Сучасная нямецкая літаратура Вяртанне да палітыкі?

Займаюцца праблемамі грамадства: Юлі Цэ і Ілья Траянаў
Займаюцца праблемамі грамадства: Юлі Цэ і Ілья Траянаў | Фота (фрагмент): © Isolde Ohlbaum

Крызіс у Еўропе, спрэчкі аб уцекачах: палітызуецца не толькі нямецкае грамадства, але і літаратура. Аднак дэбаты адбываюцца перш за ўсё ў межах літаратурных рубрык газет.

Пра «вяртанне» да палітыкі заявілі тры нямецкіх аўтары падчас размовы ў літаратурным дадатку Франкфурцкага кніжнага кірамаша 2015 года ў тыднёвіку «Дзі Цайт»: Джэні Эрпенбэк, Ульрых Пельцэр і Ілья Траянаў закляймілі дамінуючыя «малыя рашэнні прагматызма» і выступілі за рэабілітацыю утапічных «вялікіх апавяданняў». Яны пагадзіліся наконт таго, што літаратура павінна звяртаць увагу на «ўнутраныя супярэчнасці пануючай сістэмы» і распавядаць пра іх – незалежна ад заклікаў, кампаній збору подпісаў і эсэ.

Ульрых Пельцэр пайшоў яшчэ далей і зрабіў складанасць пабуджальнай прычынай апавядання: «Калі гавораць што ўсё такое складанае, то ў прынцыпе нельга вызначыць непасрэдную прычынную сувязь, тады я кажу: не, гэта не так. Гэта проста неабходна як для апавядання, так і для палітыкі – прынамсі зрабіць прапановы, якія тычацца прычыннай сувязі».

Палітызацыя грамадства

Канкрэтна гэта азначае назваць адказных за стан свету і наратыўна разаблачыць унутраныя заканамернасці актуальных падзей са сферы палітыкі. Калі б значная частка аўтараў прытрымлівалася гэтай мэты, то на парадак дня зноў выйшла б «ангажаваная літаратура» (Жан-Поль Сартр). На самой справе палітызацыю нямецкага грамадства выклікалі падзеі 2014 і 2015 гадоў: крызіс ва Украіне, тэрор ІД, праблемы з еўра і ўцекачамі. Гэта выявілася ў паўстанні руху «Пегіда» («Pegida»), аднаўленні партыі «Альтэрнатыва для Германіі» і – з іншага боку – у росце гатоўнасці грамадзян, якія прытрымліваюцца цэнтрысцкіх поглядаў, актыўней выступаць у абарону дэмакратыі, прававой дзяржавы і адкрытага грамадства. Аўтары газеты «Дзі Цайт» – не першапраходнікі, а хутчэй сімптом падобнага развіцця падзей.

Недахоп ведаў у эканамічнай сферы

Між тым жаданне разглядаць праблемы грамадства ніколі не знікала з сучаснай нямецкамоўнай літаратуры. За плынню пераадолення мінулага, за якое выступала большасць аўтараў літаратурнага аб’яднання «Група 47», наступілі нібыта непалітычныя перыяды 1950-х і позніх 1970-х гадоў. У фокус увагі ўсё больш трапляла прыватнае жыццё. Такія пісьменнікі, як Зігфрыд Ленц, Марцін Вальзэр, Петэр Хандке і Гюнтэр Грас лічылі сябе палітычнымі аўтарамі і ў асобныя перыяды зашмат выказваліся па актуальных палітычных пытаннях. Аднак палітычная праблематыка не пераважае ў іх творах, а калі тое мае месца, то яны належаць не да самых лепшых – як, напрыклад, раман Граса «Шырокае поле» («Ein weites Feld»), прысвечаны часам аб’яднання Германіі.   
 
