Нямецкая кніжная прэмія Уцёкі ад сябе

Лаўрэат прэміі Бода Кіршхоф
Лаўрэат прэміі Бода Кіршхоф | Фота (фрагмент): © Laura J. Gerlach

За сваю навелу «Выпадак» Бода Кіршхоф атрымаў Нямецкую кніжную прэмію 2016 года. Поспех продажаў тым самым запраграмаваны – так сама як і ў выпадку іншых лаўрэатаў літаратурных прэмій у Еўропе і ЗША.

Дагэтуль у літаратурнай сферы панавала ўраўноўваючая справядлівасць: ужо ў 2012 годзе Бода Кіршхоф з сваім суперскладаным раманам «Каханне ў агульных рысах» («Die Liebe in groben Zügen») быў намінаваны на Нямецкую кніжную прэмію, аднак, нягледзячы на шматлікія станоўчыя артыкулы крытыкаў, не патрапіў у вузкае кола адабраных. І вось ён дамогся поспеху: за навелу «Выпадак» («Widerfahrnis») атрымаў на Франкфурцкім кніжным кірмашы прэмію ў памеры 25.000 еўра.
 
Дзеянне «Выпадку» непрыкметна пачынаецца ў доме, які знаходзіцца ў прылеглых да Альпаў краях. Вільготна-халоднай красавіцкай ноччу мужчына і жанчына – абодвум за 60, у іх сэрцах няма ілюзій – садзяцца ў машыну і выяжджаюць у Італію. Яны перасякаюць краіну, дакладна не ведаючы, што ім там трэба. Былы супрацоўнік невялікага выдавецтва і няўдалая ўласніца крамы капелюшоў, якія нядаўна пазнаёміліся, уцякаюць ад уласнага жыцця, у якім больш нічога не адбываецца, ад уласнага мінулага, ад саміх сабе. Дарэмна.

Прывідная любоў да бліжняга

Бо яны, зразумела, не могуць уцячы. У Італіі яны да таго ж паўсюль сутыкаюцца з людзьмі, якія ўцякаюць у супрацьлеглым кірунку. І вось у Катаніі на Сіцыліі  раптам з’яўляецца дзяўчынка ва ўзросце прыкладна 12 гадоў у падранай сукенцы, якая моўчкі прапануе набыць уласны ланцужок. Пара забірае дзіця ў гатэль, купляе яму адзенне і мае пачуццё, што яны для яго могуць быць бацькамі, памочнікамі і ратавальнікамі. Аднак прывідная любоў да бліжняга не звязана з самаадданасцю – хутчэй з тым, чаго не хапае старэючай пары і з тыпова нямецкімі фантазіямі аб уратаванні свету. У «Выпадку» Кіршхоф паядноўвае такія свае вялікія тэмы, як каханне, адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі, а таксама нястомны пошук жыццёвага шчасця з актуальнай тэматыкай уцекачоў, ствараючы навелу. «Нечуваны выпадак», які ляжыць у аснове навелы – гэта, уласна кажучы, цэлае падарожжа і, перш за ўсё, яе збіваючы з тропу канец…
 
Ушанаванне, якое, на думку многіх крытыкаў, адбылося на пару гадоў пазней і якое тычыцца ўсяго творчага даробку Кіршхофа – гэта задавальненне для аўтара, які належыць да заснавальнікаў Нямецкай кніжнай прэміі. «Я думаў, што ў Германіі павінна быць штосьці, што будзе папутным ветрам для раманаў, – узгадвае ён у адным інтэрв’ю газеце “Дзі Вельт”. Аднак так падавалася не ўсім. – Намер узнагароджваць “нямецкай” літаратурнай прэміяй у той час амаль спужаў людзей».

Доўгі шлях да кніжнай прэміі

Цяжка ўявіць, што, нягледзячы на існаванне розных прэмій і стыпендый, а таксама Прэміі імя Бюхнера і Прэміі міра Нямецкага кніжнага гандлю доўгі час не было прэміі за лепшы раман альбо лепшы твор апавядальнай прозы на нямецкай мове. Аднак у адрозненне ад Францыі, ЗША альбо Вялікабрытаніі ў Германіі пабойваліся вылучаць з масы кніжных навінак які-небудзь адзін твор.
 
Будучы аўтарам, які павінен жыць з пісання, Кіршхоф меў на ўвеце маркетынгавы эфект падобнай прэміі. Яго асабліва добра можна назіраць у выпадку найважнейшай літаратурнай прэміі Францыі – «Prix Goncourt». Прэмія, якая прысуджаецца пачынаючы з 1903 года за найлепшы апавядальны твор года, мае памер у 10 сімвалічных еўра, але ўзнагароджаныя ёй кнігі без выключэнняў робяцца бестселерамі. Той факт, што творы лаўрэатаў пераважна выходзяць у вялікіх выдавецтвах «Gallimard», «Grasset» альбо «Seuil», стала выклікае крытыку.

Прэміі не прысуджаюцца без дыскусій

Інакш выглядаюць справы ў выпадку брытанскага адпаведніка прэміі «Man Booker Prize for Fiction», памер якой складае 50.000 фунтаў стэрлінгаў. Каб пазбегнуць уплыву вялікіх выдавецтваў, прымяняецца складаная працэдура. Фонд, які прысуджае прэмію, склікае дапаможную раду, якая штогод абірае новых чальцоў журы. Таксама і ў Брытаніі шортліст выклікае павышэнне ўзроўню продажаў. Цырымонія ўручэння прэміі, якая ўжывую перадаецца па тэлебачанні, канчаткова абумоўлівае паспяховасць продажу твора, які быў узнагароджаны. Тое ж тычыцца і Прэміі Пуліцэра, якая ўручаецца ў ЗША пачынаючы з 1917 года – яе прысуджаюць як за публіцыстычныя творы, так і за тэатральныя пастаноўкі, лірыку, навукова-папулярныя кнігі і раманы.
 
Дыскусіі аб тым, ці заслужыў той ці іншы аўтар узнагароду, адбываюцца з моманту першага прысуджэння Нямецкай кніжнай прэміі ў 2005 годзе. Зразумела, што некаторыя творы падабаюцца шырокім колам публікі («Die Mittagsfrau»  – «Палудзенная жанчына» Юлі Франк, «Die Vermessung der Welt» – «Вымярэнне свету» Даніэля Клемана), іншыя аб’ёмныя кнігі трапляюць у спісы бестселераў прынамсі на кароткі час («Die Erfindung der Rote Armee Fraktion durch einen manisch-depressiven Teenager im Sommer 1969» – «Вынаходніцтва Фракцыі Чырвонай Арміі маніякальна-дэпрэсіўным падлеткам улетку 1969 года» Франка Вітцэля). «Урэшце, заўсёды ёсць сімпатыі, заснаваныя на густах, яны ўраўнаважваюцца, – кажа Бода Кіршхоф. Будучы заснавальнікам, а цяпер і лаўрэатам прэміі, ён можа быць задаволеным. – Трэба адкрыць кнігу, якую павінен знайсці чытач, і адначасова іншыя, якія таксама цікавыя. Тое заўсёды ўдавалася прэміі».