Кнігі Аўтобус, з дапамогай якога я адкрыла свет

Медыя-аўтобус «BUMPER», Масква
Медыя-аўтобус унутры | Фота (фрагмент): © readymedia.com

Нішто не змяніла жыццё пісьменніцы Хаціс Акыюн так, як дуйсбургскі медыя-аўтобус. Цяпер яна сустрэла яго вынаходніка. Тэкст Хаціс Акыюн

Улетку 1978 года я ўпершыню зайшла ў аўтобус, які раз на тыдзень прыяжджаў у шахцёрскі пасёлак у дуйсбургскім раёне Марксло. Ён стаяў непадалёк ад нашага дома, спыняўся дакладна на адну гадзіну, а затым ехаў далей. Перад тым, як ён ад’яжджаў, я выходзіла. Бо гэта быў не звычайны аўтобус, а медыя-аўтобус. Мой медыя-аўтобус.
 
На вуліцах Марксло я вывучыла нямецкую мову. Я не магу ўспомніць, як, узгадваю толькі тое, што мой бацька заўсёды казаў: «Ідзі на вуліцу, пагуляй з нямецкімі дзяцьмі». Ён казаў гэта па-турэцку, дома мы не гаварылі інакш. Маё першае нямецкае слова, якое я ўспамінаю – гэта «Rotzlöffel» («саплячка»). Калі аднойчы я крала агрэст ў садзе нашай суседкі Ані, яна ўбачыла мяне і закрычала з акна: «Гэй ты, саплячка!» Я не ведала, што гэта значыць.  
 
Мне было дзевяць гадоў, калі я ўпершыню зайшла ў медыя-аўтобус. Я добра валодала нямецкай мовай у адрозненне ад маіх бацькоў, якія не ўмелі як след чытаць і пісаць нават па-турэцку. Дагэтуль мне былі знаёмыя толькі школьныя падручнікі, сапраўдную кніжку з гісторыямі я яшчэ ніколі не трымала ў руках. У нас дома на маленькай драўлянай паліцы стаяў толькі Каран, побач знаходзіўся адрыўны каляндар з гадзінамі для малітваў.
 
Ці я яшчэ вельмі малая, ці аўтобус такі вялікі? У яго нутро вядуць тры прыступкі. Унутры ля стала стаіць жанчына. «Заходзь, – кажа яна. – Дзіцячыя кніжкі вунь там». У гэтае імгненне я не ведаю, што адказаць. Я спыняюся перад адной з паліцаў, схіляю галаву набок і чытаю надпісы на бачынах кніжак. Чаго я, уласна кажучы, шукаю? Я выцягваю «Казкі братоў Грым», разгортваю кнігу, гартаю яе і шапчу сама сабе: «Жылі-былі». Потым стаўляю кніжку назад на паліцу.
 
«Ты можаш узяць яе дахаты», – гукае жанчына з іншага боку аўтобуса. Выглядае, што яна назірала за мной. У яе светла-карычневая сукенка. Не такая кароткая, як у маці маіх нямецкіх сябровак. Не такая доўгая, як сукенкі маёй маці. «Трэба, каб вось гэта запоўнілі і падпісалі твае бацькі», – кажа яна і працягвае мне картку. «Картка чытача» – пазначана ўверсе, ніжэй знаходзяцца лініі для ўнясення прозвішча, даты нараджэння і адраса. «Картку чытача неабходна заўсёды мець пры сабе» – гэта напісана ў самым нізе.
 
Радасць з нагоды адкрыцця знікае. Як мне зрабіць так, каб бацька падпісаў картку? Я кладу яе ў кішэню і расчаравана рассоўваю дзверы. Можа быць, думаю я, бацька забароніць мне чытаць іншыя, адрозныя ад Карана, кнігі.
 