Калі гаварыць пра большую частку твораў многіх аўтараў часоў ФРГ да падзення Берлінскага муру ў 1989, а таксама пра люстэркавае адлюстраванне рэчаіснасці, характэрнае для большасці аўтараў з ГДР, то кідаецца ў вочы яўны недахоп ведаў па эканамічных і палітычных пытаннях. Існаваў кансенсус наконт агульнай крытыкі капіталізма: тонкасці эканомікі, узаемадзеянне рамачных умоў фінансавай палітыкі і паводзінаў людзей цікавілі іх у апошнюю чаргу. У ролі галоўных тэмаў рамана яны выглядалі нецікавымі і сухімі.

Сусветны эканамічны крызіс як стымулятар творчасці

У Германіі няма сэнсу шукаць такую кнігу, як  «Чысцец марнасцей» («Fegefeuer der Eitelkeiten») амерыканскага пісьменніка Тома Вольфэ, якая паядноўвае кальпартаж з аналізам грамадства і кампетэнтным паказам механізмаў біржы. Эрнст-Вільгельм Хэндлер, які, будучы бізнэсоўцам, грунтоўна разглядае ўплыў эканомікі на наша жыццё – яго творчасць уяўляе сабой падрабязны разгляд капіталізма – у нямецкай літаратуры застаецца выключэннем.  Ханс Хрыстаф Бух, які адкрыў для нямецкай літаратуры шмат сцэнаў т. зв. «трэцяга свету», альбо Ілья Траянаў, чыім раманам не адмовіш у блізкасці да яго артыкулаў і эсэ, належаць да нямногіх аўтараў, якія імкнуцца пазнаёміць чытачоў са светам па-за межамі мэйнстрыму, дэманструючы пры гэтым вялікую вытрымку. Аднак іх поспех на рынку застаецца сціплым.
 
Спатрэбіўся шок, выкліканы сусветным фінансавым крызісам 2008 года, каб абудзіць у вялікай колькасці аўтараў інтарэс да эканамічных працэсаў і паказаць іх значэнне для партнёрскіх сувязей, сем’яў, малых гарадоў і прадпрыемстваў. Аднак хвалі адпаведных раманаў не было. У сваім рамане «Лепшае жыццё» («Das bessere Leben») Ульрых Пельцэр паказвае двух герояў, якія зарабляюць свае грошы ў глабальнай эканоміцы. У сваім вельмі складаным рамане аўтар адмаўляецца ад спосабу апавядання, які б лёгка ўспрымаўся, і таму рэалізуе свой аналітычны патэнцыял толькі часткова. Амаль адзінадушная хвала крытыкаў была адрасаваная ў асноўным яго літаратурнай канструкцыі.

Канвенцыйныя тэхнікі апавядання vs. літаратурныя рубрыкі

Калі паглядзець на першыя месцы ў спісах бестселераў, то нельга заўважыць рэпалітызацыю апавядання. Тут дамінуюць гісторыі, у цэнтры ўвагі якіх знаходзяцца героі, лёсы сем’яў альбо параў. Такой аўтарцы, як Юлі Цэ ўдаецца абудзіць інтарэс вялікай колькасці чытачоў, ствараючы раманы, напісаныя рэалістычна і натуралістычна. Дзеянне яе рамана «Людзям ніжэйшага гатунку» («Unterleuten»), які выйшаў у 2016 годзе, адбываецца ў адной брандэнбургскай вёсцы. Пры гэтым яна стварае класічную панараму грамадства, характэрную для рэалістычнага рамана, выкарыстоўваючы пры гэтым інструментар сучаснай сацыялогіі. Магчыма, кніга стала папулярнай, дзякуючы канвенцыйным тэхнікам апавядання, у той час, калі Ульрых Пельцэр альбо Ілья Траянаў могуць у першую чаргу лічыцца ўлюбёнцамі літаратурнай крытыкі.
 
Магчыма, так праяўляецца тэндэнцыя «Назад у палітыку!», якая, будучы ўлюбёным праектам літаратурных рубрык газет, застаецца прытокам шматлікіх – тых што існуюць побач адна з адной – плыняў у сучаснай нямецкай літаратуры, які робіцца то шырэй, то вузей. Не большае, але і не меншае.