Ілюстратарка Юля Фрызэ Па-лісінаму эстэтычна і па-качкаваму гульліва

Ілюстрацыя з дзіцячай кніжкі «Усе яго качачкі»
Ілюстрацыя з дзіцячай кніжкі «Усе яго качачкі» | Фота (фрагмент): © 2007 Beltz & Gelberg in der Verlagsgruppe Beltz ∙ Weinheim Basel

Ашчаднае штрыхавое маляванне, стрыманая акварэльная тэхніка, экспрэсіўныя колеры – Юля Фрызэ валодае ўсёй палітрай ілюстрацыйнага мастацтва. Яна ілюструе дзіцячыя кніжкі, некаторыя з якіх дасягнулі поспеху на сусветнай арэне, выяўляючы вялікую любоў да дэталяў.
 

Ілюстратарка дзіцячых кніжак Юля Фрызэ Ілюстратарка дзіцячых кніжак Юля Фрызэ | Фота (фрагмент): © Gundula Friese У гэтай гісторыі свет пастаўлены дагары нагамі: ліс хоча прыгатаваць з яйка качкі яешню. Аднак у гэты момант з яйка вылупляецца качар. Ён пераблытвае ліса са сваёй маці – і вось ужо ліс ахоплены любоўю да яго. Ён усынаўляе качара і ўсё радзей думае пра смажанае мяса качкі. Урэшце вакол ліса паўстае цэлы вывадак качак – новая сям’я. Прыроджаныя ворагі ператвараюцца ў сяброў.
 
«Незвычайная гісторыя пра бацьку міжволі распавядаецца па-лісінаму эстэтычна і па-качкаваму гульліва. Тое, што пачынаецца з моцнага голаду, нечакана сканчаецца кагортай гергечучых унукаў-качанятаў. Ілюстратарка Юля Фрызэ патрапляе стварыць на сваіх малюнках моманты вялікага напружання», – так гучыць вердыкт журы Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для дзяцей і моладзі 2008 года, на атрыманне якой гісторыя была вылучана пад назвай «Усе яго качачкі» («Alle seine Entlein»).
 
Пачынаючы з 2007 года, Юля Фрызэ ілюструе тэксты аўтара Крысціяна Дуды – гэта шчаслівы выпадак сінтэзу двух дараванняў у нямецкай дзіцячай літаратуры. Што тычыцца кампазіцыі і малюнкаў коміксаў, то ў іх першай сумеснай дзіцячай кнізе «Усе яго качачкі» ілюстратарцы ўдаецца стварыць поўную напружання пабудову з высокім тэмпам.  Намаляванаму штрыхамі лісу кантрастна супрацьстаіць пастэльнае мноства птушанятаў. «Юля Фрызэ віртуозна жанглюе аптычнымі ілюзіямі і элементамі коміксаў, – лічыць журы Нямецкай прэміі ў галіне літаратуры для дзяцей і моладзі. – Пры гэтым яна парывае з умоўнасцямі падзелу старонак і перспектывамі, а аўтар Крысціян Дуда па-майстэрску гуляе з чаканнямі чытачоў. Тэкст Дуды падаецца лёгкім і гульлівым, падобным да пухнатага птаства. Гэта выдуманая гісторыя пакаленняў айцоў і сыноў, якая адбываецца ў нетрах цёмнага леса».
 
У сваіх працах Юля Фрызэ не баіцца рызыкаваць. Яна належыць да пакалення нямецкіх ілюстратараў дзіцячых кніжак, якія перажылі падзенне Берлінскага муру ў 1989-м і аб’яднанне Германіі ў 1990-м, атрымалі адукацыю ў прэстыжнай акадэміі ў былой ГДР і адначасова ўспрымаюць усе опцыі міжнароднага абмену ў галіне ілюстратыўнага мастацтва і дызайну.