Я раблю тое, што зрабіла б у падобнай сітуацыі любая дзевяцігадовая дзяўчынка: бяру асадку, крадуся ў засень лістоты нашага сада, дастаю з кішэні картку, пішу на ёй «Хаціс Акыюн»,  дату свайго нараджэння, наш адрас і падпісваю імем бацькі. Яго подпіс падрабіць няцяжка. Аднойчы я бачыла, як ён злучаў кручком літары «Р» і «А» – пачатковыя літары яго імя і прозвішча. На працягу сямі дзён я захоўвала картку пад падушкай. Штовечар я спраўджвала, ці, можа быць, яе не знайшла мая маці падчас навядзення парадку.
 
У наступны чацвер я зноў пайшла на прыпынак. Жанчына ў аўтобусе была ў зялёнай сукенцы. Калі я аддала ёй картку, яна пасміхнулася. У гэты дзень я ўзяла столькі кніжак, сколькі змагла панесці. Дома я схавала іх пад сваім ложкам. Вечарам я дастала ліхтарык і таемна чытала пад коўдрай. Мая першая кніжка называлася «Казкі 1001 ночы». Гэта былі гісторыі пра раскошныя палацы і дываны, якія маглі лятаць, пра прыгожых прынцэсаў і смелых мужчынаў. У тую ноч мне снілася Шахеразада. Яна жыла ў казачным свеце, які не існаваў. Гэта я ведала. Аднак яна мне падабалася, нават калі я і не разумела гісторыю пра яе дасціпнасць, якая дапамагла пазбегнуць смерці. Можа быць, яна была мне такой блізкай, бо з яе доўгімі чорнымі валасамі і вачамі была падобнай да мяне. Можа быць, таму, што яна мела адзенне, падобнае да таго, якое мелі жанчыны ў нашай анаталійскай вёсцы. Доўгае і зыркае, з аксаміту.
 
Мае нямецкія сяброўкі часта казалі мне, што наша сям’я дзіўная. Мой бацька прыехаў у Германію ў 1969 годзе і працаваў шахцёрам. Калі мне было тры гады, ён прывёз сюды мяне, маю старэйшую сястру і нашу маці. Мы харчуемся інакш, мы размаўляем інакш, мая маці носіць хустку. Гісторыі з кніг супакойваюць мяне. Выглядае, што ёсць дзяўчынкі, якія яшчэ больш дзіўныя, чым я. Я акунулася ў новыя сусветы. Кніга за кнігай, гісторыя за гісторыяй. «Беласнежка», «Папялушка» і «Чырвоны Каптурок», «Пяць сяброў» Энід Блайтан і томікі «Хані і Нані» – пра сясцёр-блізнятак, якія жылі ў інтэрнаце. Я не ведаю, што такое інтэрнат, і зусім не магу ўявіць таго, што дзяўчынкі майго ўзросту дабіраюцца да школы вярхом на кані. Пасля школы я мушу наведваць заняткі па вывучэнні Карана. Чытанне становіцца для мяне поглядам у свет, якога я дагэтуль не ведала. З кожнай новай гісторыяй, кожнай новай кніжкай, якую я прыношу з аўтобуса, мая нямецкая мова паляпшаецца. Часам мае аднакласнікі смяюцца з таго, як я з імі размаўляю. Яны размаўляюць на рурскім дыялекце, гавораць «mamma Fensta auf» і «mamma Tür zu» (дыялектныя формы, якія гучаць адрозна ад літаратурнай нямецкай мовы – заўв. перакладчыка). Аднак у маім новым свеце адчыняюцца вокны і зачыняюцца дзверы.
 
Кніжкі выклікаюць цікаўнасць, і гэта цікаўнасць ператвараецца ў веды. Калі я была дзіцём, я яшчэ не разумела гэтага. Мае бацькі былі непісьменныя. Яны не маглі чытаць мне ўголас гісторыі. Цяпер кожная гісторыя паказвае мне спосабы жыцця, якія не з’яўляюцца правільнымі альбо няправільнымі, але іншымі. Такія пачуцці, як каханне і сяброўства апісваюцца словамі, якіх я раней не знала. Я пытаюся ў сябе, як гэта можа быць так, што існуе нямецкая мова, якой не карыстаюцца нават мае нямецкія сябры.
 
