Пераклад коміксаў «Умяшанне ў графіку з’яўляецца табу»

Перакладчык коміксаў Ульрых Профрок
Перакладчык коміксаў Ульрых Профрок | Ілюстрацыя (фрагмент): © Reinhard-Kleist

Ні ў якім іншым літаратурным жанры тэксты і малюнкі так цесна не пераплецены, як у коміксах. Перакладчык коміксаў Ульрых Профрок распавядае ў інтэрв’ю пра тое, чаму з гэтай прычыны да перакладчыкаў прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні і колькі свабоды яны маюць.
 

Спадар Профрок, як Вы прыйшлі да перакладу коміксаў?
 

Першыя пераклады я зрабіў для сябе ў пачатку 1990-х гадоў у межах невялікага выдавецкага праекта. Затым усё часцей да мяне сталі звяртацца калегі, з якімі я меў сяброўскія дачыненні, і пытацца, ці не змог бы я крыху дапамагчы ім. Так гэта і пачалося.
 
Што дорыць Вам найвялікшую радасць падчас працы над перакладам?
 

На маю думку, самае прывабнае – гэта магчымасць стала працаваць з рознымі стылямі апавядання і формамі мовы. Перакладчыкі раманаў вельмі часта працуюць з адным аўтарам, у скрайнім выпадку на працягу многіх гадоў. Што тычыцца коміксаў, то тут памеры тэкстаў значна меншыя. Цягам 24 месяцаў я перакладаю каля 50 твораў розных жанраў: пачынаючы з дзіцячых кніжак, прыгодаў, фэнтэзі, навуковай фантастыкі і сканчаючы біяграфіямі і рэпартажамі.
 
Што значыць быць добрым перакладчыкам коміксаў?
 

Перакладчык павінен ведаць размоўную мову на больш прасунутым узроўні. Ён таксама павінен ведаць поп-культуру альбо пэўныя жанравыя кантэксты. Падчас працы з тэкстамі, якія перадусім маюць форму дыялогаў, ён часта змушаны далёка адыходзіць ад арыгіналу. У канцы чытач павінен думаць: так, гэта гучыць па-сапраўднаму! Што тычыцца нямецкай мовы, то перакладчык часта можа трапіць у самае пекла, бо ўласная мова мае паўночна- альбо паўднёванямецкія рысы.

Падчас перакладу штосьці губляецца

Што цяжка перакласці?
 

Многія рэчы, звязаныя з паўсядзённай культурай краіны, адкуль паходзіць арыгінал, часта вымушана губляюцца. Калі, напрыклад, на французскім курорце турысты думаюць, што пазналі двух вядомых спевакоў і затым іх жа блытаюць, то ў чытачоў гэта выклікае штосьці, што нельга рэканструяваць у перакладзе. Было б дзіўна пераблытаць, напрыклад, такіх французскіх персанажаў, як Вольфганг Петры і Вольфганг Нідэкен – што б найбольш адпавялала гэтаму выпадку ў плане зместу. У гэтым выпадку неабходна знайсці цалкам іншае рашэнне. У нямецкай мове таксама не існуе адпаведнікаў для французскай мовы былых заходнеафрыканскіх калоній. У вышэйшай ступені творчае абыходжанне з «навязанай» замежнай мовай і выразную вобразнасць гэтай мовы немагчыма адэкватна перадаць. Ні ў якім разе не павінна паўстаць уражанне, што героі як след не валодаюць «літаратурнай мовай», бо тады чытачы будуць успрымаць іх як некампетэнтных у плане мовы.
 
І як Вы вырашаеце падобныя праблемы?
 

Часцей за ўсё лепшае вырашэнне – арыентавацца на графічную інфармацыю, якую змяшчае малюнак – для таго, каб стварыць падобыя рэчы. Таму перакладчык коміксаў павінен быць дасведчаным іх чытачом. Неабходна трымаць у полі зроку графічную сукупнасць дзвюх разгорнутых старонак. Яна вызначае тэмп і рытм расповяду.
 
Якую ролю адыгрываюць падчас перакладу дызайн і афармленне?
 

Зразумела, што перакладчык коміксаў павінен улічваць месца, якое ёсць у наяўнасці. Часам праблема памеру вырашаецца шляхам змяншэння шрыфту. Умяшанне ў графіку з’яўляецца табу – выключэнні павінны быць добра абгрунтаванымі. Калі зусім не хапае месца, то трэба вырашыць, ад якой інфармацыі можна адмовіцца ў першую чаргу. Пры гэтым нельга выкінуць тое, што мае важнае значэнне для далейшай хады гісторыі.

Другая праца для здабыцця сродкаў на існаванне

Ці бывае так, што тэкст у выніку перакладу скарачаецца?
 

Вельмі рэдка пераклад атрымліваецца карацейшым за арыгінал. У падобным выпадку неабходна знайсці замену, якая будзе адпавядаць рытму, і адначасова запоўніць лішнюю белую прастору. Размеркаванне і памер тэкставых палёў – гэта важная складовая частка графічнай сукупнасці, па магчымасці яна павінна захоўвацца. Паколькі канчатковае рашэнне наконт мануальнага альбо камп’ютарнага летэрынга, памеру шрыфту і яго тыпу прымаецца лектаратам выдавецтва, канчатковы тэкст трэба, як правіла, шмат разоў перарабляць і дапасоўваць.
 
Ці хапае Вам на жыццё заробленага перакладамі?
 

Не! З улікам мізэрнай аплаты ў сферы літаратурнага перакладу зарабіць на жыццё можна толькі ў тым выпадку, калі перакладаць вялізарныя аб’ёмы. Гэта можна было б рабіць канвеерным спосабам, адмовіўшыся ад дапрацоўкі. Для дасягнення высокай якасці мне неабходна больш часу, і ён мне не аплочваецца.
 
Што Вы пажадалі б перакладчыкам у Германіі?
 

Дастойнай аплаты і павагі усім тым, хто робіць даступнай айчыннай публіцы сусветную літаратуру ў яе розных формах. Многім калегам, якія «неразумныя» альбо настолькі пасіянарныя, што прысвецяць сябе гэтай працы, у Германіі пагражае беднасць пры дасягненні старасці. Гэта горкая рэчаіснасць.
 

Ульрых Профрок

Перакладчык і гандляр кнігамі з Фрайбургу Ульрых Профрок атрымаў у 2015 годзе Прэмію для перакладчыкаў імя Марціна Віланда. Паводле меркавання журы, у сваім перакладзе з французскай мовы графічнай навелы «Quai d’Orsay» («За кулісамі ўлады») ён выкарыстаў усе моўныя рэгістры. Такім чынам, прэмія Міністэрства навукі, даследаванняў і мастацтва зямлі Баден-Вюртэмберг у памеры 12.000 еўра ўпершыню была прысуджана перакладзенаму коміксу. Ульрых Профрок мае ў Фрайбургу краму па продажы коміксаў «X фюр Y».