Параўнанне якасці адукацыі ў міжнародным кантэксце Адышлі ад шока, выкліканага вынікамі апытання PISA

На занятках
На занятках | Фота (фрагмент): © Kuzmichstudio/iStock

Сістэма адукацыі Германіі сёння мае лепшы стан, чым гэта было пасля апублікавання вынікаў першага даследавання PISA ў 2001 годзе. Аднак у абліччы дыгіталізацыі яе чакае новы выклік.
 

Гэта быў папярэдне абвешчаны шок. «Засталіся на другі год», – менавіта такі загаловак меў артыкул у тыднёвіку «Дзі Цайт», які выйшаў за тыдзень да публікацыі вынікаў першага міжнароднага даследавання паспяховасці школьнікаў АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Organisation for Economic Cooperation and Development, OECD). У снежні 2001 года стала вядома, што «многія школьнікі маюць найніжэйшы ўзровень», – паведаміла «Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг» пра даследаванне PISA, – іх дасягненні ў міжнародным кантэксце былі «ніжэй сярэдняга ўзроўню».
 
Немцы былі шакаваны, бо думалі, што маюць самую лепшую сістэму адукацыі. І вось гэта: у чытанні, лічэнні і прыродазнаўчых навуках іх дзеці занялі самыя апошнія месцы, а менавіта з 19 па 25 з 32 краін-удзельніц. Тэставалі дзевяцікласнікаў, і як раз ім цяжка даваліся складаныя заданні, калі трэба было разважаць, аналізаваць і прымяняць веды. «Яшчэ ў 1960- гадах Германія была “абсалютным лідарам” у галіне адукацыі, – кажа ў звязку з вынікамі даследавання PISA яго каардынатар Андрэас Шляйхер. – З тых часоў узровень павольна паніжаўся». Пасля шоку ад вынікаў даследавання PISA некалькі гадоў Шляйхера моцна крытыкавалі. Палітыкі патрабавалі яго адстаўкі і закідалі яму, што ён хоча стаць уратавальнікам нямецкай школы.

Болей абітурыентаў і студэнтаў-пачаткоўцаў

Шляйхер таксама быў тым, хто – цяпер ужо ў якасці дырэктара АЭСР па пытаннях адукацыі – давёў Германіі ў верасні 2016 года, што яна палепшыла сваю адукацыйную сістэму як ніякая іншая краіна. «Германія пакуль што не ўзорная вучаніца ў справах адукацыі, – сказаў ён падчас прэзентацыі штогадовай справаздачы АЭСР “Адукацыйны агляд”, – але яна зрабіла вельмі шмат». У амаль ніводнай прамыслова развітай краіне няма так мала моладзі без адукацыі альбо працы. Акрамя таго, колькасць абітурыентаў і студэнтаў-пачаткоўцаў расла хутчэй, чым яшчэ дзе-небудзь.
 
Ужо вынікі даследаванняў PISA 2003, 2006, 2009 і 2012 гадоў паказалі, што Германія справілася з шокам, а школьнікі сталі больш паспяховымі ў міжнародным кантэксце. У апошні раз яны былі ў першай траціне рэйтынгу краін, якія параўноўваліся.  Адказныя за палітыку ў сферы адукацыі ў Германіі з пэўнай доляй страху глядзяць на апублікаванне новых вынікаў даследавання PISA ў снежні 2016 года. Ці захаваецца тэндэнцыя руху ўгару, якая амаль стала звыклай? Альбо запал будзе ахалоджаны?

Зашмат рэформаў?