Там, звонку, існуе свет, які для мяне з’яўляецца чужым і да якога я магу наблізіцца з дапамогай мовы. Гэта незнаёмае неверагодна моцна прыцягвае мяне да сябе. Шточацвярга я стаю на прыпынку. Часцей за ўсё яшчэ да таго, як прыедзе аўтобус. Амаль кожнага разу я – першая, хто ў яго ўваходзіць. Пасля мяне заходзяць іншыя дзеці, турэцкія мужчыны і жанчыны, якія амаль не гавораць па-нямецку, бо Марксло – гэта раён мігрантаў. Часта яны трымаюць у руках шэрыя канверты – лісты з органаў адміністрацыі, якія яны не разумеюць. Людзі з аўтобуса ветлівыя, яны перакладаюць іх. Мае бацькі не прыходзяць ніколі, бо лісты для іх перакладаю я. Я перакладаю у лекара і ва ўнівермагу. Для гастарбайтэраў аўтобус ператвараецца ў перасоўны аддзел сацыяльнага кансультавання. Супрацоўнікі становяцца перакладчыкамі і сацыяльнымі работнікамі, аказваюць садзеянне, наколькі гэта магчыма.
 
Я была ўжо дарослай, калі сказала свайму бацьку пра тое, што падрабіла яго подпіс, каб атрымаць картку чытача. Ён смяяўся, калі я распавядала яму пра гэта.
 
Аўтобус, кніжкі, кабета ў сукенцы. Раптам успаміны зноў паўстаюць перада мной. Разам з тым з тае пары мінула амаль 40 гадоў. Узгадаць пра медыя-аўтобус прымушае выступ на тэлебачанні. 30 лістапада 2015 года я з’яўляюся госцяй на адным ток-шоў, якое транслюецца на «3sat», публічна-прававым канале, у адзін з панядзелкаў, а 23:10. Хто будзе гэта глядзець у такі час? 
 
Вядоўца вельмі ўражаны маёй «вартай увагі нямецкай мовай». Я адчуваю сябе канём з цырку, якога дэманструюць у якасці яскравага прыклада паспяховай інтэграцыі ў грамадства на інтэграцыйным манежы. Падчас перадачы я распавядаю пра медыя-аўтобус, пра тое, як я адкрыла яго для сябе, калі была дзіцём, і пра тое, як ён паўплываў на фармаванне майго пачуцця нямецкай мовы. Гэта не нова, пра гэта я ўжо гаварыла вельмі часта. У інтэрв’ю, у сваіх кнігах. А вось гэтым разам я атрымліваю мэйл пасля паказа перадачы. 
 
«Вы ўзгадалі сустрэчу з кнігамі ў дуйсбургскім медыя-аўтобусе. Гэта вельмі кранула мяне. З вельмі асабістай прычыны. У 1970-х гадах я быў работнікам Міністэрства адукацыі Бона, паклікаў да жыцця і фінансаваў бібліятэку на колах у Дуйсбургу, яна была ўзорным праектам. Цяпер, калі я бачу, што Вы зрабілі кар’еру, і ўсведамляючы, што зрабіў у гэта невялікі ўнёсак, я вельмі моцна рады. Такім чынам інвестыцыя спрычынілася да паўстання чагосьці добрага. Сардэчныя вітанні ад Эрхарда Шультэ, якому ўжо споўнілася 77 гадоў».
 
Маё дзяцінства, наш шахцёрскі пасёлак, аўтобус – паўстае адразу шэраг вобразаў. Хто гэты чалавек, ідэя якога спрычынілася да таго, што сёння я магу працаваць у якасці пісьменніцы, што нямецкая мова сталася маёй роднай мовай? Я павінна сустрэцца з ім і пішу яму адказ.
 
