Інтэрв’ю з Басціанам Обермаерам «Важная кантрольная функцыя ўцечак інфармацыі»

Басціан Обермаер (злева) і Фрэдэрык Обермаер актыўна ўдзельнічалі ў справе <i>«Панамскіх дакументаў»</i>
Басціан Обермаер (злева) і Фрэдэрык Обермаер актыўна ўдзельнічалі ў справе «Панамскіх дакументаў» | Фота (фрагмент): © Stephanie Füssenich

Журналіст-расследвальнік Басціян Обермаер адыграў вядучую ролю ў раскрыцці «Панамскіх дакументаў» у газеце «Зюддойчэ Цайтунг». Размова пра адказнасць журналістаў і грамадскае значэнне ўцечак дадзеных.
 

Спадар Обермаер, у 2015 годзе на Вас выйшла ананімная асоба, якая назвала сябе Джон Ду, і прадаставіла Вам дакументы для ўнутранага карыстання панамскага офісу кампаніі «Масак Фансека». Гаворка ішла пра паштовыя сервісы, з дапамогай якіх адбываўся сыход ад падаткаў і заключаліся нелегальныя здзелкі. Калі Вы ўсвядомілі значэнне гэтай уцечкі дадзеных?
 

Калі ў дакументах трапілася імя лепшага сябра Уладзімера Пуціна ды імёны іншых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, нам стала зразумела: гэта будзе міжнародная гісторыя, якая прыцягне да сябе шмат ўвагі. Урэшце рэакцыя на апублікаваныя дакументы была яшчэ больш нечаканай, чым мы маглі ўявіць сабе падчас іх апрацоўкі: адбываліся масавыя дэманстрацыі, скалыналіся ўрады.

У Германіі існуюць добрыя ўмовы для інвестыгацыйнай журналістыкі

Падчас апрацоўкі дадзеных «Зюддойчэ Цайтунг» вырашыла супрацоўнічаць з міжнароднай інвестыгацыйнай арганізацыяй ICIJ. 3 красавіка 2016 года больш за 100 СМІ ва ўсім свеце апублікавалі вынікі сваіх расследаванняў. Наколькі важным з’яўляецца такое міжнароднае супрацоўніцтва ў выпадку ўцечак інфармацыі?
 

Мы даволі рана падумалі пра ICIJ (International Consortium of Investigative Journalists –ICIJ), бо першыя сляды дадзеных вялі ў Паўднёвую Амерыку, Афрыку альбо на Бліжні Усход. Нямецкія чытачы мала цікавяцца скандалам сярэдняй велічыні ў Намібіі, але мы не хацелі, каб гэтыя гісторыі згубіліся. Адначасова стала зразумела, што мы не можам працягваць працаваць у адзіночку: гэта былі вялізарныя масівы дадзеных, тысячы гісторый. Зрэшты, мы ўсе былі пад абаронай, бо ва ўсім свеце доступ да дадзеных мелі 400 калег. Многія хацелі спыніць апублікаванне. Аднак гэта немагчыма, калі над ім паралельна працуе такая вялікая колькасць людзей.
 
Якую прававую сітуацыю маем у Германіі ў выпадку апублікавання дадзеных, якія былі здабыты легальна толькі ў вельмі рэдкіх выпадках?
 

Калі інфармацыя з’яўляецца важнай для грамадства, то рэпарцёры ў Германіі могуць працаваць з дадзенымі, здабытымі нелегальна. У ЗША, напрыклад, гэта не дазволена. Зразумела, што падчас падрыхтоўкі матэрыялаў нам нельга было рабіць памылак, у адваротным выпадку супраць нас маглі б завесці крымінальныя справы. Увогуле ў Германіі існуюць добрыя ўмовы для інвестыгацыйнай журналістыкі. Як правіла, мы можам зыходзіць з таго, што на нас не нападуць, не арыштуюць, не ўзвядуць на нас паклёп. У многіх краінах з аўтарытарнымі рэжымамі сітуацыя выглядае інакш. Некаторым з нашых калег пасля апублікавання «Панамскіх дакументаў» пагражалі забойствам, іх публічна ганьбілі, звальнялі, яны павінны былі часова пакінуць свае краіны.

У выпадку ўцечак інфармацыі мы павінны мець прававыя гарантыі

Нягледзячы на свабоду слова Вы павінны былі клапаціцца пра захаванне правоў асобы. Наколькі гэта ўплывала на падрыхтоўку інфармацыі?
 

У Германіі больш моцна абараняюць прыватную сферу. Калегі з ЗША могуць, напрыклад, пісаць пра прыватныя афшорныя здзелкі менеджараў і банкіраў – калі факты адпавядаюць рэчаіснасці. У Германіі падобнае магчыма толькі ў выпадку падазрэння на прадмет парушэння законаў, непарадкаў альбо якіх-небудзь злоўжыванняў. Але ў прынцыпе няма парушэння закону ў тым, каб мець фірму, якая прадастаўляе паштовы сервіс. Таму мы не можам публікаваць матэрыялы пра нямецкіх менеджараў, чые дамы для правядзення водпуску праходзілі праз афшорныя фірмы.
 
