Бібліятэчны маркетынг «Узрастае значэнне бібліятэк як “трэцяга месца”»

Калектыў гарадской бібліятэкі Хільдэна атрымаў ўзнагароду таксама і за сваю канцэпцыю маркетынгу
Калектыў гарадской бібліятэкі Хільдэна атрымаў ўзнагароду таксама і за сваю канцэпцыю маркетынгу | Фота (фрагмент): © Stadt Hilden

Мерапрыемствы, старонкі ў сацсетках і хакерспейсы – дырэктар Гарадской бібліятэкі Хільдэна Клаўдыя Бюхель распавядае пра тое, як невялікія бібліятэкі могуць ажыццяўляць мэтанакіраваны маркетынг.
 

Спадарыня Бюхель, у 2016 годзе Гарадская бібліятэка Хільдэна была адзначана Нямецкай бібліятэчнай асацыяцыяй як Бібліятэка года, у тым ліку і дзякуючы яе «інавацыйнай канцэпцыі» маркетынгу. Што хаваецца за гэтым?
 

Мы імкнемся прымаць рашэнні, грунтуючыся на сістэмным падмурку, а да яго адносіцца і канцэпцыя маркетынгу. Спачатку мы правялі рэвізію фонда і вызначылі сваё становішча як бібліятэкі. Насельніцтва Хільдэна складае каля 56.000 жыхароў. 8,5 працэнтаў з іх маюць картку чытача. Вельмі шмат сярод нашых чытачоў дзяцей ва ўзросце ад 6 да 9 гадоў – апраўдвае сябе супрацоўніцтва з дзіцячымі садкамі і школамі. Для нас важна вызначыць, чаго мы хочам дасягнуць і што зрабіць для гэтага. Сёння важнае значэнне мае, напрыклад, праца з уцекачамі. Аднак мы хочам ажыццяўляць развіццё бібліятэкі таксама і ў іншых сферах. Так частка калектыва інтэнсіўна працуе над стварэннем хакерспейсаў.

Мерапрыемствы і сацыяльныя сеткі

З чаго складаецца Ваша канцэпцыя маркетынгу?
 

Канцэпцыя пачынаецца з аб’ёмнага аналітычнага раздзела, у якім мы пазначаем, якія змены адбываюцца ў горадзе, з  каго складаецца кантынгент нашых чытачоў і як нам выйсці на жыхароў Хільдэна. Потым мы фармулюем мэты, напрыклад, ужо згаданыя хакерспейсы. Затым мы вызначаем, якім чынам і з дапамогай якіх сродкаў мы можам дасягнуць нашых мэтаў. Маркетынгавымі інструментамі з’яўляюцца напрыклад праца з грамадскасцю і супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі.
 
У 2016 годзе бібліятэцы больш недастаткова мець адзін толькі добры фонд носьбітаў інфармацыі?
 

Лічыць бібліятэку адно толькі месцам выдачы носьбітаў інфармацыі больш неактуальна. Узрастае значэнне бібліятэкі як «трэцяга месца» побач з домам, месцам працы альбо школай. Трэба, каб у нас былі камфортныя месцы для сядзення і бясплатны бесправадны інтэрнэт. Для таго, каб стварыць бібліятэцы імідж месца для сустрэч, неабходна праводзіць шмат мерапрыемстваў. Мы праводзім мерапрыемствы для ўсіх узроставых груп. Для самы маленькіх – узрост ад 6 месяцаў – існуюць т. зв. «Малыя-алфавіты» («ABC-Wichtel»). У нашай канцэпцыі правядзення мерапрыемстваў, якая з’яўляецца часткай канцэпцыі маркетынгу, мы прапісваем колькасць удзельнікаў. Калі гэтыя паказнікі часта не дасягаюцца, то мы паўтараем шэраг мерапрыемстваў зноў. Затым я таксама лічу працу ў сацыяльных сетках вельмі важнай для таго, каб наўпрост камунікаваць з нашымі чытачамі. У Фэйсбуку мы прысутныя з 2011 года. У наступным годзе мы пачалі рабіць блог «Аазіс чытання» («Leseoase»)  і стварылі аккаўнт у Твітары. У 2015 годзе дадаўся Інстаграм, а сёлета мы пачалі публікаваць інфармацыю ў WhatsUpp. Нашы сябры ў сацыяльных сетках перадусім зацікаўленыя ў тым, каб зазірнуць «за кулісы» нашай працы.