Праз шэсць тыдняў я стаю ў Дуйсбургу на прыпынку, да якога неўзабаве павінен пад’ехаць медыя-аўтобус. Ён па-ранейшаму існуе. А прыпынак знаходзіцца за сто метраў ад месца, дзе я раней заходзіла ў яго. Былых крамаў, двухпавярховых шахцёрскіх дамоў з дагледжанымі садамі больш няма, няма таксама і шахцёраў. Адзінае, што не змянілася – гэта коміны, якія шумяць, нябёсныя дэкарацыі з высокімі пячамі.
 
На мяжы тысячагоддзяў, калі мне было крыху за трыццаць, я пакінула Дуйсбург. Не з-за таго, што я абавязкова хацела з’ехаць, не з-за аднастайнасці. Не, бо Дуйсбург пакідаў мне праз усё жыццё вельмі няшмат магчымасцей і дазваляў толькі абмежаваную прастору, якая цісне на цябе, калі ты пабачыў вялікі шырокі свет.
 
«Вітаю, фраў Акыюн!» Я абарочваюся. Эрхард Шультэ вельмі высокі, мае ветлівы твар з дагледжанымі невялікімі вусамі – мой бацька таксама насіў такія. Апрануты сціпла: цемныя штаны з тканіны, цёмна-зялёны пуловер, вакол шыі свабодна павязаны шалік – так, як яго любяць насіць пажылыя мужчыны. Я абняла яго так, нібыта мы пабачыліся зноў пасля многіх гадоў расстання.
 
«Тут паблізу павінен знаходзіцца вялікі мячэт», – кажа ён. Ён стаіць тут на тэрыторыі былога цэхавага пасялення нібыта ўзяты з «Тысячы і адной ночы»: вялікі, раскошны, нібыта скінуты проста з неба. Яго называюць «цудам марксло». Цудам, таму што ў 2008 годзе, калі ён быў пабудаваны, абыйшлося без дэманстрацый і ўзбуджаных сходаў грамадзянаў. Шультэ ніколі не быў у ім і я прапаную яму паказаць яго. І вось ужо ён стаіць у цэнтры малельнай залы – у шкарпэтках, цікаўны, зацікаўлены і пільны. Так сама, як я ў першы раз у медыя-аўтобусе. «Мячэт – гэта не толькі дом малітвы, але і месца сустрэчы, – кажу я. – Як калісьці аўтобус». Ён пасміхаецца. Я распавядаю яму, як, будучы дзіцём, хадзіла ў мячэт, які знаходзіўся ў абшарпаным арэндным доме. Як мы гадзінамі сядзелі ў пустым памяшканні, якое часьцей было халодным, бо вугаль у печцы амаль ніколі не гарэў. Як я вывучыла арабскія літары, але нягледзячы на гэта, так і не зразумела Каран.
 
Мы пайшлі назад да прыпынку. У канцы 1950-х гадоў Марксло быў заможным дзелавым раёнам, гер Шультэ таксама ведае гэта. Яго называлі «Маленькая Амерыка», бо тут было шмат крамаў, дзе прадавалі шубы і ювелірныя вырабы. Вытворчасць сталі і вугалю квітнела. Прыбывала шмат гастарбайтэраў: спачатку гэта былі італьянцы, потым іспанцы, грэкі і, урэшце, туркі.
 
