра тое, куды можа прывесці хада падзеяў, калі адразу ведаеш, што з задавальненнем адразу адправіў бы таго, хто прыбыў, назад, распавядае Армін Грэдэр у сваёй пабачыўшай свет у 2002 годзе кнізе «Востраў» («Die Insel»), якая была перавыдадзеная выдавецтвам «Заўэрлендэр Ферлаг». Чалавек, якога выкінула на пляж разам я яго плытом, быў не такі, як яны – насельнікі вострава ўбачылі гэта адразу: ён быў аголены. Рыбак ведае, што ў моры чалавек загіне. «І яны прынялі чалавека», – напісана ў кнізе. Мы бачым мажных хмурых мужчын, якія гоняць перад сабой мётламі, граблямі і віламі ахвяру караблекрушэння. Вось так выглядае прыняццё ў грамаду ў свеце,  дзе людзі не знаходзяць для чужака нічога іншага, як толькі казіны хлеў і корм для свінняў – і страшаць адзін аднаго, накручваюць, пакуль не вырашаюць, што будзе лепш адправіць чалавека на яго плыце назад у мора. Мрачная гісторыя ў чорных фарбах, зразумелае пасланне, якое наглядна дэманструе дашкольнікам, што такое ксенафобія і што яна зусім не звязана з самімі чужакамі.

Цяжкі новы пачатак

«Усё будзе добра»; «Усё будзе добра»; | © Klett Verlag Кніга Кірстэн Бае «Усё будзе добра» («Bestimmt wird alles gut»), якая выйшла ў студзені 2016 года ў выдавецтве «Клет Кіндэрбух», змяшчае надзею нават у сваёй назве і вядзе дзвюх дзяўчынак-сясцёр з Хомсу Хасан і Рахаф ва ўзросце адпаведна дзевяці і дзесяці гадоў праз усю гісторыю. Тое, што іх жыццё ў канцы сапраўды стала лепш, але яшчэ ні ў якім разе не ёсць добрым, сведчыць пра тактоўнасць і далікатнасць, з якімі аўтарка дзяцячай кнігі расказвае гісторыю, не прыхарошваючы яе: яна беражэ нервы і герояў, і чытачоў і не распавядае пра паміраючых ахвяр бамбардзіровак у разбураным горадзе альбо тых, хто пацярпеў караблекрушэнне падчас небяспечнага падарожжа праз Міжземнае мора. І ўсё ж яна дае зразумець, што перажылі ўцекачы і што іх чакае, калі яны прыбудуць у Еўропу. Пасля таго як мінулі тры месяцы знаходжання ў лагеры для ўцекачоў, дзяцей аддзяляюць ад сяброў, якіх яны нядаўна знайшлі. У класе некаторыя дзяўчынкі з цікавасцю падыходзяць да Рахаў, але з-за моўнага бар’еру хутка губляюць інтэрэс да сірыйскай дзяўчынкі. Надзея бацькі працягнуць працаваць урачом у Германіі не спраўджваецца да канца кнігі. Сям’я па-ранейшаму жыве ўшасцярох у трохмесным пакоі кантэйнера. Аднак калі бацька бачыць на вуліцы няшчасны выпадак, ён можа дапамагчы да таго, як прыбудзе ўрач хуткай дапамогі, і такім чынам паказвае, што ён можа.
 
Унізе кожнай старонкі кнігі размешчаны арабскі пераклад гісторыі, а ў канцы знаходзяцца першыя словы і сказы на дзвюх мовах – ад «Як цябе зваць?» і «Ты хочаш?» да «Хочаш быць маім сябрам?» Ёсць таксама і такія выразы, як «Пакінь мяне ў спакоі!» і «Я не хачу!» Такім чынам ў кнізе «Усё будзе добра» гаворка ідзе не толькі пра новы пачатак у чужой краіне, кніга таксама дапамагае палегчыць такі новы пачатак.