Нямецкія коміксы Скачок у жаночую і дыгітальную эпоху

Інтэрнэт-комікс Катарыны Грэве «Шматпавярховы дом»
Інтэрнэт-комікс Катарыны Грэве «Шматпавярховы дом» | Ілюстрацыя (фрагмент): © Katharina Greve/www.das-hochhaus.de

Нямецкія коміксы карыстаюцца папулярнасцю як у крытыкаў, так і ў публікі. У трэндзе перш за ўсё такія тэмы, як гісторыя сучаснасці, новыя формы апавядання, а таксама коміксы мастачак.
 

Выглядае, што 2016 год будзе мець асаблівае значэнне для нямецкіх коміксаў. Бо падчас уручэння важнай Прэміі Макса і Морыца на Міжнародным салоне коміксаў у Эрлангене адначасна адбылося шмат незвычайных рэчаў. Ужо па спісе з 24 твораў-намінантаў можна было заўважыць, што часы змяніліся. Бо на працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў кандыдатамі на атрыманне прэміі былі часцей за ўсё імпартаваныя коміксы з ЗША і франкамоўных краін. Аднак у 2016 годзе большасць намінаваных на прэмію коміксаў складалі нямецкамоўныя ўласнай вытворчасці. Тым самым канчаткова састарэла часта ўжываная ў гэтым асяродку ацэнка Германіі  «як краіны коміксаў, якая развіваецца».

Коміксы – справа жаночая

Барбара Елін стала «найлепшай нямецкамоўнай стваральніцай коміксаў 2016 года» Барбара Елін стала «найлепшай нямецкамоўнай стваральніцай коміксаў 2016 года» | Фота (фрагмент): © Internationaler Comic-Salon Erlangen/Erich Malter Падобным чынам кідаецца ў вочы той факт, што ў стварэнні амаль траціны ўсіх твораў са спісу намінантаў бралі ўдзел мастачкі. Гэта таксама рэкордны паказнік, дасягненне якога падавалася немагчымым яшчэ некалькі год таму. Узнагароды ва ўсіх катэгорыях, дзе дасягнулі поспеху нацыянальныя стваральнікі коміксаў, за выключэннем адной атрымалі мастачкі. Ужо ў трэці раз тытул «найлепшага нямецкамоўнага стваральніка коміксаў» атрымала жанчына. Пасля таго як ў 2012 і 2014 гадах былі ўзнагароджаныя Ізабель Крайц і Улі Луст, жаданая нямецкая прэмія ў галіне коміксаў была ўручана Барбары Елін.
 
Жыхарка Мюнхена нядаўна прадставіла «Ірміну» («Irmina») – гісторыю пра згубленыя шанцы ў часы нацыянал-сацыялізму. Елін натхнілі перажытыя яе бабуляй падзеі. Пры гэтым Ірміна не з’яўляецца выбітнай гераіняй, яна дапасоўваецца да жыцця пры нацыянал-сацыялістах і дзейнічае надзвычай (жудасна) нармальна.
«Ірміна» Барбары Елін – гэта гісторыя пра пра згубленыя шанцы ў часы нацыянал-сацыялізму «Ірміна» Барбары Елін – гэта гісторыя пра пра згубленыя шанцы ў часы нацыянал-сацыялізму | Ілюстрацыя (фрагмент): © Barbara Yelin/Reprodukt

Гісторыя сучаснасці дамінуе

Крытыка ўхвальна сустрэла «Ірміну» – твор таксама стаўся бестселерам для публікі. Такім чынам, графічная навела выступіла часткай новага шэрагу коміксаў, прысвечаных падзеям нямецкай гісторыі 20-га стагоддзя. У коміксе «Краіна дзяцей» («Kinderland») берлінскі мастак Мавін паказвае сваё штодзённае жыццё ў часы дзяцінства ва Усходняй Германіі. У чытачоў з’яўляецца пры гэтым вельмі дакладнае ўяўленне аб падзеях года, у які быў разбураны Берлінскі мур.

Стваральніца коміксаў Біргіт Вайне вырасла ў Афрыцы  Стваральніца коміксаў Біргіт Вайне вырасла ў Афрыцы | Фота (фрагмент): © Avant-Verlag Яшчэ больш невядомага з часоў ГДР можна адкрыць для сябе у коміксе «Звар’яцелыя немцы» («Madgermanes») Біргіт Вайне. Звар’яцелымі немцамі называюцца нанятыя ў Мазамбіку работнікі, якія прыбылі ў ГДР у 1970-х гадах, і якім пасля 1990 года не было дазволена застацца ў аб’яднанай Германіі. Вярнуўшыся назад у Афрыку, многія з ліку соцен тысяч людзей адчувалі сябе падманутымі – гэта тычылася і будучыні, і вялікай часткі заробку, які яны ашчадзілі ў часы ГДР. Крыўда, на якую звярнула ўвагу стваральніца коміксаў, якая сама вырасла ў Афрыцы.

