Праца ў галіне сувязей з грамадскасцю ў невялікіх бібліятэках Смеласць супрацоўнічаць

Дзірк Вісэн
Дзірк Вісэн | Фота (фрагмент): © privat

Прапановы невялікіх бібліятэк часта не дастаткова вядомыя грамадскасці. Дзірк Вісэн распавядае ў інтэрв’ю пра магчымасці больш эфектыўнай прэзентацыі паслуг бібліятэкі на тле іншых адукацыйных і культурных прапаноў горада.

Спадар Вісэн, чаму сувязі з грамадскасцю важныя менавіта для невялікіх бібліятэк?

Калі вялікія бібліятэкі часта маюць уласны аддзел па сувязях з грамадскасцю, то невялікім бібліятэкам не хапае не толькі грошай і супрацоўнікаў, але і смеласці альбо веры ў сябе, каб займацца піарам. Аднак існуюць выдатныя магчымасці ажыццяўляць праекты, не маючы вялікага бюджэту альбо дадатковай колькасці супрацоўнікаў – так, каб іх заўважалі СМІ і адбываўся розгалас у сацсетках. Што тычыцца сувязей з грамадскасцю, то неабавязкова ладзіць дарагія рэкламныя кампаніі, можна шмат чаго дасягнуць, праводзячы файныя акцыі, якія ўключаюць міжасабовыя дачыненні. У фокусе ўвагі павінна быць супрацоўніцтва.

100 дзён – 100 свечак

Ці можаце Вы назваць прыклады ўдалых акцый з Вашай уласнай прафесійнай практыкі?

У першыя 100 дзён працы я – новы дырэктар гарадской бібліятэкі – запрасіў на філіжанку экспрэса і размову 100 асобаў адукацыйнай і культурнай сцэны горада, пачынаючы з бурмістра і сканчаючы тэхнікам. У выніку гэтай акцыі паўсталі шматлікія сувязі. У 100-ы дзень я арганізаваў прыём для публікі. Да гэтага ў мяне ў гасцях было шмат журналістаў, таму СМІ былі задзельнічаны і паінфармаваны. Такім чынам было вырашана пытанне аб асвятленні прыёма ў пазітыўным ключы.
 
Яшчэ адзін прыклад паспяховай піар-акцыі – гэта супрацоўніцтва з мастачкай, якая працуе са святлом – яна аздабляла вясковы фэст свечкамі. Я папрасіў яе ўпрыгожыць свечкамі таксама і фасад нашай бібліятэкі. Мы паставілі свечкі на ўсе лавы перад вокнамі. Група асобаў, якія працавалі на грамадскіх пачатках, клапацілася аб бяспецы ў абыходжанні з адкрытым агнём. Мы запрасілі фатографаў, у выніку чаго з’явіліся выдатныя фатаграфіі акцыі, якія зрабілі добрае ўражанне на публіку. Сітуацыя нагадвала флэш-моб: «Заходзьце, сёння вечарам нешта будзе».

Супрацоўніцтва – гэта інструмент працы па сувязях з грамадскасцю

Як сама бібліятэка можа зрабіць свой унёсак у працу па сувязях з грамадскасцю?

Толькі шляхам супрацоўніцтва: незалежна ад таго, ці гэта мерапрыемства, паведамленне для прэсы альбо нейкая акцыя, бібліятэка павінна заўсёды шукаць партнёраў. Можна павучыцца кампетэнцыям у іншых устаноў, здабыць новы досвед і скарыстацца са звычайных сінэргетычных эфектаў. Такім чынам перад грамадскасцю паўстае не адна толькі бібліятэка, якая пасылае навонкі сігнал аб жаданні супрацоўнічаць. Калі вы запрашаеце мастакоў, шукаеце фатографа і каманду памочнікаў, якія працуюць на грамадскіх пачатках, то акцыя набывае належныя рамкі.

Якія ячшэ магчымасці працы ў галіне сувязей з грамадскасцю маюць невялікія бібліятэкі з абмежаванай колькасцю сродкаў?

Калі вы маеце невялікі бюджэт на мэты працы ў галіне сувязей з грамадскасцю альбо зусім не маеце ніякага, тады можна зрабіць свой унёсак у якую-небудзь кампанію, якую ладзіць арганізацыя вышэйшага ўзроўню. Тады ў межах гэтай кампаніі паведамяць пра лакальную акцыю. Думаю, што спачатку патрэбна ідэя, потым смеласць быць крэатыўнымі і матываванымі і ўрэшце неабходна рэалізаваць усё ў адпаведнасці з канцэпцыяй. Неабходна так падаць намеры і мэты, каб іх зразумелі і можна было б знайсці падыходзячых партнёраў. Гэтымі партнёрамі могуць быць працаўнікі з галіны адукацыі і культуры альбо асобы з дзяржадміністрацыі і палітыкі. Можна прапанаваць ім правесці наступную сустрэчу іх арганізацыі альбо паседжанне камісіі ў бібліятэцы. Добрай ёсць камбінацыя з адзіночных асобаў і такіх установаў-партнёраў, як школы, народныя ўніверсітэты альбо дзіцячыя садкі. Вельмі важна, каб прадстаўнікі бібліятэкі часта ўдзельнічалі ў гарадскіх прыёмах, каб паразмаўляць з вялікай колькасцю людзей. Гэта цяжка і азначае шмат камунікацыйнай працы, але вартае таго.

Якія тэмы Вы будзеце разглядаць на Вашым семінары для невялікіх бібліятэк, які прысвечаны працы па сувязям з грамадскасцю і пройдзе на Міжнародным кніжным кірмашы ў Гватэмале?

Разам з удзельнікамі семінара ў Гватэмале я буду распрацоўваць модуль для канцэпцыі праектаў працы па сувязях з грамадскасцю на аснове іх ідэй. Магчыма, неабходна будзе спачатку прааналізаваць асяродак: якія магчымасці, які бюджэт і якую кіраўнічую структуру мае канкрэтная бібліятэка? Патрэбны індывідуальны падыход да кожнай бібліятэкі.
 
Дзірк Вісэн, нар. у Мюнсцеры, Вестфалія; атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Гамбургу, Берліне і Вене; атрымаў доктарскую ступень у 2007 годзе ў Вене; тэма дысертацыі: «Будучыня бібліяграфіі – бібліяграфія будучыні». З 2008 па 2015 гг. быў дырэктарам Гарадской і рэгіянальнай бібліятэкі ў Франкфурце-на-Одэры, дзе ўвёў новую канцэпцыю працы з грамадскасцю. Сёння Дзірк Вісэн выкладае ва ўніверсітэтах – у Берліне, Гамбургу і Кёльне.