Дыгітальныя здзекі Супраць нянавісці ў сеціве

Кібермобінг: ад яго пакутуюць многія
Кібермобінг: ад яго пакутуюць многія | Фота (фрагмент): © Clark and Company/iStock

Кібермобінг і здзеклівыя каментары ў сеціве маюць цяжкія наступствы для ахвяр і стымулююць далейшую агрэсію. Моўны гвалт у сеціве прымушае палітыкаў і праваахоўнікаў ў Германіі ўмяшацца ў гэту справу.
 

Спачатку гэта выглядае як нявінны жарт з адной нямецкай ратушы: жанчына-камунальны палітык з Вільгельмсхавена звінаваціла обербургамістра горада ў тым, што ў яго была пазашлюбная сувязь. Асаблівым было тое, што яна зрабіла гэта ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. Выпадак дайшоў да суду, кабеце быў прысуджаны штраф. У прысудзе было напісана, што з-за публічнага папроку інтымная і прыватная сферы обербургамістра «моцна пацярпелі».
 
Павялічваецца значнасць кібермобінгу як праблемы. Самае падступнае – гэта яго асаблівая дынаміка: мобінг у сеціве цяжка кантраляваць, змест – а гэта зняважлівыя каментары, кампраметуючыя фатаграфіі альбо грубыя абразы – можа імгненна распаўсюджвацца. Акрамя таго, ён можа быць захаваны альбо зменены ў любы час і паўсюль.

Закрануты амаль кожны пяты маладзён

Асабліва распаўсюджаны гэты фенамен сярод моладзі. «Ты дастаў, памры!» альбо «Ты такі страшны»: амаль кожны пяты нямецкі маладзён атрымліваў падобныя абразы ў сеціве. Гэта выснова была зроблена пасля правядзення ў 2015 годзе даследавання тэлекамунікацыйнай кампаніі «Вадафон» і Інстытуту вывучэння грамадскай думкі «YouGov». Пры гэтым каля 34 працэнтаў апытаных паведамілі, што хтосьці з іх сяброў альбо чальцоў сям’і хоць раз зазнаў мобінг у сеціве.
 
Але як паказаў выпадак з Вільгельмсхавена, таксама і дарослыя не абаронены. Паводле вынікаў інтэрнэт-апытання Звязу супраць кібермобінга ў 2014 годзе 8 працэнтаў нямецкіх дарослых былі ахвярамі падобных абразаў. Часцей за ўсё гэта тычылася жанчын. У бальшыні выпадкаў справа не абмяжоўваецца адным нападам, амаль 40 працэнтаў мобінгавых нападак доўжацца больш за год. Калі ахвяры пакутуюць ад зменаў асобы, дэпрэсіі альбо суіцыдальных думак, то кожны трэці кібермобер паведамляе, што здзекуецца, «каб пазабаўляцца».

Абразы ўцекачоў і тых, хто іх падтрымлівае

Яшчэ адной формай моўнага гвалту ў сеціве з’яўляецца т. зв. мова нянавісці. У адрозненне ад кібермобінгу яна накіравана не супраць пэўнай асобы, а супраць якой-небудзь групы. Перш за ўсё у сувязі з дыскусіяй аб уцекачах у Германіі усё часцей ксенафобы-карыстальнікі сеціва паслугуюцца агрэсіўнай мовай і патрабуюць прымянення гвалту. Выкладчык мовазнаўства Вольнага ўніверсітэту Берліну Анатоль Стэфановіч апісвае небяспечны прынцып: «Мова нянавісці – гэта не толькі праблема камунікацыі альбо распаўсюду, падтрымкі, апраўдання нянавісці ці закліку да яе. Яна задзейнічана ў стварэнні нянавісці і неабходных для яе шаблонаў мыслення».
 
Распаўсюд поўных нянавісці паведамленняў праз інтэрнэт прымусіў міністра юстыцыі Германіі Хайко Мааса ў 2015 годзе стварыць сумесна з Фэйсбукам т. зв. «сілы спецыяльнага прызначэння», якія складаюцца з інтэрнэт-правайдараў і арганізацый грамадзянскай супольнасці. «Ксенафобскія і расісцкія паведамленні, якія парушаюць законы, павінны хутка і поўнасцю знікнуць з сеціва, – заявіў Маас. – Свабода слова бароніць таксама і брыдкія, безгустоўныя і жудасныя выказванні. Аднак зразумела, што мяжа праходзіць там, дзе гаворка ідзе пра заклікі да гвалту альбо нападкі на чалавечую годнасць, што караецца як распальванне міжнацыянальнай нянавісці».

Дапамога прыходзіць таксама з інтэрнэту

Многія назіральнікі і пацярпелыя лічаць, што падобных ініцыятыў недастаткова. Паводле вынікаў даследавання Звязу супраць кібермобінга, пераважная большасць апытаных патрабуе больш жорсткіх прававых мераў. Многія формы змяшчаючых нянавісць каментароў, пачынаючы ад абразаў і сканчаючы вымагальніцтвам, ужо прапісаны ў крымінальным кодэксе. Гэта дае паліцыі магчымасць праводзіць мэтанакіраваныя акцыі супраць тых, хто піша каментары нянавісці. У ліпені 2016 года падчас агульнанацыянальнай аперацыі адбыліся ператрусы ў 60 кватэрах меркаваных аўтараў каментароў нянавісці. «Аперацыя засведчыла, што паліцыя рашуча змагаецца супраць здзекаў у сеціве, – заявіў старшыня Камітэту крымінальнай паліцыі Хольгер Мюнх. – Мы павінны супрацьстаяць згаршэнню мовы і паслядоўна змагацца з недазволеным кантэнтам у сеціве». Толькі ў адной федэральнай зямлі Саксонія ў першай палове 2016 года было заведзена больш за 200 спраў у звязку з распальваннем міжнацыянальнай нянавісці і дэманстрацыяй гвалту ў сеціве. У зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія падобнымі выпадкамі займаецца спецыяльнае падраздзяленне паліцыі па барацьбе з кіберзлачыннасцю.
 
Медыя-сродак, праз які транслюецца нянавісць – інтэрнэт – адначасова з’яўляецца важнай крыніцай дапаможнай і кансультатыўнай інфармацыі. Сеціва прапануе падтрымку па тэмах «кібермобінг» і «мова нянавісці» і для дзяцей, і для моладзі і для дарослых. Важнай арганізацыяй з’яўляецца аб’яднанне «Бяспечны інтэрнэт» («Safer Internet»). У ліпені 2016 года ў сеціве ў межах кампаніі Рады Еўропы з’явіўся сайт «Не мове нянавісці» («No Hate Speech»). У Германіі яго каардынацыю ажыццяўляе арганізацыя «Новыя нямецкія стваральнікі медый» («Neue Deutsche Medienmacher»), якая з’яўляецца аб’яднаннем журналістаў і іншых працаўнікоў медый, якія маюць розную культурную прыналежнасць. Сайт павінен аказваць падтрымку ў першую чаргу моладзі, якая сутыкаецца з каментарамі нянавісці ў інтэрнэт-СМІ і сацыяльных сетках.