Публікацыі ў сеціве

За твор «Звар’яцелыя немцы» Біргіт Вайне атрымала Прэмію Макса і Морыца 2016 года ў катэгорыі «Найлепшы нямецкамоўны комікс». За «найлепшы стрып» (англ. «Comic-Strip» – адзін з фарматаў коміксаў – Заўв. пер.) была ўзнагароджана Катарына Грэве. Традыцыйна гэта была катэгорыя газетных коміксаў. Аднак у 2016 годзе журы пашырыла катэгорыю стрыпаў, уключыўшы ў яе публікацыі ў сеціве. Многія апублікаваныя ў сеціве творы маюць як змястоўную, так і фармальную мастацкую блізкасць да класічных стрыпаў. Таксама і ў інтэрнэце многія коміксы публікуюцца кароткімі часткамі.

За твор «Звар’яцелыя немцы» Біргіт Вайне атрымала Прэмію Макса і Морыца 2016 года ў катэгорыі «Найлепшы нямецкамоўны комікс» За твор «Звар’яцелыя немцы» Біргіт Вайне атрымала Прэмію Макса і Морыца 2016 года ў катэгорыі «Найлепшы нямецкамоўны комікс» | Ілюстрацыя: © Birgit Weyhe/Avant-Verlag
Менавіта гэта і робіць Катарына Грэве, чые стрыпы, якія заладоўваюцца штотыдня, выступаюць у ролі паверхаў, з якіх яна будуе цэлы віртуальны дом. Таму яе інтэрнэт-комікс называецца «Шматпавярховы дом: 102 паверхі жыцця» («Das Hochhaus – 102 Etagen Leben»). Праца шляхам стварэння эпізодаў дае ёй магчымасць стварыць шырокі абсяг расповяду і адрэагаваць на актуальныя грамадскія падзеі – такія, як крызіс з уцекачамі. «У 2017 годзе шматпавярховы дом павінен быць скончаны», – паведаміла Грэве.

Папярэдняя прэзентацыя ў сеціве

Распаўсюд уласных твораў у інтэрнэце ў першую чаргу дае магчымасць заявіць пра сябе невядомым стваральнікам коміксаў. Так, мастак з Саарланду Эрык пачаў стварэнне ў сеціве твору «deae ex machina», дзе супрацьпастаўляе містычныя элементы тэхнічным і грамадскім зменам у першай палове 20-га стагоддзя. Толькі пасля таго, як публікацыя ў інтэрнэце прыцягнула да сябе пільную ўвагу, класічна зробленая серыя была надрукавана ў папяровым часопісе і выйшла ў свет як альбомная ў адным з выдавецтваў. Творы, якія пазней у форме графічных навел сталі паспяховымі ў кніжным гандлі – а гэта «Сёння апошні дзень рэшты твайго жыцця» («Heute ist der letzte Tag vom Rest deines Lebens») Улі Луста альбо «Мод на ровары» («Fahrradmod») Тобі Дамена – спачатку былі апублікаваны ў інтэрнэце. Для такіх твораў, якія складаюцца з многіх сотняў старонак, адразу складана знайсці выдавецтва, іх стварэнне доўжыцца гадамі. Папярэдняя прэзентацыя ў інтэрнэце дазваляе дасягнуць першага рэзанансу сярод публікі падчас доўгай працы над выпускам твора.

«Мод на ровары» Тобі Дамена ўпершыню быў апублікаваны ў сеціве «Мод на ровары» Тобі Дамена ўпершыню быў апублікаваны ў сеціве | Ілюстрацыя: © Tobi Dahmen/Editora Carlsen

Эксперыментальныя тэхнікі апавядання

Акрамя таго, дыгітальны свет робіць магчымымі новыя тэхнікі апавядання. Пра гэта пераканаўча сведчыць «Сага свету чарвякоў» («Wormworld Saga») Даніэля Лізке. Дыгітальны комікс выкарыстоўвае «бясконцы экран». Замест таго, каб клікамі мышкі пераходзіць ад старонкі да старонкі, чытачы пракручваюць гісторыю на экране. «Саюз герояў» («Union der Helden») Арнэ Шуленберг – гэта фотакомікс пра супергерояў з Германіі – ён упрыгожаны шэрагам флэш-анімацый. А з «Дома ў часы дыгітальнай рэвалюцыі» («Zuhause während der digitalen Revolution») вынікае, што мастак Дыгірэў – ён жа Вольфганг Бюкс – укладае свае інтэрнэт-стрыпы так, што іх можна глядзець малюнак за малюнкам, аднак заўсёды стрэлкі «далей» на ўсіх палях старонак даюць магчымасць спыніць паслядоўнае чытанне і проста перайсці да іншага адгалінавання.

Будучыня пакажа, ці захаваецца такое развіццё падзей на працягу доўгага часу. Аднак тое, што нямецкія коміксы ўсё часцей вызначаюцца жанчынамі і дыгітальным светам, можа быць незваротнай хадой падзей. Яна прывядзе да значных зменаў у яшчэ вельмі мужчынскім і аналагавым нямецкім асяродку стваральнікаў коміксаў. Нават калі працэнт абароту дыгітальных коміксаў застаецца ў абсягу адназначных лічбаў, заўважна, што амаль чвэрць намінаваных на Прэмію Макса і Морыца 2016 года коміксаў упершыню была апублікавана ў сеціве. Інтэрнэт у якасці мастацкага поля для эксперыментаў можна назваць шчаслівым выпадкам менавіта для нямецкамоўных коміксаў.