Бібліятэкі Германіі Разнастайныя. Гатовыя супрацоўнічаць. Знаходзяцца пад пагрозай?

Чытальная зала Дзяржаўнай бібліятэкі Берліна
Чытальная зала Дзяржаўнай бібліятэкі Берліна | Фота (фрагмент): © SBB-PK / C. Kösser

Амаль восем тысяч устаноў – пачынаючы невялікай гарадской бібліятэкай і сканчаючы Нацыянальнай: бібліятэчная сістэма Германіі ўражвае сваёй разнастайнасцю. Аднак даюцца ў знакі недахоп фінансавання і адсутнасць некаторых структураў.
 

Больш 30 мільёнаў носьбітаў інфармацыі, штодзень дадаюцца тысячы новых: Нямецкая нацыянальная бібліятэка (ННБ, Deutsche Nationalbibliothek – DNB), якая мае свае прадстаўніцтвы ў Франкфурце-на-Майне і Лейпцыгу, пачынаючы з 1913 года, мае задачу збіраць усе выданні на нямецкай мове. Яна з’яўляецца візітоўкай бібліятэчнай сістэмы Германіі і, тым не менш, не падыходзіць для таго, каб ахарактэрызаваць яе. Бо Нацыянальная бібліятэка фінансуецца з бюджэта краіны, а адукацыя і культура ў Германіі ўваходзяць у абсяг кампетэнцыі федэральных земляў.
 
Важнай прыкметай і тым самым прычынай для разнастайнасці бібліятэчнай сістэмы Германіі з’яўляецца яе дэцэнтралізаваная пабудова. У Германіі ніколі не існавала цэнтралізаванай дзяржавы, якая б – падобна да Францыі – канцэнтравала адукацыю і культуру ў сталіцы. Замест гэтага былі малыя і маленькія тэрыторыі, на якіх паўстала мноства незалежных бібліятэк.

Адказнасць дзяржавы і федэральных зямель

IПаводле дадзеных Нямецкай бібліятэчнай статыстыкі (НБС, Deutsche Bibliotheksstatistik – DBS), у 2015 годзе існавала 7.877 бібліятэк, калі дадаць сюды ўсё іх філіалы, то лік вырасце амаль да 10.000. Акругі і грамады Германіі фінансуюць каля 3.700 бібліятэк, сярод іх – публічныя бібліятэкі, бібліятэкі для дзяцей і моладзі, школьныя бібліятэкі, медыя-аўтобусы, музыкальныя бібліятэкі, бібліятэкі для асобаў з парушэннямі зроку, бібліятэкі ў папраўчых установах і бальніцах. Амаль 3.900 бібліятэк фінансуюць цэрквы.
 
Побач з публічнымі бібліятэкамі ў Германіі існуе каля 250 навуковых, фінансаванне якіх ажыццяўляюць пераважна федэральныя землі. Дзяржава фінансуе толькі некаторыя з іх: напрыклад, Нямецкую нацыянальную бібліятэку і Бібліятэку Бундэстага.
 
Улічваючы той факт, што, паводле НБС, штогод іх наведвае 218 мільёнаў чалавек, бібліятэкі належаць да найбольш папулярных устаноў культуры ў Германіі. Так ёсць таксама і з тае прычыны, што яны прадастаўляюць вольны доступ да інфармацыі. У 2015 годзе 10 мільёнаў актыўных чытачоў узялі ў карыстанне амаль 450 мільёнаў носьбітаў інфармацыі. Агульны аб’ём фондаў складаў 375 мільёнаў дакументаў.
 

Нямецкая нацыянальная бібліятэка (ННБ) Прадстаўніцтва Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі ў Франкфурце-на-Майне | Фота (фрагмент): © Deutsche Nationalbibliothek, Stephan Jockel Нацыянальнае значэнне маюць акрамя ННБ таксама Дзяржаўная бібліятэка Берліна і Баварская дзяржаўная бібліятэка ў Мюнхене – абедзьве з’яўляюцца цэнтральнымі ўніверсальнымі бібліятэкамі Германіі. Тры цэнтральныя галіновыя бібліятэкі, якія збіраюць літаратуру па пэўнай тэматыцы, робяць свой унёсак у прадастаўленне літаратуры незалежна ад рэгіёну. Гэта Тэхнічная інфармацыйная бібліятэка ў Гановеры, Нямецкая цэнтральная медыцынская бібліятэка ў Кёльне і Боне, а таксама Нямецкая цэнтральная бібліятэка эканамічных навук у Гамбургу і Кілі.