Талент у многіх мастацкіх сферах

Фрызэ, якая нарадзілася ў 1979 годзе ў Лейпцыгу, здала экзамены за курс сярэдняй школы ў 2000 годзе ў Патсдаме і з таго часу працуе ілюстратаркай і дызайнеркай. Атрымліваць адукацыю яна накіроўваецца ў Нацыянальны каледж мастацтваў і дызайну ў Дублін і на Факультэт прыгожых мастацтваў у Більбао, а завяршае яе, атрымаўшы дыплом Вышэйшай школы графікі і кніжнага мастацтва ў Лейпцыгу. Талент, вучоба, эксперыменты і праца ў студыях дызайну Барселоны і Дубліна забяспечваюць ёй кваліфікацыю як у кніжным мастацтве, так і ў спажывецкім дызайне. Такім чынам, Юля Фрызэ засвойвае як традыцыйныя, так і камп’ютарныя тэхнікі працы, якія яна паслядоўна і без стратаў якасці змешвае ў многіх сферах мастацтва.
 
Жыццё за мяжой дало ілюстратарцы магчымасць публікаваць свае творы ў галіне дзіцячай літаратуры на міжнароднай арэне. У 2001 – 2003 гадах яна апублікавала тры ілюстраваныя кнігі ў Францыі, карыстаючыся тамтэйшай адкрытасцю да эксперыментальнага мастацтва ілюстрацыі. Затым былі арыгінальныя публікацыі ў Іспаніі і Паўднёвай Амерыцы. Кнігі, якія публікаваліся пазней у Германіі, сёння выходзяць у свет як ліцэнзіныя выданні на штматлікіх мовах. Адначасова яна распрацоўвае плакаты, афішы, лагатыпы фірмаў, інфармацыйна-рэкламныя матэрыялы для культурных імпрэзаў, дабрачынных праектаў і арганізацый. Ілюстратарка захоўвае шчыльныя сувязі з культурным асяродкам Лейпцыгу.
 
Публікацыі Юлі Фрызэ ў нямецкамоўных выдавецтвах пачаліся ў 2004 годзе выхадам кнігі «Прыгоды маркоўнага супу» («Mohrrübensuppen-Abenteuer»). Кніга прысвечана яе бабулі і рапавядае пра дзіцячую рэакцыю на абед у дзіцячым садку, які цаніўся невысока – магчыма, гэта ўспаміны аб дашкольнай установе, якую яна наведвала, будучы дзіцём. Мары, крэатыўнасць, жаданні, страх, агрэсія і асалода дзяцей перад спажываннем ежы надзвычай экспрэсіўна паказаны чорным і маркоўна-чырвоным колерамі.

Радасць ад фантастычных, але адказных сусветаў

Мастачка, якая сёння жыве ў Берліне, вельмі любіць ілюстраваць кнігі Крысціяна Дуды. Разам са сваімі сумесна створанымі кніжкамі яны аб’ехалі палову свету. Калі пашукаць у тэкстах Дуды і ілюстрацыях Юлі Фрызэ мастацкую агульнасць, то яе пэўна можна знайсці ў радасці ад фантастычных, але адказных сусветаў па той бок і адначасова пасярод свету штодзённасці, які пазнаецца праз досвед: гэта чалавечая мудрасць у форме байкі пра жывёлаў («Alle meine Entlein»), уцёкі з прыгнятаючага холаду, які пануе ў сям’і («Schnipselgestrüpp»), нечуваныя асацыяцыі ў ванне («Papierschiff ahoi!») і вобразы прагі чагосьці салодкага перад сном («Bonbon»). Фантазія тэкста ажыўляе фантазію ілюстратаркі і наадварот. Стыль мовы Дуды – яго далікатнасць характарызуецца яго мультыкультурным паходжаннем і веданнем дыялектаў – адкрывае перад ілюстратаркай прастору для гісторый у малюнках побач з гісторыямі ў словах. Што тычыцца стылю і тэхнікі, то мастацтва ілюстрацыі Юлі Фрызэ сягае ад штрыхавых малюнкаў і сціплай акварэльнай тэхнікі да багацця экспрэсіўных колераў алейнай крэйды і камп’ютарнага каляравання.