Паспяховы раман для моладзі «Чык» цяпер і на вялікім экране

Майк і Чык знаёмяцца з Германіяй на крадзенай «Ладзе»
Майк і Чык знаёмяцца з Германіяй на крадзенай «Ладзе» | Фота (фрагмент): © Reiner Bajo

Раман для моладзі Вольфганга Херндорфа «Чык» ужо існуе ў форме аўдыёкнігі, ілюстраванага рамана і тэатральнай пастаноўкі. Рэжысёр Фаціх Акін экранізуе матэрыял – чаканні вельмі вялікія.
 

З моманту выхада «Чыка» («Tschick») Вольфганга Херндорфа ў верасні 2010 года гэты моладзевы раман працягвае карыстацца поспехам. Прыгодніцкая летняя гісторыя, расказаная з перспектывы адзіночкі Майка, была перакладзена на больш чым 20 моў, атрымала шмат узнагародаў, ва ўсім свеце было прададзена больш за два мільёны яе асобнікаў. Ужо даўно гэты твор увайшоў у школьную праграму, пабачыў свет у форме радыёпастаноўкі, спектакля, а цяпер яшчэ і экранізуецца.
 
Праз дакладна шэсць гадоў пасля выхаду кнігі прэм’ера фільма «Чык», рэжысёрам ягога стаўся шмат разоў узнагароджаны рознымі прэміямі Фаціх Акін («Gegen die Wand», «Soul Kitchen»), зноў прыцягнула ўвагу да твора Херндорфа. Галоўныя ролі выконваюць Трыстан Гёбель (Майк) і Ананд Батбілег (Чык). Пра тое, наколькі важным быў «Чык» для Вольфганга Херндорфа, той напісаў у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Праца і структура» («Arbeit und Struktur»): «Я пагружаюся ў гісторыю, якую пішу, так сама, як пагружаўся ў чытанне кніжак, калі мне было 12 гадоў». Аўтар, які памёр у 2013 годзе, не пабачыў, наколькі вялікім быў поспех «Чыка».

Прэм’ера опернай версіі адбудзецца ў 2017 годзе

Моц літаратурнай версіі натхніла шматлікіх дзеячоў культуры на працу з «Чыкам». Пастаноўку Роберта Каала, прэм’ера якой адбылася ў Дзяржаўным тэатры Дрэздэна ў 2011 годзе, цягам мінулых гадоў можна было пабачыць у больш чым 50 тэатрах. Тэатр «Хаген» плануе паказаць прэм’еру опернай версіі «Чыка» ў сакавіку 2017 года.

За свае ілюстрацыі да «Чыка» Лаура Альшок атрымала Прэмію для афарміцелей выдавецтва «Бюхергільдэ» За свае ілюстрацыі да «Чыка» Лаура Альшок атрымала Прэмію для афарміцелей выдавецтва «Бюхергільдэ» | Фота: © Martin Mascheski/Edition Büchergilde Акрамя таго, у чэрвені 2016 года ў выдавецтве «Бюхергільдэ» выйшла выдатна ілюстраванае выданне «Чыка». Маладая ілюстратарка Лаура Альшок атрымала за яе Прэмію афарміцеляў выдавецтва «Бюхергільдэ» 2016 года. «Раней я не ведала раман, толькі яго назва падавалася мне знаёмай», – узгадвае яна. Тым не менш, нават па-мінімалісцку выкананая стылёвая вокладка кнігі уражвае. На чорным фоне яна намалявала геаграфічную мапу з вуліцамі, дрэвамі і дамамі. Шмат разоў можна ўбачыць скрадзеную блакітную «Ладу», на якой Майк і Чык на працягу тыдня знаёміліся з нямецкай правінцыяй. «Гісторыя “Чыка” настолькі красамоўная, што для кожнай сцэны ў мяне ў галаве адразу паўставаў адпаведны вобраз», – кажа Альшок.

«Затым мне стала ясна: я хачу экранізаваць яго»

Існуе таксама шмат аўдыёверсій «Чыка». Акцёр Хано Кофлер чытае аўдыёкнігу, якая выйшла ў выдавецтве «Аргон Ферлаг», спантанна і жыва. Акрамя таго, з нагоды прэм’еры фільма ў выдавецтве «Ровальт» выйдзе шмат друкаваных і электронных кніжак пра паспяховы раман і яго аўтара. Кніга «Калі быў створаны “Чык”?» («Wann hat es ‚Tschick‘ gemacht?») упершыню змяшчае ўсе інтэрв’ю Вольфганга Херндорфа, якія захаваліся ў пісьмовай форме. Кнігу «Чык: сцэнар» («Tschick – Das Drehbuch») Ларса Хубрыха, якая ўключае ў сябе поўны тэкст сцэнару і артыкул Фаціха Акіна, можна набыць, пачынаючы з верасня 2016 года.
 
«Чык – кніга да фільма» («Tschick – Das Buch zum Film») у дадатак да тэкста рамана змяшчае матэрыялы і фатаграфіі з фільма, а таксама артыкул кіназнаўцы Міхаэля Тотэберга, які кіруе Агенствам медыйных правоў выдавецтва «Ровальт». Надрукавана таксама і размова Тотэберга з Фаціхам Акінам. «У рамане ёсць дзве-тры сентэнцыі, пасля прачытання якіх я ведаў: я хачу экранізаваць яго», – кажа Акін падчас яе. І яшчэ: «Пасля таго, як я прачытаў “Працу і структуру” я зразумеў, якім вялікім аматарам кіно быў Вольфганг Херндорф».

Адысці ад тэкста

Здымкі фільма праходзілі ў канцы лета 2015 года ў Берліне, Брандэнбургу ды іншых месцах. Майк прысутны амаль што ў кожным эпізодзе, акрамя таго, у кароткіх эпізодах можна пабачыць яго мары. Часам за кадрам можна пачуць яго голас. «У мантажнай мы цалкам свядома паспрабавалі выкарыстаць у некаторых месцах т. зв. тэхніку «Voice-Over», – кажа Акін пра яе. – Пасля я быў перакананы: цяпер фільм гатовы, цяпер у яго ёсць душа».
 
Здымкі фільма, які з’яўляецца супольным творам многіх публічна-прававых каналаў, ажыццяўляе Баварскае Радыё. «”Чык” – адзін з найгалоўнейшых літаратурных фенаменаў мінулых дзесяці гадоў, – кажуць Карнэліус Канрад і Карнэлія Акерс з рэдакцыі фільмаў для дзяцей. Экранізацыя сталася цікавым праектам і для ARD. – З-за таго, што матэрыял меў асаблівы характар, мы хацелі зняць фільм сумесна з Фаціхам Акінам, выбітным рэжысёрам і адным з нешматлікіх нямецкіх кінематаграфістаў, якія вядомыя на міжнароднай арэне».
 
Паводле ідэала Вольфганга Херндорфа, падчас экранізацыі літаратурнага твора неабходна адысці ад яго тэкста. Пра тое, ці гэта ўдалося, гледачы ў Германіі могуць скласці сабе ўяўленне, пачынаючы з 15 верасня 2016 года, а пазней тое можна будзе зрабіць і ў іншых краінах.