Інтэрв’ю з Марыянам Доркам «Візуалізацыя робіць бачнай дынаміку бібліятэкі»

Эпохі і рубрыкі – візуалізаваная Нямецкая дыгітальная бібліятэка
Фота (скрыншот) © fh-potsdam.de

Скарбы, якія чакаюць сваіх чытачоў, існуюць не толькі ў дыгітальных бібліятэках, часта яны схаваныя. Прафесар Марыян Дорк тлумачыць, як візуалізацыя можа дапамагчы зрабіць фонды больш заўважнымі.
 

Спадар Дорк, Вы даследуеце візуалізацыю дадзеных з галіны культуры, іх дэманстрацыю з дапамогай графічных сродкаў. Што маюць на мэце падобныя візуальныя сродкі падачы інфармацыі?
 

У апошнія гады ў справу дыгіталізацыі культурных здабыткаў было інвеставана шмат грошай і часу. Мэта нашых даследаванняў – зрабіць багатыя і аб’ёмныя дыгітальныя фонды больш заўважнымі, аблегчыць да іх доступ. Тыя, хто дакладна не ведае, што яны шукаюць, павінны прачасаць фонды музеяў, архіваў і бібліятэк і сутыкнуцца з цікавымі, натхняючымі альбо інфарматыўнымі рэчамі. У найлепшым выпадку яны могуць глянуць на гэтыя зборы з самых розных перспектываў.
 

Паказаць узоры і тэндэнцыі

Ці прызначаны гэтыя візуальныя сродкі падачы інфармацыі для экспертаў?

Марыян Дорк Марыян Дорк | Фота (фрагмент) © Henrik Hagedorn Спачатку візуальныя сродкі падачы інфармацыі адрасаваліся выключна экспертам: напрыклад, навукоўцам альбо аналітыкам. Пачынаючы з 2011 года, мы назіраем папулярызацыю гэтай сферы. У якасці рухаючай сілы выступаюць СМІ, якія мэтанакіравана займаюцца журналістыкай дадзеных для таго, каб перадаць складаны змест. Сёння ўсё часцей візуальныя сродкі падачы інфармацыі адрасуюцца зацікаўленым аматарам.

Якім чынам бібліятэкі могуць выкарыстоўваць візуальныя сродкі падачы інфармацыі?
 

З дапамогай візуальных сродкаў падачы інфармацыі бібліятэкі могуць звярнуць увагу на аб’ём і разнастайнасць сваіх фондаў. У межах праекта Нямецкай дыгітальнай бібліятэкі (Deutsche Digitale Bibliothek – DDB, НДБ) мы разглядалі пытанне аб тым, як зрабіць заўважным часавы, прасторавы і тэматычны дыяпазон вялізарных фондаў і як адначасова заўважыць узоры альбо тэндэнцыі.
 
Графіка, якая паўстала пры гэтым, падаецца вельмі складанай...
 

Так, на самой справе яна адрасуецца прафесійнаму дыскурсу супольнасці, якая займаецца пытаннямі дыгіталізацыі. Гэтыя макраперспектывы крыху аддаляюць нас ад фондаў. Аднак у выпадку з НДБ яны вельмі вялікія. Існуюць прыклады выразна гульнявога, прыемнага ў эстэтычным плане падыходу. У межах праекта «Багемская кніжная паліца» («Bohemian Bookshelf»), які ажыццяўляюць калегі з Калгары, кніжкі сартуюцца паводле колеру іх вокладак альбо таўшчыні. Выглядае, што гэта банальны выхад на фонды, якія, маючы шмат вымярэнняў, могуць прывабіць цалкам розныя групы чытачоў з іх інтарэсамі.

У сеціве і ў рэальным свеце

Візуальныя сродкі падачы інфармацыі можна знайсці перш за ўсё ў віртуальным свеце?
 

Не толькі! Існуе шмат магчымасцей размясціць візуальныя сродкі падачы інфармацыі ў будынках бібліятэк. Шмат візуальных сродкаў падачы інфармацыі было размешчана ў 2004 годзе ля стойкі, дзе выдаюцца носьбіты інфармацыі, у Публічнай бібліятэцы Сіэтла – яны ўказвалі не толькі на тое, якія кніжкі ёсць у бібліятэцы. Ля месцаў выдачы дэманстравалася статыстыка, якая паказвала колькасць кніг, выдадзеных за дзень, дадзеныя аб іх аўтарах і тэматыцы.
 
У Бібліятэцы Саксоніі – Дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Дрэздэне дэманструюцца візуальныя сродкі падачы інфармацыі, якія падаюць звесткі аб колькасці зваротаў да фондаў бібліятэкі ў рэальным часе. Якая ад іх карысць?
 

Падобная візуалізацыя робіць бачнай дынаміку бібліятэкі – і такім чынам уплывае на ўспрыняццё бібліятэкі як складанага жывога арганізму.


Ці існуюць прыклады ўзаемадзеяння візуальных сродкаў падачы інфармацыі ў віртуальнай і рэальнай прасторы?
 

Так! У Тэхналагічным універсітэце Сіднэя мастак Крыс Гаўл распрацаваў т. зв. бібліятэчныя спектраграмы для азнаямлення з фондамі бібліятэкі на аснове дэцымальнай класіфікацыі Дэўі. Ён надаў розным катэгорыям кніг розныя колеры. Пры гэтым шырыня каляровых стужак адпавядае колькасці кніг. Колеры былі размешчаны на паліцах, іх выкарыстоўвалі падчас тураў па біліятэцы, а таксама інтэгравалі ў электронны каталог. Гэта вельмі прыгожая, простая ідэя, з дапамогай якой можна зрабіць бачным размеркаванне кніжак у фондах: як віртуальна, так і ў рэальнай прасторы.

Для любых відаў бібліятэк

Як Вы лічыце, візуальныя сродкі падачы інфармацыі падыходзяць для выкарыстання ў навуковых альбо публічных бібліятэках?
 

І там, і там. Але ў розных аспектах. У публічных бібліятэках гаворка ў першую чаргу, магчыма, ідзе аб тым, каб павялічыць цікавасць да фондаў. Чытачы задаюць сабе пытанне: Што новае тут ёсць? Што мне ўзяць у водпуск? Пры гэтым інтарэс да выпадковых, але шчаслівых адкрыццяў вялікі. Гэты аспект адыгрывае пэўную ролю і ў навуковых бібліятэках, але там цэнтральнае значэнне мае мэтавы пошук. Тут з дапамогай візуальных сродкаў падачы інфармацыі можна паказаць, як звязаны міжсобку аўтары, тэмы і ключавыя словы – для таго, каб падтрымаць сістэмныя пошукі. Візуальныя сродкі падачы інфармацыі могуць зрабіць свой унёсак на абодвух фронтах.

Марыян Дорк – прафесар-даследчык у галіне інфармацыі, візуалізацыі і менеджменту ва Універсітэце ў Патсдаме. У межах праекта «Візуалізацыя збораў культурных здабыткаў» («Visualisierung kultureller Sammlungen – Vikus»), які фінансуецца Федэральным міністэрствам адукацыі і даследаванняў (BMBF), ён даследуе новыя магчымасці прэзентацыі культурнай спадчыны ў візуальнай форме ў інтэрнэце.