Віртуальная рэчаіснасць Даследчыя лабараторыі для новых тэхналогій

Магчымасці знаёмства з віртуальным светам ў бібліятэцы пры дапамозе акуляраў віртуальнай рэчаіснасці
Магчымасці знаёмства з віртуальным светам ў бібліятэцы пры дапамозе акуляраў віртуальнай рэчаіснасці | Фота (фрагмент): © Stadtbibliothek Köln

У «Цэнтры гульнязнаўства» (Game Science Center) ў Берліне наведвальнікі могуць зазірнуць у будучыню і выпрабаваць рэчы, якія хутка будуць вызначаць нашу штодзённасць. Напрыклад, такія новыя тэхналогіі, як віртуальная рэчаіснасць, якія могуць быць цікавымі таксама і для бібліятэк.
 

На гэтай выставе зусім не ціха. Зліваецца гук сігналаў, электроннай музыкі і смех наведвальнікаў, якія як раз выпрабоўваюць інсталяцыю. Маладая жанчына стварае мелодыі, танцуючы перад інфрачырвонай камерай. Дзеці трымаюць рукі нібыта воблакі па-над скрыняй з пяском, выклікаючы дождж. Ля ўвахода сядзяць наведвальнікі ў няўклюдных шаломах віруальнай рэчаіснасці (ВР) і перажываюць прыгоды ў дыгітальных сусветах.

Знаёмства з тэхналогіямі будучыні

«Цэнтр гульнязнаўства» ў Берліне (Game Science Center –GSC, ЦГ) – гэта не звычайны музей. Усе без выключэння экспанаты з’яўляюцца інтэрактыўнымі: з імі можна азнаёміцца ў гульнявой форме. «Музей будучыні» знаёміць з тэхналогіямі, якія хутка будуць вызначаць наша штодзённае жыццё: тут і віртуальная рэчаіснасць, і кіраванне з дапамогай вачэй і жэстаў. «Многія людзі спачатку скептычна глядзяць на новыя тэхналогіі, – кажа адзін з заснавальнікаў ЦГ Кірыл Этэр. – Нам хочацца, каб падчас першага знаёмства ў іх засталося добрае ўражанне». Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца шаломы ВР, якія выкарыстоўваюцца ў «музеі будучыні» з моманту адкрыцця выставы. Пяціхвілінныя сесіі, паседжанні пагружаюць наведвальнікаў музея ў віртуальныя сусветы. Шалом ВР стварае перад вачыма дзве стэрэаскапічныя карцінкі, якія мозг успрымае як адну, што мае вялікую глыбіню. Таму карыстальнікі пачуваюцца «ў цэнтры» таго, што адбываецца, бо сістэма, якая складаецца з камеры і акуляраў, рэгіструе рухі іх галоваў. Наведвальнікі могуць рабіць выбар паміж рэальнымі відэазапісамі, невялікімі анімацыямі і відэакліпамі, дыяпазон сюжэтаў пачынаецца ад віртуальнага плавання на падводным чоўне і сканчаецца паэтычнай інтэрпрэтацыяй твора Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц».

Шалом ВР Фота (фрагмент): © GSC GameScienceCenter GmbH/Sandy Kramer

Бібліятэкі таксама могуць выкарыстоўваць ВР

Кірыл Этэр кожны дзень бачыць, якое захапленне выклікае ВР у наведвальнікаў музея – і лічыць гэту тэхналогію амаль рэвалюцыйнай: «Я лічу, што яе можна праўнаць з вынаходніцтвам тэлебачання». Ужо сёння ВР выкарыстоўваецца ў многіх сферах жыцця: у фільмах, камп’ютарных гульнях, журналістыцы, турызме, архітэктуры і медыцыне. Этэр перакананы ў тым, што ВР можа быць карыснай і для бібліятэк – напрыклад, у выпадках азнаямлення з гісторыяй: «Калі хто-небудзь хоча ведаць, як выглядала жыццё ў старажытным Рыме, то ВР можа перанесці яго туды». Дзякуючы ВР можна больш непасрэдна, чым праз класічныя медыя-сродкі, перадаць таксама і актуальныя палітычныя і грамадскія тэмы.