Супрацоўніцтва і праца з сеткамі

Многія, перадусім невялікія бібліятэкі, скардзяцца на скарачэнне бюджэтаў і малую колькасць супрацоўнікаў. І нягледзячы на гэта, маркетынг усё-ткі магчымы?
 

Хаця рамачныя ўмовы ў бібліятэках вельмі розныя, гэта не азначае, што з гэтай прычыны спосаб дзеянняў будзе прынцыпова іншым. Нават калі рэсурсаў няшмат і справа з памяшканнямі выглядае дрэнна, можна, тым не менш, паспрабаваць «выціснуць» з установы максімум.
 
Напрыклад, у невялікай бібліятэцы немагчыма абсталяваць вялікі хакерспейс. Сродкі для гэтага абмежаваны.
 

Слушна. Аднак і там існуюць магчымасці дасягнуць чагосьці дзякуючы партнёрам і падключэнню валанцёраў. Праца з сеткамі для невялікіх бібліятэк з абмежаваным бюджэтам мае вельмі важнае значэнне. Аднак для гэтага неабходна спачатку ведаць, якія магчымасці прапануе горад. Калі напрыклад бібліятэка збіраецца стварыць хакерспейс, але там ужо існуюць падобныя рэчы, то тады гэта немэтазгодна. Вырашальным з’яўляецца пытанне аб тым, у якіх галінах варта супрацоўнічаць.

Нарады і пажаданні наведвальнікаў

Як Вы натхняеце сваіх супрацоўнікаў працаваць у сацыяльных сетках, праводзіць шмат мерапрыемстваў і ажыццяўляць іншыя новыя ідэі?
 

Падчас нарадаў мы вызначаем, якія праекты будуць ажыццяўляцца ў будучыні, а супрацоўнікі бяруць на сябе адказнасць за іх рэалізацыю. Каб працаваць у сацыяльных сетках, мы наноў падзялілі лектараты. Спецыялісты ў галіне медыйных і інфармацыйных паслуг (FaMIs: Fachangestellte für Medien- und Informationsdienste) узначалілі лектараты, якімі раней кіравалі бібліятэкары. Такім чынам вызваліліся рэсурсы і цяпер усе могуць працаваць у сацыяльных сетках. Было вельмі важна задзейнічаць усіх супрацоўнікаў, а не кіраваць «згары».
 
А як Вы працуеце з наведвальнікамі?
 

Мы заўсёды імкнемся глядзець на рэчы вачыма наведвальнікаў. У нас ёсць т. зв. фармуляры зваротнай сувязі, праз якія можна паведаміць аб тым, што варта зрабіць лепш. Напрыклад, у аддзеле белетрыстыкі паўстала пытанне аб тым, як размясціць раманы: па алфавіце, прозвішчах аўтараў, тэмах альбо колах інтарэсаў. Перад тым, як зрабіць маштабныя пераўтварэнні ў фондзе, мы запыталі нашых наведвальнікаў пра іх меркаванне на гэты конт.
 
Апытанне Інстытута імя Аленсбаха па пытаннях будучыні бібліятэк паказала, што 76 працэнтаў усіх апытаных цэняць маштабныя фонды носьбітаў інфармацыі бібліятэк. Ці не перабольшваецца значэнне маркентынгу?
 

У першую чаргу бібліятэка асацыюецца з будынкам, у якім знаходзяцца кнігі. Потым з тым, што мы праводзім мерапрыемствы і з тым, як мы камунікуем з наведвальнікамі, напрыклад, з дапамогай сацыяльных сетак. У апошнія гады гэта стала яшчэ больш важным.
en.

Пачынаючы з 2009 года, Клаўдыя Бюхель кіруе Гарадской бібліятэкай Хільдэна. Яна навучалася па спецыяльнасці «Публічны бібліятэчны сектар» у Кёльне. Асноўнымі накірункамі яе працы з’яўляюцца праца з грамадскасцю, маркетынг і менеджмент якасці.