Стратэгія прыярытэту электронных дакументаў На шляху ў дыгітальную бібліятэку

Сістэма электроннага пошуку «EconBiz» на айпадзе
Сістэма электроннага пошуку «EconBiz» на айпадзе | Фота (фрагмент): © ZBW/Sven Wied

Дыгіталізацыя прыводзіць да публікацыі вынікаў даследаванняў новымі спосабамі, але ёй ствараюць перашкоды абмежаванні, якія паўстаюць у сувязі з патрабаваннямі ліцэнзійнага і аўтарскага права. Такія навуковыя бібліятэкі, як ЦБЭН (ZBW) павінны рэагаваць на гэта. Але як?
 

Навуковыя публікацыі ўсё часцей з’яўляюцца ў электроннай форме, а да неабходнай інфармацыі павінен быць хуткі, просты і бясплатны доступ: ЦБЭН – Нямецкая цэнтральная бібліятэка эканамічных навук – адной з першых сярод навуковых бібліятэк у Германіі сфармулявала свой адказ на гэтыя няпростыя выклікі, стварыўшы «Стратэгію на 2015–2020 гг.». На шляху да дыгітальнай бібліятэкі яна паступова пачынае ажыццяўляць кіраванне сваім фондам у адпаведнасці са стратэгіяй прыярытэту электронных дакументаў: у працэсе набыцця дакументаў аддаецца перавага электронным версіям, калі забяспечаны міжрэгіянальны доступ і працяглы тэрмін карыстання.
 
ЦБЭН – гэта ўстанова, якая фінансуецца як з нацыянальнага бюджэту, так і з бюджэтаў федэральных зямель. Яе задача – прадастаўляць літаратуру на міжрэгіянальным узроўні. Паводле свайго фонду яна з’яўляецца найвялікшай у свеце бібліятэкай эканамічных навук. Яе задача, якая палягае ў тым, каб прадастаўляць доступ да публікацый у галіне эканамічных навук на міжрэгіянальным узроўні і ў доўгатэрміновай перспектыве, адрознівае яе ад іншых навуковых бібліятэк Германіі, а таксама ўяўляе сабой няпросты выклік у дыгітальным свеце.

Вольны доступ як складовая частка

ЦБЭН вядзе перамовы аб атрыманні міжрэгіянальных ліцэнзій, дамаўляецца з кансорцыямі і распрацоўвае новыя мадэлі ліцэнзій у супрацоўніцтве з выдавецтвамі. Часцей за ўсё ў выніку з’яўляецца магчымасць атрымліваць часовы доступ да дакументаў, а вось захаванне ці зусім забаронена, ці дазволена толькі праз пэўны адрэзак часу. Таму яшчэ адным складнікам стратэгіі прыярытэту электронных дакументаў з’яўляецца стварэнне ўласных сховішчаў, сервераў для дакументаў, на якіх яны знаходзяцца па магчымасці ў вольным доступе. ЦБЭН ужо мае найвялікшы ў свеце сервер для публікацый з галіны эканамічных навук у якога высокі рэйтынг – «Econstor». На ім захоўваюцца выбраныя публікацыі з галіны эканамічных навук, перш за ўсё – у фармаце PDF.
 

Размяшчаць, архівіраваць, распаўсюджваць

Пошук з дапамогай «Econbiz» Пошук з дапамогай «Econbiz» | Фото (фрагмент): © ZBW Каб адлюстраваць увесь спектр фонда ЦБЭН, быў створаны «Дыгітальны архіў» – як новае сховішча, чытай: каталог. У яго межах можна размяшчаць, архівіраваць і забяспечваць ідэнтыфікатарамі, якія захоўваюцца на працягу доўгага часу (Persistent Identifier), усе хадавыя фарматы. Доступ да выбраных электронных публікацый можа быць абмежаваны ў залежнасці ад рэгіёна, арганізацыі альбо на пэўны час (Closed Access). Ён ажыццяўляецца праз пошукавы партал ЦБЭН «Econbiz».
 
Працэс распачынаецца з выбару кантэнту. Затым правяраюць, ці можна будзе цытаваць дыгітальную публікацыю цягам доўгага часу і ці будзе яна на працягу гэтага тэрміну ў вольным доступе. Калі адказ станоўчы, то даецца пацверджанне без захавання. У супрацьлеглым выпадку спачатку спраўджваюць, ці існуе ліцэнзія адкрытага кантэнту (OCL). Калі гэта мае месца, то дакумент захоўваецца наўпрост у дыгітальным архіве. У іншых выпадках набываюцца правы на карыстанне – як правіла, ва ўстанове, якая выдала дакумент. Перадусім робіцца запрос на размяшчэнне, архівацыю, доўгатэрміновае захоўванне і распаўсюд у межах вольнага доступу. Вялікая колькасць паспяхова вырашаных выпадкаў сведчыць пра тое, што ідэя вольнага доступу сёння распаўсюдзілася ў навуковых асяродках па ўсім свеце. Аднак прадастаўленне правоў ускладняецца сучасным заканадаўствам аб аўтарскім праве ў Германіі: з-за яго прадпісанняў заключаюцца складаныя дамовы аб карыстанні, усё часцей патрабуецца мець адмысловыя веды ў галіне права.
 
Для падтрымкі працоўных працэсаў бібліятэкі вялікае значэнне мае наяўнасць адзінага праграмнага забеспячэння – варыянта, які б быў задавальняючым, дагэтуль няма. Плануецца стварыць праграмы, якія палегчаць эфектыўнае заладоўванне публікацый з сеціва ў дыгітальны архіў.

Трэнінгі і шанцы

На карцінцы можна ўбачыць працэс бясплатнай анлайн-публікацыі На карцінцы можна ўбачыць працэс бясплатнай анлайн-публікацыі | Фота (фрагмент): © ZBW Важнай перадумовай для для паспяховай стратэгіі прыярытэту электронных дакументаў з’яўляюцца не толькі пытанні тэхнічнага забеспячэння і аўтарскіх правоў, але і кваліфікацыя адпаведных супрацоўнікаў. Тут можна ўзгадаць трэнінгі, на якіх вывучаюцца тэхнічныя навінкі, а таксама адбываецца агульнае фармаванне кампетэнцый. ЦБЭН мае пазітыўны вопыт навучання малых групаў новым працоўным працэсам і адмысловым стандартам якасці. Аднак у выпадку анлайн-публікацый існуе вельмі шмат опцый, не ўсе працэсы могуць быць прапісаны ў стандартах. Таму належыць развіваць здольнасць абыходзіцца са складанымі рэчамі, а таксама творча і вынікова працаваць.
 
Акрамя таго, досвед сведчыць пра тое, што прымяненне стратэгіі прыярытэту электронных дакументаў звязана з вялікімі выдаткамі на апрацоўку электронных публікацый і азначае патрэбу ў большай колькасці супрацоўнікаў. Аднак калі браць пад увагу дыгітальную трансфармацыю навуковай сферы, увядзенне падобнай стратэгіі з’яўляецца для бібліятэк выбітным шанцам, якім варта скарыстацца.