Супрацоўніцтва ва ўсіх сферах

У адрозненне ад дзвюх трацін астатніх краін Еўропы, у Германіі не існуе нацыянальнага закону, які б забяспечыў фінансаванне бібліятэк і зрабіў бы абавязковай іх падтрымку з боку грамадаў. З вялікімі цяжкасцямі ўдалося прыняць законы федэральных зямель аб бібліятэках у Шлезвіг-Гальштэйне, Цюрынгіі, Гесэне і Саксоніі-Анхальт. У зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія ў 2016 годзе яшчэ толькі ішлі размовы на гэты конт. 
 
З-за дэцэнтралізаванай структуры адсутнічаюць моцныя федэральныя структуры і ўстановы, якія б маглі кіраваць развіццём бібліятэк і прадстаўляць іх інтарэсы. Таму вельмі важнае значэнне мае супрацоўніцва ва ўсіх сферах: напрыклад, у справе камплектацыі фондаў, каталагізацыі і міжрэгіянальнага абанемента.

Дзейсныя структуры

Бібліятэкары Германіі маюць дзейсныя структуры. Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы Германіі аб’яданаліся ў такіх арганізацыях, як Прафесійны саюз «Інфармацыя і бібліятэка» (Berufsverband Information und Bibliothek, BIB) і Саюз бібліятэкараў Германіі (Verein Deutscher Bibliothekarinnen und Bibliothekare, VDB). Нямецкая бібліятэчная асацыяцыя (Deutscher Bibliotheksverband, dbv) з’яўляецца прадстаўніком установаў. Усе арганізацыі аб’яднаныя ў дахавай структуры «Бібліятэка і інфармацыя Германіі» (Bibliothek und Information Deutschland), да якой таксама належаць Інстытут імя Гётэ і таварыства «экц.бібліятэкссэрвіс ГмбХ» (ekz.bibliotheksservice GmbH – ekz).
 
Амаль усе навуковыя бібліятэкі працуюць у складзе шасці рэгіянальных аб’яднанняў. Тыя вядуць агульны каталог усіх дакументаў адпаведных устаноў і выдаюць тыя, якія дзесьці адсутнічаюць, праз міжбібліятэчны абанемент. Нацыянальны агульны каталог у Германіі не існуе. Яго задачу выконвае «Віртуальны каталог Карлсруэ» («Karlsruher Virtuelle Katalog»), які ажыцяўляе пошук у базах дадзеных больш чым 70 рэгіянальных і міжнародных зводных каталогаў ды інтэрнэт-гандлю.

Не хапае сродкаў, але ёсць багата ідэй

У перыяд з пачатку тысячагоддзя – у параўнанні з 2000 годам – колькасць бібліятэк паводле Нямецкай бібліятэчнай статыстыкі скарацілася на 1.800 устаноў. Многія бібліятэкі павінны даваць рады значным скарачэнням бюджэта. Паводле апошняй справаздачы аб становішчы бібліятэк, зробленай Нямецкай бібліятэчнай асацыяцыяй у 2016 годзе, 35,9 працэнтаў апытаных устаноў не лічаць магчымым разбудову дыгітальных прапаноў на аснове існуючых бюджэтаў. Амаль кожнай другой бібліятэцы не хапае сродкаў на працаўладкаванне дадатковых супрацоўнікаў.
 
Скарачэнні бюджэтаў, скасаванне пасадаў і з’яўленне новых медыя-сродкаў: рамачныя ўмовы змяніліся. Рэакцыі на гэты факт самыя розныя. Так новыя канцэпцыі бібліятэк прадугледжваюць, што бібліятэкі будуць уяўляць сабой месцы павышанай камфортнасці. Сёння не з’яўляюцца рэдкасцю кавярні-чытальні і т. зв. хакерспейсы, у якіх чытачы могуць выпрабоўваць новыя тэхналогіі: 3-D-прынтары альбо шаломы віртуальнай рэчаіснасці. Бібліятэкі ўсё часцей робяць стаўку не дыгітальныя медыя-сродкі і прапануюць мноства імпрэзаў для самых розных мэтавых груп. Выклік XXI-га стагоддзя зразумелы: гаворка ідзе аб тым, каб захаваць разнастайнасць і значэнне бібліятэк у Германіі.

Юрген Зеефельд і Лудгер Сюрэ: Брамы, што вядуць у мінулае і будучыню. Бібліятэкі Германіі (Portale zu Vergangenheit und Zukunft. Bibliotheken in Deutschland). 4-е выданне. Хільдэсхайм, Цурых, Нью-Йорк, 2011.
 
Энгельберт Пласман (ды інш.): Бібліятэкі і інфармацыйнае грамадства ў Германіі. Уводзіны (Bibliotheken und Informationsgesellschaft in Deutschland. Eine Einführung). 2-е выданне. Вісбадэн, 2011.