Інтэрв’ю з Томасам Швенке «Фатографы павінны быць сёння вельмі асцярожнымі»

Што фатаграфаваць? Якія існуюць прававыя ўмовы?
Што фатаграфаваць? Якія існуюць прававыя ўмовы? | Фота (фрагмент): © Friederike Steinberg

Вулічная фатаграфія ў Германіі – далікатная рэч: калі ў кадр патрапяць мінакі, то фатограф можа лёгка паўстаць перад судом. Юрыст Томас Швенке распавядае пра тое, якая здымка дазволена.
 

Спадар Швенке, сёння ў Германіі людзі ўсё часцей робяць фатаграфіі з дапамогай смартфонаў. Пры гэтым у кадр хутка патрапляюць чужыя людзі. Ці гэта праблема з прававога пункту гледжання?
 

З прававога пункту гледжання часта адбываецца парушэнне права, напрыклад, парушэнне асабістых правоў у выпадку карыстання «Snapchat». Аднак заявы на падобныя парушэнні паступаюць вельмі рэдка. Праблемы паўстаюць у выключных сітуацыях: напрыклад, калі хто-небудзь робіць фотаздымкі ў саўне альбо здымае людзей на пляжы.

Неабходны дазвол

У Берліне фатограф вядомага фотаагенства «Осткройц» Эспен Айххёфер сфатаграфаваў на вуліцы жанчыну ў леапардавым манто. Тая палічыла гэта парушэннем правоў на ўласны знешні выгляд і падала заяву з-за публікацыі здымка. Паводле рашэння суду, ён не мае права выстаўляць гэты здымак. Акрамя таго, ён павінен кампенсаваць кошт папярэджання. Якія законы павінен ведаць і выконваць вулічны фатограф?


Д-р Томас Швенке Д-р Томас Швенке | Фота (фрагмент): © Nils Wiemer Wiemers Па-першае, параграф № 22 Закона аб уласніках аўтарскіх правоў на творы мастацтва: гэты акт паўстаў у 1907 годзе, калі два фатографы сфатаграфавалі памерлага райхсканцлера Ота фон Бісмарка. Параграф № 22 забараняе публікаваць і распаўсюджваць здымкі людзей без іх дазволу, калі сфатаграфаваныя асобы можна пазнаць – а гэта вельмі проста, напрыклад, па кідкай фрызуры альбо татуіроўцы. Падобны дазвол неабходны не толькі, калі прафесіянал выстаўляе фота альбо публікуе яго ў газеце, але і ў выпадку, калі фатограф-аматар дасылае здымак сваім сябрам праз WhatsApp.
 
Каштоўнасць вулічнай фатаграфіі палягае ў тым, што можна хутка здымаць пэўныя сюжэты і, зразумела, публікаваць іх. У якой ступені параграф № 22 абмяжоўвае мастацкую свабоду?
 

Выпадкі выключэнняў прапісаны ў параграфе № 23: калі тыя, каго здымаюць, з’яўляюцца ўсяго толькі «фонам», часткай наваколля – як, напрыклад, на пейзажным здымку – то фатаграфію можна апублікаваць. Аднак у выпадку з Айххоферам кабета не «фон», яна – галоўны герой здымка. Яшчэ адным выключэннем з’яўляюцца грамадскія падзеі: людзі на сцэнах альбо дэманстрацыях. Як у выпадку спадара Айххофера фатографы могуць спаслацца на вышэйшыя інтарэсы мастацтва. Аднак прыватную сферу асобы нельга парушаць нават у імя мастацтва. Без дазволу нельга фатаграфаваць людзей, якія смуткуюць на могілках – нават калі гэта быў бы моцны сюжэт для якой-небудзь выставы. Выпадкі, калі права мастака пераважвае асабістыя правы, тых каго фатаграфуюць, разглядаюцца асобна. На самой справе гэта вельмі складана – правесці падобнае размежаванне. Вулічны фатограф павінен умець хутка ацаніць становішча: што фатаграфаваць? Якія прававыя ўмовы існуюць? Існуе яшчэ адна праблема: паводле закону, нават фатаграфаванне можа быць забаронена – калі здымкі парушаюць прыватную альбо нават інтымную сферу.   

