Унутраная навігацыя ў бібліятэках Смартфон вядзе ў чытальную залу

Унутраная навігацыя дапамагае арыентавацца ў бібліятэках
Унутраная навігацыя дапамагае арыентавацца ў бібліятэках | Фота (фрагмент): © BSB/Bokowsky+Laymann

Навігацыйныя сістэмы для закрытых памяшканняў прымяняюцца ўсё часцей. З іх дапамогай наведвальнікі бібліятэк і музеяў могуць арыентавацца і праглядаць інфармацыю, прывязаную да пэўных месцаў.

Часта вялікія бібліятэкі, якія з’яўляюцца сховішчамі ведаў і месцамі навучання, уяўляюць сабой уражваючыя ды імпазантныя будынкі. У іх нутры знаходзіцца шмат месцаў для навучання і сфераў, дзе аказваюцца паслугі: чытальныя залы, плошчы для правядзення выстаў, сервісныя стойкі для прадастаўлення інфармацыі і запісу і, зразумела, месцы выдачы носьбітаў інфармацыі. Наяўнасць доўгіх, часта падобных адзін да аднаго калідораў, вялікай колькасці лесвіцаў і паверхаў робіць арыентаванне для новых чытачоў і турыстаў не заўсёды простым.
 
Сёння т. зв. унутраная навігацыя можа паспрыяць таму, што наведвальнікі будуць заўсёды мець магчымасць арыентавацца і накіроўвацца проста да месца, якое шукаюць. Дзякуючы тэхналогіям, якія грунтуюцца на перадачы радыёсігналаў, сёння любы смартфон у стане вызначыць сваё месцазнаходжанне ўнутры памяшканняў шляхам вымярэння ўласнымі сэнсарамі моцы акаляючых яго сігналаў. Гэтыя сігналы могуць паходзіць ад сетак WLAN альбо ад спецыяльных перадатчыкаў памерам з каробачку ад запалак – т. зв. маячкоў (ад англ. beacon: сігнальнае святло, перадатчык для вызначэння месцазнаходжання).

Дыгітальнае сігнальнае святло

Некаторыя буйныя тэхналагічныя прадпрыемствы ўжо прапануюць уласныя сістэмы: у 2013 годзе кампанія «Эпл» выпусціла на рынак сістэму «Standard iBeacons», праз год «Самсунг»  прапанавала службу «Proximity», а ў ліпені 2015 года «Гугл» прадставіла грамадскасці уласную сістэму перадатчыкаў «Eddystone». Арыентацыя паводле лакалізацыйнай тэхналогіі «awiloc», распрацаванай Інстытутам інтэграваных падключэнняў імя Фраўнхофера ў баварскім Эрлангене, ажыццяўляецца з дапамогай прыватных рутэраў, публічных кропак доступу WLAN альбо сетак фірмаў. З гэтай мэтай смартфоны выкарыстоўваюць уласную функцыю WLAN – як у выпадку службы «Indoor Google Maps».
 
Гэтыя сістэмы лакалізацыі і навігацыі як правіла ўключаны ў некаторыя мабільныя дадаткі. Яны змяшчаюць папярэдне падрыхтаваныя мапы, якія прывязваюць дадзеныя да пэўных месцаў. Прынятыя сігналы параўноўваюцца з мапамі і дадатак паказвае пэўнае месца. Дакладнасць паказа месцазнаходжання ў найлепшым выпадку складае ад аднаго да двух метраў.
 
Камерцыйны рознічны гандаль Германіі, а таксама нямецкія бібліятэкі робяць стаўку на тэхналогію «Beacons». Гэта дае магчымасць установам рознічнага гандлю ажыццяўляць побач з уласна навігацыяй і зборам дадзеных аб кліентах таксама і маркетынг, прывязаны да пэўных месцаў – напрыклад, калі ў патрэбным месцы падаецца інфармацыя аб прадастаўленні зніжак альбо з’яўленні новых тавараў. Тэхналогія «Beacons» – гэта таксама шанец і для бібліятэк. Наведвальнікі і чытачы могуць вандраваць па будынку, кіруючыся з дапамогай смартфонаў дакладна да пажаданых мэтаў, і атрымліваць дадатковую інфармацыю ў патрэбных месцах.

