Дапоўненая рэчаіснасць Дзіцячыя кнігі з дыгітальным складнікам

 Вывучэнне англійскай мовы з дапамогай гераіні дзіцячых кніжак Коні
Вывучэнне англійскай мовы з дапамогай гераіні дзіцячых кніжак Коні | Фота (фрагмент): © Carlsen Verlag

Некаторыя выдавецтвы ў Германіі эксперыментуюць з дыгітальнымі фарматамі, прызначанымі для самых юных чытачоў. Новыя прадукты прадастаўляюць шмат магчымасцяў для навучання, аднак пакуль што не знайшлі прызнання ў бацькоў і педагогаў.

Дапоўненая рэчаіснасць: пасля таго, як буйная фірма, якая гандлюе мэбляй, пачала выкарыстоўваць гэту тэхналогію ў сваіх каталогах, яна стала вядомай у дамах немцаў і тым самым трапіла ў свядомасць грамадскасці. З дапамогай мабільнага дадатка да каталога віртуальную мэблю можна размяшчаць у рэальных памяшканнях. Аднак дапоўненая рэчаіснасць знаходзіць прымяненне не толькі ў рэкламных выданнях: яе выкарыстоўваюць і ў дзіцячых кніжках.
 
Тэхналогія дае магчымасць дапаўняць бачную рэчаіснасць дадатковай віртуальнай інфармацыяй: малюнкамі, відэа, аўдыётэкстамі альбо аб’ектамі ў фармаце 3D. Карыстальнік наводзіць сэнсар – часцей за ўсё камеру альбо сканэр – на фрагмент свайго наваколля. Лакалізацыйны модуль вызначае месца знаходжання карыстальніка, а таксама двух- і трохмерныя структуры ў памяшканні. У дапаўненне да таго, што карыстальнік бачыць на ўласныя вочы, на экран можа выводзіцца дадатковая віртуальная інфармацыя.

Абуджэнне малюнкаў да жыцця з дапамогай дадатка

Сярод нямецкіх выдавецтваў існуюць некаторыя першапраходнікі, якія хочуць прывесці дзіцячую кнігу ў дыгітальную эпоху з дапамогай гэтай тэхнікі. У іх лік уваходзяць выдавецтвы «Карлзэн», «Космас» і «Ёцінгер». Для новых распрацовак ім патрэбны і капітал, і творчыя асобы. Да іх належыць Маркус Дзёмер. Інжэнер-эканаміст і вольны мастак супрацоўнічае з выдавецтвам «Карлзэн», пачынаючы з 2011 года, сёння ён кіруе там нядаўна створаным аддзелам, які займаецца дапоўненай рэчаіснасцю. Заснаваўшы ў 2014 годзе серыю «ЛеЙо!», выдавецтва выпусціла на рынак новы для Германіі прадукт для дзяцей ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў.
 
З дапамогай смартфона альбо планшэта дзеці могуць сканаваць пэўныя месцы ілюстраваных навукова-папулярных кніжак і адкрываць т. зв. хот-споты. Гэта элементы малюнкаў, якія выступаюць у якасці маркіроўкі для праграмы вызначэння выяваў. Праз адкрыццё хот-спотаў ўзнаўляюцца аўдыётэксты, галасы, шумы альбо песні, на экран выводзяцца анімацыі. Акрамя таго, запускаюцца гульні, падчас якіх дзеці пазнаюць і збіраюць аб’екты альбо, напрыклад, вызначаюць, якому віду птушак належыць пэўнае яйка.

Вывучэнне англійскай мовы з гераіняй дзіцячых кніжак Коні

Віртуальныя дадаткі да кніжак таксама прапануюць шмат магчымасцей для выкарыстання на занятках. Так у межах серыі выйшаў падручнік англійскай мовы, у якім прысутнічае папулярны персанаж дзіцячых кніжак Коні. Тэксты і песні былі запісаны з удзелам носьбітаў мовы, трэніроўка запамінання і аўдзіравання ў тых, хто вывучае англійскую, ажыццяўляюцца з дапамогай гульняў.
 
Аднак падобныя новыя медыя-сродкі для дзяцей пакуль што змагаюцца ў Германіі за прызнанне. Вялікая колькасць бацькоў і настаўнікаў з цяжкасцю асвойвае дыгітальныя фарматы. Маркус Дзёмер спасылаецца на краіны Азіі, у якіх дзеці маюць мабільныя прыстасаванні, карыстаюцца імі ў самым раннім узросце і гэта ёсць звычайнай рэччу. Што тычыцца бацькоў у Германіі, то для іх, наадварот, сур’ёзным медыя-сродкам з’яўляецца перш за ўсё кніга. Падаецца, што «ЛеЙо!» прапануе кампраміс: кніжны фармат дае бацькам пэўнасць, калі з вялікай колькасці мультымедыйных прапаноў яны хочуць выбраць для сваіх дзяцей «правільныя». «Гібрыдныя кніжкі» можна выкарыстоўваць па-рознаму: яны падыходзяць як для прагляду, так і для класічнага чытання ўголас, а таксама для больш працяглага выкарыстання дзецьмі ўласна кніжкі і мабільнага дадатка.

Дашкольнікі ў якасці тэстараў

У мэтах рэалізацыі праекта выдавецтва «Карлзэн» стварыла каманду з пазаштатных супрацоўнікаў. З самага пачатку распрацоўваюцца канцэпцыі кніг з улікам дапоўненай рэчаіснасці. Лектары, аўтары, ілюстратары, распрацоўшчыкі гульняў, праграмісты і менеджары прадукта падчас узаемнага супрацоўніцтва карыстаюцца працэсамі і інструментамі з галіны гульняў і інфармацыйных тэхналогій. Важным этапам распрацоўкі прадукта з’яўляецца тэставанне, якое ажыццяўляюць дашкольнікі. «Трэба проста даць дзецям магчымасць дзейнічаць і паглядзець, што з гэтага выйдзе», – кажа Дзёмер. Цяжкасці інтуітыўнага выкарыстання могуць выявіць толькі самі карыстальнікі падчас выпрабавання. Вынікі ўлічваюцца затым падчас удасканалення канцэпцыі і праграмавання.
 
Філіял выдавецкай групы «Ёцінгер» «Тыгербукс медыя» таксама наважыўся скокнуць у дыгітальны свет. Пачынаючы з 2013 года, гамбургская кампанія «ТыгерКрыэйт» прапануе праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якога выдавецтвы дзіцячай літаратуры могуць ствараць інтэрактыўныя электронныя кнігі альбо мабільныя дадаткі з ужо існуючых кніжак. Тым самым яны выводзяць вядомых герояў дзіцячых кніжак на дыгітальную сцэну. Пачынаючы з 2015 года, «ТыгерКрыэйт» забяспечвае выкарыстанне дапоўненай рэчаіснасці. Акрамя таго, «Тыгербукс» клапоціцца аб тым, каб пад маркай «СуперБух» адбываўся маркетынг і распаўсюд прадуктаў розных выдавецтваў. Ён дапамагае растлумачыць ідэю і выкарыстанне гэтай навінкі для чытачоў.
 
Установы кніжнага гандлю спадзяюцца, што праз падобныя распрацоўкі змогуць далучыцца да зменаў, якія паўстаюць у выніку дыгіталізацыі. Таму большасць мабільных дадаткаў бясплатная, спажыўцам трэба толькі купіць кнігу. Аднак на тле імклівых пераменаў, звязаных з буйнымі выдаткамі, невялікія выдавецтвы пакуль што застаюцца ні з чым.