Фэйкавыя навіны Калі хлусня ператвараецца ў праўду

Фэйкавыя навіны могуць паўплываць на тое, якім навінам будуць верыць людзі
Фэйкавыя навіны могуць паўплываць на тое, якім навінам будуць верыць людзі | Фота: © M-SUR - Fotolia

Свядомыя фэйкавыя паведамленні маюць на мэце маніпуляванне грамадскай думкай таксама і ў Германіі. Так робяць не толькі правыя папулісты, але і некаторыя дзяржавы. Таму выбары ў Бундэстаг будуць выпрабаваннем.
 

Фэйкавая навіна, якая з’явілася ў Сільвестраву ноч 2016/2017 года: у Дортмундзе перад Царквой святога Райнольда – «найстарэйшай царквой Германіі» – нібыта сабраўся натоўп, які складаецца з 1000 арабаў-мужчынаў. Згодна з навіной, яны крычаць «Алах вялік!» і атакуюць паліцыянтаў. Урэшце яны збіраюцца падпаліць царкву. На самой справе гэта гісторыя не адпавядае рэчаіснасці: гэта царква, найстарэйшая царква Дортмунда, а не ўсёй Германіі, не гарэла. Паводле звестак паліцыі, выпадковая ракета ад феерверку падпаліла сетку, якой была ўкрыта царква з-за будаўнічых работ. Узгаранне ўдалося хутка патушыць. І пажарная ахова, і паліцыя паведамілі пра «звычайную» Сільвестраву ноч.
 
Гэта гісторыя – класічная фэйкавая навіна, непраўдзівае паведамленне. У дадзеным выпадку яе выпусціў у свет амерыканскі навіновы партал breitbart.com. «Брайтбарт» – гэта амерыканскі партал новых правых у Злучаных Штатах Амерыкі. Гісторыя сталася віруснай, нямецкія блогі і парталы прыхільнікаў канспіралогіі ўспрынялі яе як яскравы прыклад замоўчвання навінаў СМІ ў Германіі.
 
Гэты выпадак разам з іншымі падобнымі да яго выклікаў заклапочанасць у палітыкаў. Навідавоку спроба выклікаць недавер да дэмакратычнага дзяржаўнага ладу. Партыі правых папулістаў спадзяюцца на большую падтрымку з-за таго, што грамадзяне згубяць давер да дзяржаўных устаноў. Выглядае, што аўтакраты лічаць фэйкавыя навіны інструментам, з дапамогай якога можна дэстабілізаваць дэмакратычныя краіны Захаду.

Уплыў на выбарчую кампанію ў ЗША

Дасягнуць поспеху ў гэтай справе ўдалося ў ЗША. Спецслужбы лічаць, што расійскі ўрад мэтанакіравана ўплываў на выбары з тым, каб прэзідэнтам быў абраны Дональд Трамп. На амерыканскім філіяле канала «Раша Тудэй» («Russia Today») падчас перадвыбарчай барацьбы з’явілася процьма непраўдзівых паведамленняў аб унутранай палітыцы Злучаных Штатаў.
 
Паводле меркавання спецслужбаў ЗША, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін таксама адказны за тое, што напярэдадні выбараў на выкрывальніцкай платформе «ВікіЛікс» была апублікавана перапіска з узламанай электроннай паштовай скрыні кіраўніка выбарчай кампаніі Хілары Клінтан Джона Падэсты.

Выбары ў Бундэстаг як мэта

Увосень 2017 года ў Германіі адбудуцца выбары ў Бундэстаг. Кіраўнік выбараў у Бундэстаг і прэзідэнт Федэральнага ведамства статыстыкі Дытар Зарайтар выказаў у студзені 2017 года наступнае папярэджанне: «І грамадзяне, і СМІ павінны вельмі асцярожна рэагаваць на навіны. Яны павінны ведаць аб тым, што робяцца спробы маніпуляваць імі».
 
Сёння прадстаўнікі кіруючай кааліцыі думаюць аб тым, каб спыніць фэйкавыя навіны з дапамогай адпаведных законаў. Вядуцца размовы пра «Цэнтр барацьбы з дэзінфармацыяй». Некаторым гэта нагадвае стварэнне міністэрства праўды. Акрамя таго, гэта цяжка ажыццявіць у краіне, дзе свабода прэсы грантуецца канстытуцыяй. Іншыя хацелі б забараніць аўтаматычныя праграмы, якія распаўсюджваюць фэйкавыя паведамленні ў сацыяльных сетках, т. зв. сацыяльных ботаў. Гэта таксама падаецца неэфектыўным, бо тых, хто валодае гэтымі праграмамі, цяжка ідэнтыфікаваць.

Арбітры праўды

Хаця Фэйсбук і не з’яўляецца стваральнікам фэйкавых навінаў, аднак, маючы 25 мільёнаў карыстальнікаў у Германіі і 1,7 мільярдаў па ўсім свеце, ён – найбуйнейшы іх распаўсюднік. Урад ФРГ хацеў бы прымусіць кампанію выдаляць непраўдзівыя паведамленні са старонак. Пакуль беспаспяхова. Кіраўнік кампаніі «Фейсбук» Марк Цукерберг аддае перавагу таму, каб рабіць стаўку на дасведчаных карыстальнікаў і журналістаў, а «не ператварацца ў арбітра праўды». Як бы там не было, у будучыні стане прасцей паведамляць пра фэйкавыя паведамленні.
 
Вырашыць пытанне можна было б, перакрыўшы фінансаванне тым сайтам, якія распасюджваюць фэйкавыя навіны. Распачаць дыскусію на гэту тэму ў Германіі спрабаваў Геральд Хензэль, стварыўшы ў Твітары хэштэг #keingeldfürrechts. Яна была накіравана на тое, каб не аплочваць за размяшчэнне рэкламы на некаторых сайтах. На жаль, дыскусія выйшла з-пад кантролю, Хензэля пагражалі забіць. Аднак уласнікі сайтаў адчулі на сабе дзейснасць акцыі: яны пачалі паведамляць пра страты. Падобная сістэма магла б быць больш паспяховай за новыя законы.