Сёння Марксло называюць «Мекай вяселляў». Крамы, дзе прадаюцца модныя вясельныя ўборы і залатыя ўпрыгожанні, студыі вясельных фатографаў і цырульні напаўняюць Весэлер штрасэ, якая знаходзіцца непадалёк ад прыпынку. Яны належаць дзецям і ўнукам турэцкіх гастарбайтэраў. Можна падумаць, што ім не прыйшло ў галаву нічога іншага, як, жывучы ў Германіі, трымацца традыцый сваёй радзімы. Аднак гэта не так. Яны прапануюць паслугі там, дзе на іх ёсць попыт. Турэцкія супермаркеты, пякарні і закусачныя вызначаюць новы вобраз Марксло. Толькі філіял ашчаднай касы парушае атмасферу. Калі тут жыла я, супермаркет называўся «Шэцляйн», мясныя лаўкі – «Шмідынг» і «Дыксэн», а пякарні – «Вайхт» і «Гірберт». Існаваў дансінг «Дамшэн» і піўнушка «Ханза». Кветкі мы куплялі ў краме «Блумэн Кругер».
 
Урэшце пад’яжджае аўтобус. Гэта перароблены маршрутны аўтобус, як і раней пафарбаваны ў белы і сіні колеры, аднак ён падаецца значна меншым. У ім няма прыступак, бо ён безбар’ерны. Я зазіраю ў дзіцячы куток, каб спраўдзіць, ці ёсць там старыя кніжкі – знаходжу «Хані і Нані». Шрыфт новых кніжак больш сучасны, старонкі зроблены з крапчэйшай паперы, а колер вокладкі не такі размыты, як я ўзгадваю. «Кніжка да кінафільма» – пазначана рознакаляровымі літарамі на вокладцы. Маё дзіцячае ўзрушэнне даўно ўлятучылася, яно саступае месца ацверазенню. Легенда мінулага, паводле якой я засвоіла ўвесь змест ад коркі да коркі, саступае месца ўсведамленню, што паводзіны чытачоў відавочна дапасаваліся да прагрэсу: калі раней я разам з аўтобусам выпраўлялася ў чужыя сусветы, і старонка за старонкай ува мне паўставалі пытанні, адказы на якія я павінна была шукаць сама, то ў новым медыя-аўтобусе прадастаўляецца безліч адказаў у форме кампакт-дыскаў, DVD і планшэтаў.
 
Сёння штогадовыя выдаткі на аўтобус у Дуйсбургу складаюць каля 100.000 еўра. Ад аўторка да пятніцы ён робіць 34 прыпынкі – усе непадалёк ад школ. За мінулы год было выдадзена каля 35.000 кніг. Аднак ніякая статыстыка не можа даць адказ на пытанні аб тым, у якой ступені былі пашыраны кругагляды, наколькі шмат было абуджана жаданняў адкрыць штосьці новае.
 
Я запрашаю гера Шультэ на абед. Турэцкая закусачная належыць былому школьнаму таварышу. Бізнэс ідзе добра, тут вялікі выбар, ёсць і донэр-кебабы. Гер Шультэ з замілаваннем назірае за тым, як мяняецца мая мова, жэстыкуляцыя і гучнасць голасу, калі я замаўляю нам ежу па-турэцку. Затым ён паказвае мне адну фатаграфію. На ёй ён у садзе міністэрства, яму крыху за трыццаць, рукавы белай кашулі закасаныя, ён мае чорны гальштук, у руцэ люлька – многія палілі ў часы Бонскай Рэспублікі, каб выглядаць больш сур’ёзна. Падчас спажывання адана-кебабу і аырану я даведваюся, як ён стварыў у Дуйсбургу медыя-аўтобус.
 
Летам 1969 года ён сядзеў у сваім працоўным кабінеце ў Боне. Ён быў рэферэнтам па пытаннях павышэння кваліфікацыі Федэральнага міністэрства адукацыі, быў час прарыва. Паўстаюць аб’яднаныя школы, вакол якіх разгараецца ідэалагічная дыскусія – яна працягваецца і сёння. Галоўная школа – для тых, хто будзе працаваць фізічна, рэальная школа – для тых, хто добра вучыцца, а гімназія – для кіраўнікоў заўтрашняга дня. Для многіх гэта больш не адпавядае сучаснасці. Універсітэты паўсюль нарошчваюць свае магутнасці, ствараюцца тэхнічныя ВНУ, другі адукацыйны шлях павінен адчыніць дзецям з простых сямей браму ў лепшую будучыню. Неба па-над Рурскай вобласцю яшчэ не блакітнае, аднак крызіс сталевытворчай і вуглездабываючай індустрыі абвяшчае пра канец прамысловай эры. Таму федэральныя землі ахвотна звяртаюцца па дапамогу ў агульнанацыянальныя бюджэты. Федэральны ўрад у сваю чаргу хоча мець большы ўплыў, таксама і ў адукацыйнай палітыцы.
 
