Мастацтва стварэння радыёпастановак у Германіі Акустычныя сусветы

Германія славіцца ва ўсім свеце сваім мастацтвам стварэння радыёпастановак.
Фота (фрагмент): © Brian Jackson - Fotolia.com

Нідзе ў свеце, акрамя Германіі, не ствараецца так шмат якасных радыёпастановак. Так ёсць дзякуючы любові немцаў да радыё і адмысловай мадэлі публічна-прававога тэлерадыёвяшчання.

Радыёпастаноўка мае такі ж узрост як і радыё. Радыё з’явілася ў Германіі ў пачатку 1920-х гадоў – вялікая колькасць радыёстанцый, якая хутка расла, штодня транслявала шматгадзінную праграму. Таму былі распрацаваны розныя тыпы перадач, а сярод іх – і такі від мастацтва, які спачатку называлі радыёпастаноўкай – выдуманыя гісторыі, якія распавядаліся ў дыялагічнай форме і часта ажыўляліся шумамі. 
 
Таксама і ў нашы дні радыёпастаноўку немагчыма ўявіць сабе без радыё. Хаця сёння даволі проста стварыць яе па-за межамі радыёстанцыі. У выніку дыгіталізацыі неабходная тэхніка стала паўсюдна даступнай. Аднак дзякуючы сваім магчымасцям установы публічна-прававога радыёвяшчання Германіі па-ранейшаму застаюцца найбуйнейшым вытворцам радыёпастановак: яны маюць добрыя студыі, дасведчаных аўтараў радыёпастановак, кваліфікаваных інжынераў па гуку, вялікую зону ахопу публікі і буйныя бюджэты. Калі нехта мае намер зарабляць грошы, працуючы аўтарам альбо рэжысёрам радыёпастановак, то гэта азначае, што радыё павінна выпускаць яго матэрыял ці прынамсі трансляваць яго.

Найвялікшая індустрыя радыёпастановак у свеце

Германія мае найвялікшую і найразнастайнейшую індустрыю радыёпастановак свету. Штогод ствараецца каля 300 радыёпастановак. Амаль штодня па якім-небудзь нямецкім радыё перадаюць прэм’еру якой-небудзь радыёпастаноўкі, т. зв. першую перадачу. Для гэтага ёсць дзве прычыны. Першая: адказныя асобы радыёстанцый, а таксама такія аўтары і мастакі «першай гадзіны», як Бэрт Брэхт альбо кінемаграфіст Вальтэр Рутман адразу зразумелі, якія шанцы ў гэтай галіне дае новы медыя-сродак радыё. З самага пачатку паўсталі выдатныя радыёпастаноўкі, што прывяло да таго, што іх сталі лічыць сур’ёзным відам мастацтва. У радыёпастаноўцы «SOS … rao rao … Foyn – ,Krassin‘ rettet ,Italia‘» (1929) Фрыдрыха Вольфа радыё становіцца часткай гісторыі, бо праз хвалі радыёстанцыі ажыццяўляецца каардынацыя выратавання паветранага карабля, які прапаў у Арктыцы. Радыёпастаноўка «Weekend» (1930) Вальтэра Рутмана – гэта гукавы калаж, прысвечаны штодзённай руціне выходных у Берліне – ён абыходзіцца без вербальнага аповяду.
 
Рэжым нацыянал-сацыялістаў і Другая сусьветная вайна сталіся рубяжом, які запатрабаваў пасля 1945 года пачаць усё наноў. Аднак такія аўтары, як Альфрэд Андэрш, Гюнтэр Айх і Вольфганаг Хільдэсхаймер неўзабаве зноў узнялі нямецкую радыёпастаноўку  на даваенны ўзровень. На гэтым падмурку гэты вітальны від мастацтва працягваў развівацца далей.
 
Другой прычынай вялікай колькасці радыёпастановак з’яўляецца нямецкі федэралізм. Публічна-прававая кампанія ARD складаецца з дзевяці устаноў тэлерадыё федэальных зямель. Кожная з гэтых дзевяці ўстаноў мае ўласную рэдакцыю, якая стварае радыёпастаноўкі. Да таго ж існуе агульнанацыянальнае «Дойчландрадыё» («Deutschlandradio») ‒ яно мае дзве рэдакцыі, якія ствараюць радыёпастаноўкі.

