Нямецкая літаратура і гумар Іранічная, гумарыстычная, мастацкая

За свой раман «Абарона місіянерскай пазіцыі» Вольф Хаас атрымаў Літаратурную прэмію Брэмена
За свой раман «Абарона місіянерскай пазіцыі» Вольф Хаас атрымаў Літаратурную прэмію Брэмена | Фота (фрагмент): © Lukas Beck

У 2013 годзе два нямецкіх пісьменніка скардзіліся ў адной кнізе на тое, што гумарыстычная літаратура невысока цэніцца ў Германіі. Але справа паціху зрушылася з месца.

Гэта быў спрэчны твор, калі можна так выразіцца. У 2013 годзе пісьменнікі Якаб Хайн і Юрген Вітэ выдалі кнігу «Немцы і гумар. Гісторыя аднаго варагавання» («Deutsche und Humor. Geschichte einer Feindschaft»). Яны востра раскрытыкавалі нямецкі літаратурны асяродак. «Раней гумарыстычная літаратура амаль ніколі не была адзначана сур’ёзнымі ўзнагародамі», – напісалі яны. І яшчэ: гумарыстычнае мастацтва паслядоўна невысока ацэньвалася. Яно прызначалася для літаратурных рубрык газет і часопісаў, а таксама для журы літаратурных прэмій.
 
За 60 гадоў існавання Літаратурнай прэміі імя Георга Бюхнера было шмат яе лаўрэатаў, «якія выступалі з міжвольным гумарам, але ўсяго трох з іх можна было б свядома назваць гумарыстамі», – гаворыцца ў кнізе. Сярод твораў, якія атрымалі Нямецкую кніжную прэмію, што прысуджаецца з 2005 года, да сённяшняга дня знайшліся «як раз тры гумарыстычныя кніжкі».

«Здзіўляе, які моцны супраціў ладзіцца гумарыстычнаму мастацтву»

Ці быў гэты закід апраўданы, ці яго пасля пачулі? Ва ўсялякім выпадку ў 2015 літаратурным годзе здарылася нешта зусім нечаканае: хаця Франк Вітцэль не з’яўляецца ярка выражаным аўтарам-гумарыстам, але кніга «Вынаходніцтва Фракцыі Чырвонай Арміі маніякальна-дэпрэсіўным падлеткам летам 1969 года» («Die Erfindung der Roten Armee Fraktion durch einen manisch depressiven Teenager im Sommer 1969») атрымала прэмію як твор, які выклікае да сябе павагу і ўзрывае дагэтуль існаваўшыя рамкі – тут гаворку можна весці пра мову, кампазіцыю, эксперыментальную скіраванасць і моцную гумарыстычную афарбоўку.
 
Ці было гэта адзінкавай з’явай? Крытыка Хайна і Вітэ з’явілася не на пустым месцы. Нават адзін з аб’ектаў крытыкі ў свой час падстрахаваўся. Увэ Вітшток, паважаны крытык, загадчык літаратурнага аддзела навіновага часопіса «Фокус», якога часта запрашаюць у склад розных журы, пацвердзіў, што ў аўдыторыях, дзе адбываюцца нарады, пануе жорстае стаўленне. «Здзіўляе, які моцны супраціў існуе ў дачыненні да гумарыстычнага мастацтва», – сказаў Вітшток. Так падчас дэбатаў чальцоў журы Нямецкай кніжнай прэміі ён пачуў выказванне, што твор, які выходзіць на шырокую публіку, павінен уяўляць сабой дрэнную літаратуру.

Пытанне пра тое, ці можна смяяцца з Гітлера

У свой час Вітшток заяўляў пра сваю сімпатыю да паэтаў, чый гумар з’яўляецца агрэсіўным. Ён выступаў за тое, каб прысудзіць Прэмію імя Бертольда Брэхта горада Аўгсбурга памерламу ў 2006 годзе паэту-гумарысту і малявальшчыку Роберту Гернхарду. «Дасягнуць гэтага было зусім нялёгка», – узгадвае Вітшток.
 
Улічваючы вышэйзгаданае, не здзіўляе той факт, што адзін з найпаспяховейшых раманаў 2012 года не атрымаў ніводнай прэміі: сатырычны твор Цімура Фермеса, сатыра на Гітлера «Ён зноўку тут» («Er ist wieder da»). Фермес з’явіўся з літаратурнага нічога. Раней ён пісаў для бульварных газет і часопісаў, ствараў гісторыі пра прывідаў. Можна нават адчуць, як асцярожна паважаныя літаратурныя крытыкі браліся за разгляд яго рамана.
 
Спатрэбіліся тры месяцы і скачок на вяршыню спісу бестселераў часопіса «Шпігель», каб «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг» занялася ім. Ці павінна была заняцца? Паціху ва ўсёй краіне адбывалася дыскусія пра тое, ці можна смяяцца з Гітлера альбо нават з Гітлерам. Гэта заслуга дасціпнага аўтара, інтэлектуальны і шматзначны гумар якога немагчыма аспрэчыць.

Ажыўляецца самімі фельетаністамі

Акрамя таго, Фермес напісаў раман, які побач з многімі кніжнымі навінкамі даў магчымасць паглядзець на кнігу «Ён зноўку тут» як на сатыру на нямецкае грамадства ранніх 2000-х гадоў. Аднак падобны пункт погляду з-за фіксацыі на Гітлеры часцей за ўсё не браўся пад увагу.
 
Часам літаратурны асяродак ажыўляецца праз з’яўленне фельетаністаў. Напрыклад, кіраўнік літаратурнай рубрыкі тыднёвіка «Дзі Цайт» Адам Сабачынскі сам падаўся ў пісьменнікі. Пачынаючы з 2006 года, ён, будучы народжаным у Польшчы, з іроніяй разглядаў сваё «падвойнае жыццё» ў Германіі. І атрымліваў прэміі за свае рэпартажы і апавяданні. У 2015 годзе ён выдаў свой першы сапраўдны раман «Фантастычныя якасці» («Fabelhafte Eigenschaften») – сатырычнае самаіранічнае назіранне за нямецкай культурнай індустрыяй і яе героямі.

«Абмежаванні былі моцна паслаблены»

Літаратурны крытык і кіраўнік літаратурнага дома ў Гамбургу Райнер Морыц пэўны час ужо не бачыць нагоды гаварыць пра грэблівае стаўленне да гумарыстычнай літаратуры. «Гэта напэўна мела месца нейкі час, аднак ранейшыя абмежаванні былі моцна паслаблены. Сёння гумарыстычнай літаратуры жывецца нашмат лягчэй», – кажа Морыц і звяртае ўвагу на тое, што Прэмія імя Інгеборг Бахман за 2008 год была прысуджана Цільману Рамштэту і Вольфу Хаасу, які атрымаў Літаратурную прэмію Брэмена ў 2013 годзе, а ў 2016 – Міжнародную прэмію імя Джонатана Свіфта ў галіне сатыры і гумару.
 
Дык які стан рэчаў маем у справе прызнання гумару ў нямецкай літаратуры? Пачалі адбывацца змены. Галоўнае патрабаванне Хайна і Вітэ было выканана хутчэй, чым можна было падумаць: належыць адрозніваць добрае мастацтва ад дрэннага, а не сур’ёзнае ад смешнага.