У адрозненне ад Вікілікс Вы вырашылі не публікаваць цалкам неапрацаваныя дадзеныя. Чаму?
 

Нам трэба ведаць тое, што мы публікуем, і, зразумела, нам трэба клапаціцца пра абарону прыватнай сферы. У выпадку з 11,5 мільёнамі дакументаў гэта немагчыма. У іх могуць быць пададзены факты, наступствы публікацыі якіх мы не можам прадугледзець, можа быць узведзены паклёп на людзей. Другая прычына: нам трэба абараніць нашу крыніцу, якая мае імя Джон Ду. Мы не можам быць пэўнымі, што якія-небудзь дадзеныя не прывядуць да яе, калі мы апублікуем усе дакументы. Акрамя таго, мы – не доўгая рука пракуратуры ці падатковай паліцыі.
 
Вы ўжо гаварылі пра тое, як важна, каб публікацыі журналістаў былі абароненыя з гледзішча права. Аднак тыя, хто падымае хвалю, інфарманты, павінны лічыцца з магчымасцю крымінальнага пераследу.
 

Крыміналізацыя тых, хто падымае хвалю, з’яўляецца найвялікшай праблемай. Амаль у ніводнай краіне яны не маюць належнай абароны. Але яна ім патрэбна. Калі высветліцца, што ўцечка інфармацыі мела грамадскае значэнне, то той, хто падняў хвалю, не павінен прыцягвацца да адказнасці. Але гэта, так бы мовіць, немагчыма. У выніку т. зв. Люксембургліксу павінен быў паўстаць перад судом нават журналіст Эдуард Перын. Калі журналістаў будуць пераследаваць за тое, што яны атрымліваюць інфармацыю ад тых, хто падымае хвалю, то мы будзем мець яшчэ большую праблему. Тады зацікаўленае ў гэтым лобі будзе імкнуцца цалкам спыніць уцечкі нязручнай інфармацыі.

Ці могуць змяніць грамадства ўцечкі інфармацыі?

Тысячы немцаў карысталіся паслугамі кампаніі «Масак Фансека». Што змянілася ў Германіі ў выніку публікацыі «Панамскіх дакументаў»?
 

У Германіі даволі хутка быў прыняты новы закон, паводле якога нямецкія грамадзяне павінны паведамляць аб тым, ці ёсць у іх афшорныя фірмы і адкуль паходзяць грошы. Акрамя таго, Еўрапарламент утварыў Камісію, якая павінна весці расследаванне ўскрытых выпадкаў. Трэба пачакаць, каб пабачыць, ці зменіцца што ў доўгатэрміновай перспектыве. Але мы не актывісты, а журналісты. Мы не змагаемся супраць афшорнага свету, але інфармуем.
 
Ва ўсім свеце гучаць патрабаванні аб ліквідацыі вольных ад падаткаў аазісаў – гэта адбываецца і ў выніку публікацыі «Панамскіх дакументаў». Ці могуць уцечкі інфармацыі паўплываць на змену ладу грамадскага мыслення?
 

Адзін з галоўных месыджаў, які накіравала ў свет дадзеная ўцечка інфармацыі – гэта тое, што ніхто больш не можа быць пэўным. Уцечкі інфармацыі адыгрываюць важную кантрольную функцыю ў грамадстве. Кожны, хто чыніць штосьці беззаконнае альбо сумніўнае і хоча схаваць гэта, павінен лічыцца з тым, што дзесьці можа адбыцца ўцечка інфармацыі. Што дзесьці існуе асоба, якая больш не жадае назіраць альбо саўдзельнічаць. Дадзеныя хутка пераносяцца, дастаткова адной флэшкі. Сёння «Панамскія дакументы» – найвялікшая ўцечка інфармацыі. Праз некалькі гадоў мы прызвычаімся да падобных маштабаў, аднак уцечкі інфармацыі па-ранейшаму застануцца важнымі.
 

Басціан Обермаер, 1977 г. нар., намеснік аддзела «Інвестыгацыйны пошук» газеты «Зюддойчэ Цайтунг», чалец Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследвальнікаў (ICIJ). За свае рэпартажы і расследаванні ён атрымаў Прэмію імя Тэадора Вольфа, Прэмію імя Хенры Нанэна і Прэмію імя Вехтэра.
 
Басціан Обермаер, Фрэдэрык Обермаер: Панамскія дакументы. Гісторыя аднаго выкрыцця. Выдавецтва «Кіпэнхоер & Віч», 2016 г. Кніга была перакладзена на многія мовы свету.