Разнастайнасць у кніжках для дзяцей Ідзе пошук герояў, што паходзяць з сем’яў мігрантаў

Маленькія аматары літаратуры
Маленькія аматары літаратуры | Фота (фрагмент): © Christopher Futcher/iStock

Дзіцячай літаратуры неабходна яшчэ тое-сёе навярстаць у справе адлюстравання сучаснага нямецкага грамадства.

Калі фраў Ваас урэшце адкрыла дзіўную пасылку, то жыхары Лумерланда былі моцна ўражаныя: па пошце прыйшло чорнаскурае немаўля, якое здзіўлена азіралася навокал. Чытачы дзіцячай кнігі «Jim Knopf und Lukas, der Lokomotivführer» («Джым Кнопф і Лукас, машыніст лакаматыва») таксама былі моцна здзіўленыя, калі кніга выйшла ў 1960 годзе – разам з маладым героем у асобе Джыма яны перажывалі шмат цікавых прыгодаў – ён шукаў падобнага сабе ў нямецкамоўнай кнізе: жыццярадаснага, прадпрымальнага, кемлівага і, як сказалі б сёння, выхадца з сям’і мігрантаў.
 
Сёння немагчыма ўявіць сабе дзіцячыя садкі і школы Германіі без жыццярадасных кемлівых дзяцей з сямей мігрантаў. Аднак у ілюстраваных і дзіцячых кнігах яны прадстаўлены не ў той колькасці, як у рэчаіснасці. Гэта акалічнасць у першую чаргу закранае тыя сем'і, якія маюць свае карані не ў адной толькі Германіі. Час ад часу ў выдавецтвы прыходзяць лісты, у якіх такія сем'і адлюстроўваюць сваё становішча: іх дзеці часта не знаходзяць сябе ў тых кнігах, што ёсць у наяўнасці.

Людзей з цёмным колерам скуры амаль няма

Да падобных высноваў прыйшлі і супрацоўнікі міжкультурнага дзіцячага садка «Маймуна» ў Гамбургу, калі ў 2012 годзе захацелі зрабіць выставу дзіцячых кніг з чорнаскурымі гераінямі. Выхавацелі заўважылі, што ў большасці выдадзеных у Германіі дзіцячых кніг зусім не сустракаюцца людзі з цёмным колерам скуры. Іх знайшлі ў ЗША і Вялікабрытаніі, што не здзіўляе Клаўса Хумана з выдавецтва «Аладзін Ферлаг». «Кнігі пра тое, што значыць быць чужым, мы часцей купляем за мяжой», – кажа ён. Там гэта тэма само сабой зразумелая, да яе простае стаўленне, а вось кнігі з Германіі часта падаюцца стамляючымі.


У нямецкіх кніжках для дзяцей таксама трапляюца персанажы, якія паходзяць з сем’яў мігрантаў, аднак яны выступаюць часткай пэўнай групы, а не як самастойныя героі. Ці гэта «Танцуючыя дзяўчаты» («Dancing Girls») Хайке Абідзі, ці «Футбольныя акулы» («Fußball-Haie») Андрэаса Шлютара і Ірэны Маргіл – у нямецкіх дзіцячых кнігах амаль кожнае кола сяброў, кожная кампанія дзяўчат альбо спартыўная каманда маюць чальцоў, чые сем’і альбо бацькі паходзяць з іншых краін. Гэта не заўсёды было так. «Мы вельмі ганарыліся, калі пасля 15 гадоў існавання серыі «Коні» («Conni») узялі ў дзіцячы садок, у якім адбываецца дзеянне гісторыі, турэцкую дзяўчынку», – узгадвае Хуман, які да 2012 года быў дырэктарам выдавецтва «Карлзэн Ферлаг». Серыя, у якой праз прыгоды дзяўчынкі Коні дзеткам распавядаюць пра сусвет, з’яўляецца праектам выдавецтва «Карлзэн Ферлаг», які карыстаецца поспехам на працягу доўгага часу.
 
Выглядае, што многія выдавецтвы клапоцяцца аб дасягненні менавіта такога поспеху. «Дзіцячая кніга, якая мае героя замежнага паходжання, адразу ж успрымаецца як праблемная – у першую чаргу бацькамі. А менавіта бацькі купляюць дзіцячыя кнігі», – кажа падчас размовы адзін гандляр кнігамі. Супрацоўніца аднаго буйнога нямецкага выдавецтва нават распавядае пра тое, што героі, якім прыпісваецца афрыканскае альбо азіяцкае паходжанне, свядома паказаны на вокладках неадназначна. Часам у выпадку перакладаў выдавецтва просіць нават перарабіць ілюстрацыі, каб зрабіць колер скуры герояў у версіі для нямецкага рынку больш светлым. Гэта робіцца з увагі на бацькоў, якія могуць падумаць, што тэмай падобнай кнігі будзе інтэграцыя ў грамадства, замест таго, каб паставіцца да яе, як да звычайнай рэчы.

На іншым баку: дагматычныя анлайн-рэцэнзенты

Гэта тэма далікатная, праца з ёй стала выклікае дыскусію. Тыя, хто размяшчае дзеянне гісторый з чорнаскурымі героямі ў Афрыцы, чуе, што беламу еўрапейцу няварта брацца за падобны матэрыял. Аўтарка дзіцячых кніг Кірстэн Бае зрабіла так, што дзеянне кнігі пра кемлівага хлопчыка Табо адбываецца ў адной краіне на поўдні Афрыкі – той займаецца «Справай насарога» («Nashorn-Fall») будучы «Дэтэктывам і джэнтэльменам» («Detektiv und Gentleman»). З іншага боку на партале Амазон можна знайсці водгукі, якія звяртаюць увагу выключна на тое, колькі дзяцей з сямей мігрантаў можна сустрэць у кнізе і якую ролю ў ёй яны адыгрываюць – тое робіцца заўсёды ў параўнанні з яўна нямецкімі героямі. Супрацоўніца выдавецтва «Клет Кіндэрбух» Моніка Осбергхаўс называе гэтых дагматыкаў «Blondschopfzähler» – тымі, хто лічыць герояў з светлымі валасамі. На яе думку, патрэбны час, каб тэма без лішніх эмоцый, натуральным чынам заняла сваё месца ў ілюстраваных кнігах і кнігах для дзяцей.
 
Яскравым прыкладам гэтага выступае серыя «Дзікія карузлікі» («Die wilden Zwerge») Маера, Лемана і Шульцэ, выпушчаная яе выдавецтвам. Гледзячы на хлопчыкаў і дзяўчынак з сямей мігрантаў, якія ўваходзяць у склад гэтай непаседлівай групы ў дзіцячым садку, не скажаш, што іх сем’і паходзяць з іншых краін. Часта толькі адзін сказ указвае на тое, што з такой сям’і паходзіць, напрыклад, адзін хлопчык – яго бацькі перасяліліся ў Германію з Казахстану. Гэта не вельмі вялікае дасягненне. Але яўнае ўзбагачэнне для гэтай кніжкі.