Шультэ распавядае, што часта чуў непрыемнае пра сваю краіну і яе мінулае. Напрыклад, калі ён быў маладым чалавекам, ён пазнаёміўся ў Іспаніі на пляжы з адной дзяўчынай, якая сказала яму: «З немцамі я не хачу мець ніякіх спраў». Гэта было балюча. Гістарычныя веды неабходна кампанаваць так, каб паўставала маральная свядомасць. «Неадукаваных людзей лягчэй падмануць», – кажа ён. Сустрэча з чужаземцамі ва ўласнай краіне – гэта заўсёды першы крок да талерантнасці.
 
Медыя-аўтобусы ўжо даўно існуюць ува многіх федэральных землях, аднак па-за гарадамі іх практычна не знойдзеш. У 1971 годзе Шультэ рэалізуе свой праект пад назвай «Бібліятэка на колах». Гэта аўтобус, які ездзіць па сельскіх грамадах. На працягу трох гадоў ён ездзіць па Германіі, нясе адукацыю туды, дзе мала што адбываецца. Потым праект падыходзіць да свайго завяршэння. Эрхард Шультэ атрымлівае рашэнне, згодна з якім трэба прадаць аўтобус, а сродкі ад яго продажу накіраваць у федэральны бюджэт. «Аднак у мяне быў іншы план. Я хацеў накіраваць яго ў Марксло». Ён ніколі не быў у Марксло, але гэты раён горада ўжо тады быў вядомы дзякуючы таму, што там жыло шмат турэцкіх гастарбайтэраў са сваімі сем’ямі. Калегі Шультэ па міністэрству смяяліся з яго, кажучы, што ён адказны за тых, каму вучоба даецца цяжка. Аднак падобныя ўколы толькі матывавалі яго. І вось перамога: у 1974 годзе міністэрства выдаткавала на праект 400.000 нямецкіх марак. Праз тры гады выдаткі на праект узяў на сябе горад. 
 
Тое, што Шультэ атрымаў сродкі на аўтобус, было выпадковасцю. Адказны чыноўнік з міністэрства фінансаў аднойчы чакаў у Мюнхене таксоўку, як раз непадалёк ад яго спыніўся медыя-аўтобус, людзі рынулі ў яго. Для чыноўніка гэта было добрым знакам. «Планаванне ў тыя часы – кажа Шультэ – часта залежала ад падобных выпадковасцей».
 
Трэба спадзявацца, што сёння таксама шмат падобных Шультэ. Калі дзеці людзей, якія як раз прыбываюць да нас, хутка будуць гаварыць па-нямецку, а праз некалькі гадоў стануць часткай нас, мы зразумеем значнасць такіх Шультэ для гэтай краіны.
 
Сённяшняму дуйсбургскаму аўтобусу ўжо 19 гадоў, хутка ён можа разваліцца. Незаможны горад урэшце заказаў новы. І ў будучыні ў дзяцей будзе шанец узяць у рукі кніжкі – так як калісці ў мяне. Калі б не было першага медыя-аўтобуса, то маё жыццё склалася б інакш. Калі б яго не было, то я не навучылася б паглыбляцца ў кніжкі, рабіць высілкі. Я павінна быць удзячнай многім выпадковасцям за тое, што аднойчы ён з’явіўся на маёй вуліцы і, перш за ўсё, Шультэ.