Навучацца шляхам актыўнага выпрабавання

Гарадская бібліятэка Кёльна – адна з першых устаноў Германіі, якая прапануе рэгулярныя праграмы, у межах якіх наведвальнікі могуць пазнаёміцца з віртуальнай рэчаіснасцю з дапамогай шаломаў ВР. «Мы зыходзім з таго, што яны будуць мець вялікі ўплыў на медыя-культуру сучаснасці: напрыклад, у сферы гульняў, архітэктуры, медыцыны альбо камунікацыі ў сацыяльных сетках», – такая інфармацыя змешчана на сайце. «Грамадзяне павінны скласці сабе ўласнае ўяўленне аб новых тэхналогіях, –  кажа дырэктар бібліятэкі Ханэлорэ Фогт. – Гаворка ідзе пра навучанне шляхам актыўнага выпрабавання». Падчас семінара, прысвечанага ВР, зацікаўленыя наведвальнікі выпрабоўваюць розныя праграмы і гульні: напрыклад, праграму «Tilt Brush», з дапамогай якой можна рабіць 3D-малюнкі ў віртуальнай прасторы. «Асаблівай папулярнасцю карыстаюца імітацыя мора “The Blu” і “Job Simulator”, – кажа кіраўнік семінара Філіп Бюльтман. – Ён вельмі добра дэманструе, як ажыццяўляецца працэс кіравання ў ВР». Акрамя таго, на вялікім экране ўдзельнікі семінара могуць сачыць за тым, што ў дадзены момант бачыць чалавек у шаломе ВР.

Акуляры HTC-Vice ў Гарадской бібліятэцы Кёльна Фото (фрагмент): © Stadtbibliothek Köln

Вялікі патэнцыял

Праграмы Гарадской бібліятэкі Кёльна сведчаць аб тым, што менавіта ў дыгітальную эпоху, калі шмат інфармацыі прадастаўляецца праз інтэрнэт, бібліятэка як месца набывае ўсё большае значэнне. Тут людзі могуць абменьвацца думкамі і разам навучацца, знаходзіць натхненне і выпрабоўваць розныя рэчы. Такая новая тэхналогія, як віртуальная рэчаіснасць робіць дзве рэчы: па-першае, яна з’яўляецца сродкам перадачы ведаў і абмену, па-другое, яна сама выступае аб’ектам вывучэння.
 
Аднак доўгатэрміновае выкарыстанне шаломаў ВР – гэта арганізацыйны выклік. У гэтай справе «Цэнтр гульнязнаўства» ў Берліне здабыў каштоўны досвед. Для выкарыстання акуляраў кожным новым наведвальнікам іх неабходна прадэзынфікаваць і ад’юсціраваць. ЦГ распрацаваў не толькі працэдуры, якія значна скарачаюць абслугоўванне і персанальныя выдаткі, але і спецыяльны фатэль для выкарыстання шаломаў ВР у грамадскіх установах. Калі ўлічваць пытанне выдаткаў, то такія працэдуры вельмі важныя для бібліятэк.
 
Ханэлорэ Фогт, якая працуе ў Гарадской бібліятэцы Кёльна, сведчыць пра высокі патэнцыял ВР «менавіта ў сферы медыцыны». З гэтай прычыны бібліятэка мае намер прапанаваць азнаямляльны курс трэніроўкі мозга з дапамогай віртуальнай рэчаіснасці спецыяльна для пажылых карыстальнікаў. Акрамя таго, удзельнікі семінара навучаюцца праграмаванню простых сусветаў віртуальнай рэчаіснасці. «Для нас важна ўступіць з людзьмі ў дыялог, – падкрэслівае Фогт. – Мы хочам весці дыскусію пра тое, які ўплыў аказвае ВР на наша жыццё і працоўную сферу». Новыя тэхналогіі таксама маюць для бібліятэкі і практычную карысць: Фогт лічыць, што тачскрыны, праз якія ажыццяўляецца пошук у каталогу і якія патрабуюць інтэнсіўнага тэхнічнага абслугоўвання, у доўгатэрміновай перспектыве можна замяніць на камеры, якія кіруюцца з дапамогай жэстаў. Наведвальнікі ЦГ у Берліне могуць выпрабаваць падобнае ўжо цяпер.