Вялікая колькасць публікі

Гэта разнастайнасць патрабуе, каб асобныя рэдыкцыі мелі выразныя профілі – інакш існаване гэтай дарагой інфраструктуры немагчыма апраўдаць. Паўночнанямецкае тэлерадыёвяшчанне спецыялізуецца на літаратурных радыёпастаноўках. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Саарландскае тэлерадыёвяшчанне ператварылася ў эксперта па французскіх аўтарах і матэрыялах, усё часцей яно стварае дзвюхмоўныя радыёпастаноўкі. Паўднёва-заходняе тэлерадыёвяшчанне, а таксама «Радыё Культур» вядомыя сваімі творамі аўдыёмастацтва – радыёпастаноўкамі, у якіх вербальны ўзровень альбо адыгрывае пабочную ролю, альбо зусім не выконвае ніякай. Баварскае радыё часта стварае радыёпастаноўкі, якія складаюцца з некалькіх частак і маюць адкрытую форму, пры гэтым паслядоўнасць асобных частак не фіксавана ‒ слухачы самастойна вырашаюць, як яна будзе выглядаць.
 
Што тычыцца трансляцыі ва УКХ-дыяпазоне, то рэдакцыя мусіць вызначыць паслядоўнасць частак, а на партале, дзе іх можна спампаваць, вызначэнне паслядоўнасці прадастаўлена слухачам. Колькасць спампоўванняў у дыгітальнай бібліятэцы радыёпастановак Баварскага Радыё штогод складае больш за мільён. Іншыя радыёстанцыі таксама размяшчаюць свае радыёпастаноўкі на вэб-сайтах у форме падкастаў для праслухоўвання і пакідаюць іх там на працяглы тэрмін. Трансляцыю па радыё слухаюць, як правіла, дзясяткі тысяч слухачоў, у выпадку дэтэктываў іх колькасць складае больш за сто тысяч. Калі параўнаць з колькасцю наведвальнікаў тэатраў і кіно альбо колькасцю прададзеных кніг, то гэта будзе значны ахоп публікі.

Ва ўзаемадзеянні з грамадствам

Што тычыцца формы і зместу, то паўсталі некаторыя паджанры: дэтэктывы, дзіцячыя радыёпастаноўкі, навуковая фантастыка, камерныя пастаноўкі, любоўныя гісторыі, камедыі, грамадска-палітычныя драмы і шмат чаго іншага. Расповяд ажыццяўляецца дакументальным, класічна наратыўным альбо постдраматычным чынам; існуюць музыкальныя творы, саўндарт і радыёпастаноўкі на аснове арыгінальных гукаў. Стэрэатэхніка прывяла да новых відаў гучання, ажыццяўляецца эксперыментаванне са складанымі сістэмамі – напрыклад, з т. зв. тэхнікай «Surround-Sound 5.1» альбо з «Dummy head recording» – тэхнікай запісу, якая робіць магчымым аб’ёмнае гучанне.
 
З-за таго, што гэта від радыйнага мастацтва, яго нельга разглядаць асобна ад медыя-сродку. «Радыёпастаноўкі – гэта частка радыёпраграмы», – кажа Марціна Мюлер-Вальраф, кіраўніца рэдакцыі радыёпастановак Заходнегерманскага тэлерадыёвяшчання, якое стварае найбольшую іх колькасць у параўнанні з усімі іншымі тэлерадыёкампаніямі. «Яны аўтаматычна ўступаюць ва ўзаемадзеянне з перадачамі, якія можна пачуць да і пасля іх», – кажа Мюлер-Вальраф. Для яе гэта азначае, што радыёпастаноўкі немагчыма аддзяліць ад таго, што хвалюе грамадства. Гэта таксама ўплывае на вартасць радыёпастановак: трэба ўсведамляць свой мастацкі пункт гледжання – ён інакшы, калі параўноўваць з рэпартажамі, радыёнарысамі і іншымі навіновымі і дакументальнымі фарматамі. Разам з тым яны не павінны губляць самазаглыбленасці, але ўласнымі сродкамі дапамагаць зразумець сучаснасць.