Абараніць людзей ад паказу іх бездапаможнасці

Падобныя парушэнні асабістых правоў праз фотаздымку прапісаны таксама ў параграфе 201а Крымінальнага кодэксу. У 2015 годзе той стаў больш строгім. Пра што ў ім ідзе гаворка?
 

Параграф 201а разглядае асаблівыя парушэнні вельмі асабістых сфераў жыцця: напрыклад, калі каго-небудзь фатаграфуюць ва ўласнай кватэры альбо ў кабінцы для пераапранання. Гэта можа быць і сад, вакол якога чалавек паставіў высокі плот, бо любіць загараць за ім аголеным – і вось ляціць дрон і фататаграфуе яго.
 
Чаму параграф быў зроблены больш строгім?
 

У 2015 годзе ён быў дапоўнены, каб абараніць асобаў ад дэманстрацыі іх бездапаможнасці. Узгадайце ахвяраў няшчасных выпадкаў, якіх фатаграфуюць зявакі. Менавіта ў інтэрнэце часта можна сустрэць фатаграфіі, выяўленыя на якіх няшчасці іншых людзей становяцца аб’ектамі кпінаў. Да параграфа 201а дадаўся яшчэ адзін абзац: тым, хто нанясе значную шкоду рэпутацыі сфатаграфаванай асобы, пагражаюць пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі альбо грашовага штрафа. Аднак паняцце шырокае: чым можна значна пашкодзіць рэпутацыі сфатаграфаванай асобы? Магчыма, гэта выпадак, калі чалавек поўны і нязграбна танцуе? Падобных спрэчных выпадкаў пакуль не было, бо дапаўненні яшчэ новыя. Фатографы павінны быць сёння вельмі асцярожнымі. 
 
Вулічныя фатографы таксама карыстаюцца дронамі, з дапамогай якіх робяцца выдатныя здымкі з паветра. Што будзе, калі пры гэтым ненамерана будуць парушаны асабістыя правы?
 

Трэба, каб правапарушэнне было ўчынена намерана. Калі чалавек спыніцца і пераканаўча скажа: «О, я не ведаў, што Вы ляжыце ў садзе аголеным», – то яго не пакараюць.

Сетка камер становіцца шчыльней

Калі правесці паралелі з іншымі краінамі, то ці не будуць нямецкія законы асабліва строгімі?
 

Мы знаходзімся дзесьці ў сярэдзіне. Гэтыя законы з’яўляюцца часткай агульнапрынятых поглядаў прынамсі ў краінах захаду. Законы падобныя да законаў іншых краін, бо такое паняцце, як «абарона прыватнай сферы» існуе не толькі ў Германіі. У Вялікабрытаніі альбо ЗША рашэнне аб наяўнасці правапарушэння прымаецца падчас разгляду кожнага асобнага выпадку.
 
У Германіі налічваецца 50 мільёнаў карыстальнікаў смартфонаў, мільёны людзей круглыя суткі маюць пры сабе фотакамеры. Што змянілася ў выніку гэтага?
 
Магчыма, раней ці пазней трэба будзе прымірыцца з тым, што на вуліцы вас могуць сфатаграфаваць альбо зняць на відэа. Сёння міні-дроны, дата-акуляры і кожная машына маюць убудаваныя камеры – сетка камер пашыраецца і ўшчыльняецца.

Д-р Томас Швенке – адвакат з Берліну. Ён з’яўляецца кансультантам фірмаў, агентураў альбо ўласнікаў інтэрнэт-парталаў па пытаннях абароны дадзеных, аўтарскага і брэндавага права, а таксама права ў галіне маркетынгу ў сацыяльных сетках. Ён не толькі займаецца адвакацкай практыкай, але і чытае лекцыі па гэтай тэматыцы, апублікаваў некалькі кніг і вядзе блог.