Літаратурная крытыка Трэнд вядзення блогаў

Перавага літаратурных блогаў: у сеціве кантэнт даступны ўсім на працягу доўгага часу
Перавага літаратурных блогаў: у сеціве кантэнт даступны ўсім на працягу доўгага часу | Фота (фрагмент): © art_sonik/Fotolia

Блогеры занялі сваё месца ў літаратурным асяродку і з’яўляюцца сёння важнымі кантактнымі асобамі для выдавецтваў. Значнасць некаторых блогаў сувымерная салідным літаратурным рубрыкам газет і часопісаў.
 

Колькасць літаратурных блогаў у Германіі пакуль што неабходна вызначыць. Іх тысячы, а можа болей? Ясна адно: іх стала становіцца больш. Для ўдзелу ў Лейпцыгскім кніжным кірмашы ў 2015 годзе зарэгістравалася 400 блогераў, у 2016 іх было ўжо 800. Падчас сустрэчы блогераў, арганізаванай выдавецтвам «Бастай Любэ» ў Кёльне ў 2016 годзе, сто квіткоў разышліся за гадзіну. Лічбы сведчаць аб тым, што літаратурная крытыка жывая як ніколі, а блогеры занялі сваё месца ў літаратурным асяродку, стаўшыся галасамі, якія трэба прымаць усур’ёз.
 
Гэта пацвярджаюць таксама і выдавецтвы. Так, напрыклад, паважнае выдавецтва «Зуркамп Ферлаг» падтрымлівае кантакт з 500 блогерамі. Прэс-сакратар выдавецтва «Шофлінг і К.» Караліна Лопез падкрэслівае, што мінуліся часы, калі можна было не заўважаць блогераў. «Класічныя СМІ вымушаны эканоміць. Таму значэнне блогераў для тых, хто шукае літаратуру, будзе, пэўна, толькі ўзрастаць», – кажа яна.

Няма страху дакранання

Нават літаратурная крытыка глядзіць на падобнае развіццё падзей пазітыўна. «Даволі часта ў літаратурных рубрыках аўтары скардзяцца на тое, што ўвага грамадскасці да літаратуры стала вельмі нязначнай, – кажа літаратурны крытык і загадчык літаратурнай рубрыкі навіновага часопіса “Фокус” Увэ Вітшток. – Калі сёння ў сеціве паўстаюць пляцоўкі, на якіх кваліфікавана разглядаецца літаратура, то гэта можна толькі вітаць». У дачыненні да слова «кваліфікавана» Вітшток дапускае пэўныя абмежаванні. «Большасць літаратурных блогаў разглядае жанравую літаратуру з перспектывы прыхільнікаў гэтых жанраў, – кажа ён. – Найноўшыя творы з галіны фэнтэзі, любоўных раманаў, дэтэктываў і жахаў сустракаюцца з вялікім энтузіязмам, але тут адсутнічае крытычная дыстанцыя і аналіз. Гэта карысна і добра для прыхільнікаў жанраў, але не мае нічога агульнага з літаратурнай крытыкай у сур’ёзным значэнні слова».
 
Трэба падкрэсліць, што блогеры заўсёды бараніліся ад «сур’ёзнага сэнсу слоў». Напрыклад, Увэ Калькоўскі, які вядзе блог «Kaffeehaussitzer» («Заўсёднікі кавярняў») казаў падчас сустрэчы блогераў у Кёльне пра «два зусім розныя заняткі» і прызнаўся, што каб пісаць класічную літаратурную крытытку, яму не хапае «інструментаў і экспертызы». Блогерка Кацярына Кірстэн падала ў артыкуле ў газеце «Бёрзэнблат» у 2015 годзе падобныя тэзы: «Блогі, як правіла, маюць больш нізкі парог, яны больш асабістыя, іх аўтары не баяцца эмоцый, не баяцца казаць “я”, тут на самой справе адбываецца размова «на ўзроўні вачэй».

Блогеры як адкрытая, здольная да інтэграцыі грамада

Гэтае «на ўзроўні вачэй» – адна з прычын, чаму размовы пра кнігі ў сеціве занялі сваё месца. Бо «больш нізкі парог» тычыцца не толькі тону, але і самога адбору кніжак. Фэнтэзі, любоўныя раманы і кнігі жахаў рэдка трапляюць у літаратурныя рубрыкі саліднай друкаванай прэсы. Блогі ствараюць для іх форум у літаральным сэнсе слова: у блогах адбываюцца інтэнсіўныя дыскусіі. Акрамя таго, блогеры лічаць сябе адкрытай грамадой, здольнай да інтэграцыі, якая дае спасылкі на блогі іншых аматараў літаратуры.
 
Без сумневу можна спрачацца пра ўзровень рэцэнзій. Фракцыя крытыкаў-аматараў, якія перасказваюць раманы і даюць эмацыйныя ацэнкі, вялікая. Што тычыцца т. зв. буктубераў, чыё імя ўяўляе сабой гульню слоў «book» і «Youtube», то тут таксама падобная сітуацыя. Буктуберы распавядаюць перад пастаўленай імі самімі камерай пра адабраныя імі самімі кніжкі, а потым выкладаюць свае паўпрафесійныя кліпы ў сеціва. Яны таксама маюць значную частку медыйнай прасторы – сёння іх колькасць налічвае ад 200 да 300 асобаў. І гэты трэнд павялічваецца.

#wirsindbooktube – праект 40 нямецкіх буктубераў

Істотнае далейшае развіццё

Аднак як раз у выпадку блогаў сёння існуе шмат фарматаў, каштоўнасцю якіх з’яўляецца істотнае далейшае развіццё. Напрыклад, інтэрнэт-часопіс «Тэль» («Tell») робіць журналістка і аўтарка Зіглінда Гайзель, якая сабрала вакол сябе перакладчыкаў, блогераў, крытыкаў і пісьменнікаў. «”Тэль” павінен паяднаць высокі ўзровень літаратурных рубрык з спантанасцю блогаў», – тлумачыць Зіглінда Гайзель. Блогі «Begleitschreiben» («Суправаджальны ліст») альбо «Culturmag» («Культурны часопіс») належаць да амбітных фарматаў, у якіх грунтоўны літаратурны аналіз мае найвялікшы прыярытэт. У сваім блогу «Kaffeehaussitzer» Увэ Калькоўскі ўвасобіў іншую ідэю. У сталай рубрыцы «Фрагмент тэкста» ён выстаўляе асаблівыя ўрыўкі тэкстаў з розных раманаў, складае іх спісы і каментуе.
 
Прыклады паказваюць, як ажыццяўляецца прагноз аўтара і блогера Франка О. Рудкоўскага, зроблены ў пачатку 2016 года. «Блогі, – сказаў ён, – не заменяць літаратурныя рубрыкі, але пашыраць літаратурны дыскурс, літаратурную прастору». Літаратурныя рубрыкі друкаваных выданняў ужо цяпер адстаюць у тым, што тычыцца хуткасці, месца і гатоўнасці да рэагавання. «Тое, што публікуецца толькі ў штодзённых альбо штотыднёвых газетах, хутка стаецца недасягальным для звычайных чытачоў-непрафесіяналаў, у сеціве ж яно доўга застаецца даступным», – кажа Увэ Вітшток з часопіса «Фокус». І як адрэагаваў вядомы крытык, зразумеўшы гэта? Ён сам стварыў блог. Той называецца «Büchersäufer» («Кніжны п’яніца»).