Літаратурны канон З Кафкам немагчыма размінуцца

Літаратурны канон
Літаратурны канон | Фота: © artisteer/iStock

Дыскусіі ў межах літаратурных рубрык газет, прагматычная праца ў школах: размова пра абыходжанне з абавязковай для прачытання літаратурай і пытаннем пра яе неабходнасць.
 

Гэта кніжка не з’яўляецца абавязковай для прачытання – у многіх школьных класах Германіі побач з творамі з навучальнай праграмы чытаюць папулярны моладзевы раман Вольфганга Херндорфа «Чык». Гэта, верагодна, і ёсць частковым адказам на патанне аб тым, ці сапраўды адпавядае часу літаратурны канон.
 
Але што такое, уласна кажучы, літаратурны канон? Гэта паняцце паходзіць з грэчаскай мовы і азначае «правіла, маштаб, кіраўніцтва». А хто вызначае маштаб? Сёння, прынамсі, існуе кансенсус наконт таго, што для стварэння канона, трэба, каб доўгі час існавала пастаянная група, якая пагодзіцца з ім. Таму ён ніколі не бывае канчаткова створаным. Гэта прынцыповая адкрытасць выклікала ў многіх адмаўленне любога канону. Акрамя таго, заўсёды выражаюць падазрэнне ў тым, што, усталёўваючы канон, пэўная група імкнецца забяспечыць сабе культурнае дамінаванне.

Адлюстроўваць разнастайнасць грамадства

Немцы заўсёды лічылі сябе культурнай нацыяй з мовай і літаратурай у якасці яднаючай рэчы. Можа быць, менавіта таму многія ў краіне патрабуюць, каб выпускнікі школ мелі добрыя веды ў галіне літаратуры. Аднак паўстае пытанне аб тым, якія творы павінны належаць да спісу абавязковых для прачытання ў грамадстве, што робіцца ўсё больш разнастайным. Напрыклад, творы турэцкай альбо арабскай літаратуры не належаць да ліку тых, якія ў адпаведнасці з навучальнай праграмай павінны ведаць вучні ў Гамбургу, Мюнхене альбо Кёльне – нягледзячы на тое, што многія з іх паходзяць з гэтых культур.
 
Але ж пярэчанні супраць канона ідуць з іншага кірунку. Часта іх выказваюць тыя, хто надае вялікую ўвагу практычнаму прымяненню адукацыі. Тым самым яны ставяць пад пытальнік канцэпцыю адукацыі, якая паўстала ў пачатку XIX стагоддзя – яе сімваламі з’яўляюцца ваймарская класіка і ўніверсітэцкі ідэал Вільгельма фон Гумбальдта. Так у 2015 годзе шмат увагі прыцягнула да сябе скарга адной абітурыенткі з Кёльна. Тая напісала ў Твітары: «Мне амаль 18 гадоў і я не маю ніякага ўяўлення аб падатках, квартплаце альбо страхоўках. Аднак я магу зрабіць пісьмовы аналіз верша. На чатырох мовах».

Рэкалама «карысці бескарыснага»

Рэзананс ад гэтага запісу ў Твітары быў вялікі. У тыднёвіку «Дзі Цайт» Ульрых Грайнер выступіў у абарону «карысці бескарыснага» – вывучэння «грэчаскай і лацінскай моў, музыкі і мастацтва», якое не мае скіраванасці на практычнае прымяненне ў штодзённым жыцці. Ён скрытыкаваў нямецкую культурную палітыку, якая прынесла ў ахвяру практычным «кампетэнцыям» грунтоўнае вывучэнне кананічных тэкстаў. Да ліку тых, хто рашуча выступае за захаванне абавязковага канона, належыць прэзідэнт Нямецкага саюза настаўнікаў Ёзеф Краўс. «Чалавеку як культурнай істоце патрэбны арыенціры і веды аб сваім паходжанні, – кажа Краўс. – Гаворка ідзе пра космас каштоўнасцяў, які паўстаў за 2000 гадоў еўрапейскай гісторыі».
 
Аднак засяроджанасць на старадаўніх творах з’яўляецца спрэчнай. Так Санда Кегель скардзілася ў газеце «Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг» на тое, што ў сённяшніх навучальных планах амаль поўнасцю адсутнічае сучасная літаратура. На самой справе там ёсць перш за ўсё тое, што было прызнана вартым: у Бадэн-Вюртэмбергу з’яўляецца «Агнэс» («Agnes») Петэра Штама, таксама трапляюцца творы Увэ Ціма. У паўсядзённай практыцы настаўнікі падыходзяць да гэтай тэмы прагматычна і індывідуальна. Адзін адточвае крытычны падыход да СМІ, выкарыстоўваючы сатырычны твор Цімура Фермеса «Ён зноўку тут» («Er ist wieder da»), другі катэгарычна адмаўляе вывучэнне сучасных літаратурных бестселераў.

Цэнтралізаваныя экзамены за курс сярэдняй школы ствараюць аднастайнасць

Большасць мае найменшую колькасць праблем з Георгам Бюхнерам: яго апавяданне «Вясна» («Lenz») і фрагмент драмы «Войцек» («Woyzeck») не толькі ўключаны ў склад навучальных праграм, але і ахвотна вывучаюцца. Побач з апавяданнямі Генрыха фон Кляйста – абавязковымі для прачытання амаль ва ўсіх федэральных землях – і творам Э.Т.А. Гофмана «Пясочны чалавек» («Der Sandmann») ёсць бясспрэчны ўлюбёнец навучальных планаў і настаўнікаў нямецкай мовы: Франц Кафка. Амаль ніводзін нямецкі школьнік не размінецца з яго апавяданнем «Ператварэнне» («Die Verwandlung»), часта чытаюць таксама і «Працэс» («Der Prozeß»), а яшчэ многія прыпавесці, фрагменты ідэй і лісты. Сакрэтам полішынэля з’яўляецца тое, што побач з захапленнем Кафкам важную ролю адыгрывае зручнасць працы з кароткімі тэкстамі падчас заняткаў.
 
Нават не даўшы школам падрабязных указанняў, кіраўніцтва федэральных земляў шляхам увядзення цэнтралізаваных экзаменаў за курс сярэдняй школы паклапацілася аб тым, каб у старэйшых класах ва ўсёй краіне чыталі тыя самыя кнігі. Улічваючы існаванне дакладных указанняў аб тым, веданне якіх кніг і тэм правяраецца на экзаменах, прастора манеўра для настаўнікаў змяншаецца. Паўсюль у спісах для прачытання знаходзяцца драмы Шылера, «Фаўст» Гётэ таксама абавязковы для вывучэння ва ўсёй Германіі. І гэта нягледзячы на тое, што па сакрэце многія настаўнікі кажуць, што гэты твор сёння занадта складаны для школьнікаў. Ананімная настаўніца нават напісала ў сеціве наступнае: «І што такога незвычайнага знайшлі ў «Фаўсце»???» Настаўнік, які задае падобнае пытанне, не абудзіць у сваіх вучняў цікавасці да Гётэ – а без яе найлепшы канон нічога не варты.