Шанцы для бібліятэк

Гэты прынцып выкарыстоўвае ў якасці першай і пакуль адзінай бібліятэкі ў Германіі Баварская дзяржаўная бібліятэка ў Мюнхене – вясной 2016 года яна выпусціла мабільны дадатак «BSB-навігатар» («BSB-Navigator»). З гэтай мэтай у будынку было ўсталявана агулам 250 маячкоў. Змешчаная ў дадатку дыгітальная мапа ўключае больш за 70 важных аб’ектаў бібліятэкі і інфармацыю аб іх. Наведвальнік альбо чытач абірае жаданы аб’ект праз функцыю пошуку альбо спіс цікавых месцаў, а дадатак вядзе яго туды простым шляхам.
 

BSB-навігатар мае таксама іншыя складнікі – дзве экскурсіі. Экскурсіі «Агульны агляд» і «Агляд для турыстаў» правядуць наведвальнікаў праз бібліятэку па вызначаным маршруце, пазнаёмяць з важнымі і цікавымі месцамі. Калі актывіравана т. зв. функцыя «Discovery», то наведвальнікі атрымліваюць на свае смартфоны паведамленні, калі апынаюцца паблізу ад цікавага аб’екта альбо месца.
 
Што тычыцца гэтых функцый, то Баварская дзяржаўная бібліятэка як публічная ўстанова клапацілася аб тым, каб выкарыстанне BSB-навігатара адбывалася ў адпаведнасці з законам аб абароне дадзеных. Дадатак працуе поўнасцю ў рэжыме афлайн і – у адрозненне ад падобнага ў рознічным гандлі – не перадае дадзеныя аб руху карыстальнікаў.

Навігацыйныя мабільныя дадаткі для музеяў

Лакалізацыйная сістэма «awiloc» Інстытута імя Фраўнхофера ўвогуле не прадугледжвае перадачу дадзеных карыстальнікаў. Магчыма, гэта і ёсць прычынай, па якой некаторыя нямецкія музеі вырашылі выкарыстоўваць гэту тэхналогію ў межах т. зв. экскурсійных сістэм музеяў. Пачынаючы з 2010 года, Музей прамысловай культуры ў Нюрнбергу прадастаўляе сваім наведвальнікам планшэты з тачскрынамі, якія дакладна вызначаюць сваё месцахнаходжанне і прапануюць інфармацыю аб экспанатах – агулам 180 фільмаў, аўдыё- і тэкставых файлаў.
 
Дзяржаўны музей егіпецкага мастацтва ў Мюнхене прапануе не толькі інфармацыю аб аб’ектах але і восем экскурсій па экспазіцыі. Іншыя нямецкія музеі, якія маюць падобныя мультымедыйныя гіды – гэта найвялікшы ў свеце камп’ютарны музей – Музейны форум Хайнца Ніксдорфа ў Падэрборне і Дом гісторыі Бадэн-Вюртэмберга ў Штутгарце. У адрозненне ад BSB-навігатараў гэтыя музеі прадастаўляюць свае навігацыйныя мабільныя дадаткі толькі на прыстасаваннях, якія можна ўзяць у карыстанне. Свабодная публікацыя немагчымая з-за шэрагу прававых пытанняў, звязаных з неабходнасцю ліцэнзавання.
 
Мабільныя дадаткі з унутранай навігацыяй з’яўляюцца карыснай дадатковай паслугай у бібліятэках і музеях незалежна ад таго, што выкарыстоўваецца: маячкі альбо сеткі WLAN. Прымяненне падобных дадаткаў падаецца мэтазгодным перадусім  для вялікіх устаноў, калі яны маюць значную прастору для чытачоў і наведвальнікаў, а таксама шмат будынкаў.