Дыгіталізацыя палітыкі Новая адкрытасць

Палітыка і інтэрнэт
Палітыка і інтэрнэт | Фота: © Blablo101/iStock

Твітар, Фэйсбук, Снэпчат – сацыяльныя сеткі ператвараюцца ў важную платформу палітычнай камунікацыі ў Германіі. Аднак тут хаваюцца некаторыя неспадзяванкі.
 

Зварот не вытрымаў бы патрабаванняў ніводнага дыпламатычнага пратакола. Аднак да тых, хто ўступае ў кантакт з Федэральным урадам Германіі, звяртаюцца «Дарагі Марка». Гэта надзвычай нефармальна, нават па-таварыску. Часам «прыяцель Федэральны ўрад» мае ў запасе дзёрзкі выраз, за якім ідзе падміргіваючы смайлік.
 
І гэта працуе. Федэральны ўрад мае ўласную старонку на Фэйсбуку з 2015 года, за няпоўны год ён займеў амаль 400.000 «сяброў». Гэта больш за тыражы большасці газет у Германіі.

Інтэрнэт як найважнейшая платформа

Усё гэта – частка стратэгіі працы ў сацыяльных сетках прэс-сакратара ўраду Штэфана Зайберта. У 2011 годзе ён прыцягнуў да сябе ўвагу, пачаўшы пісаць у Твітары пад нікам @RegSprecher. Некаторыя журналісты палічылі, што гэта зусім не жартачкі, калі ён абвясціў пра будучы візіт федэральнага канцлера Ангелы Меркель у ЗША спачатку праз Твітар. Журналісты, якія слаба прысутнічалі ў сацыяльных сетках, задаліся пытаннем, ці не варта ім цяпер завесці аккаўнты ў сацыяльных сетках, каб даведвацца пра тое, што адбываецца ва ўрадзе.
 
З тых часоў дыгітальны свет змяніўся. Амаль не засталося нямецкіх журналістаў альбо палітыкаў, якія не прысутныя ў Твітары, Фэйсбуку, Інстаграме альбо Снэпчаце. І ўсё менш застаецца грамадзянаў, якія атрымліваюць інфармацыю толькі праз класічныя СМІ. Інтэрнэт стаў найважнейшай платформай палітычнай камунікацыі ў Германіі.
 
Палітыкі ўсіх партый імкнуцца стацца заўважнымі ў сацыяльных сетках. Канцлеру Ангеле Меркель гэта вельмі добра ўдалося – у 2015 годзе яна дала інтэрв’ю зорцы нямецкага Ю-Тубу ЛеФлойду. Відэа ўжо атрымала больш за пяць мільёнаў праглядаў. Невялікія выдаткі, значны эфект.

Змяняецца культура вядзення дыскусій

Інтэрнэт моцна змяніў культуру дыскусій на палітычныя тэмы. Сёння кожны, хто мае выхад у сеціва, можа браць удзел у палітычных дэбатах: на розных форумах вядучых навіновых парталаў і тэлеканалаў, на старонках Федэральнага ўрада і асобных міністэрстваў у сацсетках альбо наўпрост з палітыкамі ў Твітары. Да ліку асабліва актыўных карыстальнікаў належаць міністр Федэральнага ведамства канцлера Петэр Альтмаер з ХДС, а таксама кіраўнік СДПГ і віцэ-канцлер Зігмар Габрыель. Гледзячы па абставінах, яны таксама даюць адказы праз Твітар.
 
Бум адбываеца і ў сферы анлайн-петыцый. Пачынаючы з 2012 года, існуе магчымасць рэакламаваць свае ідэі у рэжыме анлайн на старонках Бундэстага. Калі назбіраецца 50.000 подпісаў, то парламенцкая камісія па працы з петыцыямі павінна разгледзець зварот на публічным паседжанні. На старонцы Бундэстага, прызначанай для петыцый, зарэгістравана больш за два мільёны чалавек. У 2015 годзе было пададзена больш за 13.000 петыцый, шэсць з іх перакрочылі парог у 50.000 подпісаў. Тэмы былі самыя розныя: ад забароны экспарта зброі і нізкіх заробкаў даглядчыкаў за старымі і інвалідамі да патрабавання таго, каб бальнічныя касы кампенсавалі кошт тэрапіі гашышам.

Вялікая колькасць поўных нянавісці каментароў

Зваротным бокам новай адкрытасці з’яўляюцца полчышчы троляў, сучаснікаў з стабільна дрэнным настроем і тых, хто адмаўляе факты – імі кішыць сеціва. Калі раней іх можна было сустрэць толькі ў бакавых пакоях, то цяпер яны знайшлі сабе пляцоўку для гульняў у сеціве. Яны ўсё больш атручваюць культуру палітычных дэбатаў.
 
На працягу некалькіх гадоў міністр юстыцыі Хайко Маас (СДПГ) марна імкнецца пераканаць Фэйсбук у тым, каб той паслядоўна выдаляў поўныя нянавісці каментары. Пры гэтым адна з адной сутыкаюцца розныя культуры: амерыканская кампанія мае больш шырокае ўяўленне аб свабодзе слова. Яна нават пакрывае адмаўленне Халакосту, якое забаронена ў Германіі законам.

Уласнаручна створаная бурбалка меркаванняў

Наступнай дыгітальнай вехай будуць выбары ў Бундэстаг 2017 года. Партыі ведаюць, што выбары не выйграюцца ў сеціве. Аднак там іх можна прайграць. Плакаты, абвесткі ў газетах і телевізійныя ролікі па-ранейшаму даходзяць патэнцыйна да кожнага. Аднак інтэрнэт-стратэгі перш за ўсё маюць на мэце мабілізацыю ўласнай публікі. А многія карыстальнікі інтэрнэта ўтульна ўладкоўваюцца ў створаных імі самімі бурбалках меркаванняў і больш не заўважаюць, што, можа быць, іншыя думаюць не так, як яны.
 
Акрамя таго, адносна новая правапапулісцкая партыя Альтэрнатыва для Германіі (Alternative für Deutschland – AfD, АДГ) хацела прымяніць падчас перадвыбарчай барацьбы зусім новы агітацыйны метад. Яна мела намер задзейнічаць т. зв. сацыяльных ботаў (Social Bots). Гэта робаты па фармаванні грамадскага меркавання, якія аўтаматычна ўключаюцца ў палітычныя дэбаты на Фэйсбуку альбо Твітары. Замаскаваныя пад сапраўдных карыстальнікаў, яны счытваюць прыватную інфармацыю карыстальніка, збіраюць яе, а потым распаўсюджваюць сваю.
 
Іншыя партыі адмовіліся ад выкарыстання падобных ботаў па фармаванні грамадскага меркавання. Крытыка была настолькі моцнай, што АДГ пакінула гэту ідэю. У ЗША, нааадварот, падобныя боты належаць да інструментарыя тых, хто ўдзельнічае ў перадвыбарчай барацьбе падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта 2016 года.