Аб тым, які высокі ўзровень няпэўнасці яшчэ пануе ў школах Германіі, сведчыць рэакцыя на параўнанне федэральных земляў, вынікі якога апублікаваў Інстытут квалітатыўнага развіцця ў галіне адукацыі (Institut für Qualitätsentwicklung im Bildungswesen – IQB) ў кастрычніку 2016 года. Школьнікі Бадэн-Вюртэмберга, якія стала былі наперадзе падчас параўнанняў у нацыянальным кантэксце ў першыя гады пасля шоку ад вынікаў даследавання PISA, паказалі вельмі благі вынік. Пасля гэтага разгарэліся дэбаты пра меркаваны «Хаос рэформаў». Газета «Дзі Цайт» палічыла, што «рашэнне аб неабдуманым скарачэнні тэрміну навучання ў школе» з 13 да 12 гадоў ды іншыя памылковыя захады мінулых гадоў зрабілі свой унёсак у абвал. «Шпігель» запатрабаваў: «Калі ласка, без эксперыментаў!»
 
На самой справе спіс рэформаў, якія напаткалі школы Германіі за 15 мінулых гадоў, вялікі: пачынаючы ад разбудовы школ з навучаннем на працягу ўсяго дня і да канчатковага развітання з асноўнай школай. Навучанне па спецыяльнасці «настаўнік» стала ажыцццяўляцца па бакалаўрскай і магістарскай праграмах, многія федэральныя землі ўвялі цэнтралізаваныя экзамены за курс сярэдняй школы. А пачынаючы з 2017 года, федэральныя землі маюць намер упершыню скарыстацца заданнямі да экзаменаў за курс сярэдняй школы з агульнага банку.
 
Дык хопіць рэформаў? Можа ў выніку яны нават зашкодзілі? Прынамсі гэта сцвярджаюць тыя, хто дамогся вяртання да здачы экзаменаў за курс сярэдняй школы пасля 13 гадоў навучання – як гэта мела месца ў Ніжняй Саксоніі. Зразумела адно: здзіўляючы пад’ём сістэмы адукацыі Германіі за апошнія 15 гадоў сведчыць хутчэй на карысць рэформаў, чым супраць іх – не кожнай асобнай, але старання, якое стаіць за імі. Тое, як пойдзе дыскусія далей, будзе залежыць ад вынікаў новага даследавання PISA.

Менш інвестыцый у сектары ВНУ

У кожным выпадку застаецца дастаткова дзялак для працы. Дырэктар па пытаннях адукацыі АЭСР Шляйхер звярнуў увагу таксама і на іх. Так, пачынаючы з 2008 года, урад ФРГ павысіў выдаткі на адукацыю ў разліку на вучня на 12 працэнтаў, а вось у сектары ВНУ ён інвестуе ў разліку на студэнта на дзесяць працэнтаў менш. І нават калі вырасла колькасць абітурыентаў і школьнікаў-першакласнікаў, доля нізкакваліфікаваных асобаў без прафесійнай адукацыі застаецца, калі параўноўваць у міжнародным кантэксце, на высокім узроўні ў 13 працэнтаў.
 
Наступны выклік ужо з’явіўся, бо дыгітальныя кампетэнцыі нямецкіх школьнікаў маюць усяго толькі сярэдні ўзровень. Крыніца гэтых дадзеных – міжнароднае даследаванне з мэтай параўнання.

У цэнтры ўвагі – прыродазнаўчыя навукі. Шостае даследаванне PISA

Паспяховасць 15-гадовых па найважнейшых прадметах у Германіі значна перавышае сярэдні ўзровень у параўнанні з іншымі краінамі АЭСР. Гэта адзін з вынікаў шостага даследавання PISA, якія былі прадстаўлены грамадскасці ў пачатку снежня 2016 года. Асноўная ўвага падчас даследавання надавалася прыродазнаўчым прадметам. Тут паспяховасць нямецкіх школьнікаў засталася ў параўнанні з 2006 годам на падобным узроўні. Калі казаць пра чытанне, то паспяховасць павысілася, а калі пра матэматыку – то амаль не. Паказнікі са знакам мінус існавалі ў галіне інтэграцыі дзяцей і моладзі з сем’яў мігрантаў у школьную сістэму. Акрамя таго, даследаванне пацвердзіла той факт, што дыгітальныя медыя-сродкі яшчэ вельмі рэдка выкарыстоўваюцца на занятках.