Вольны доступ «Мэта – поўная трансфармацыя»

Публікацыя навуковых артыкулаў у вольным доступе
Публікацыя навуковых артыкулаў у вольным доступе | Фота (фрагмент): © Sergey Nivens - Fotolia.com

Памер збору за публікацыі расце, а пераход навуковых артыкулаў у вольны доступ рухаецца наперад паволі. Ангела Хольцэр з Нямецкага даследчага таварыства распавядае, чаму варта аддаць перавагу вольнаму доступу.
 

Спадарыня д-р Хольцэр, у 2003 годзе была прынята т. зв. Берлінская заява. Яе мэта – падтрымліваць вольны доступ і размяшчаць у ім навуковыя артыкулы. У 2017 годзе, праз 14 гадоў, усяго толькі каля 20 працэнтаў навуковых працаў публікуюцца ў вольным доступе. Чаму пераход пакуль што не запрацаваў?
 

Гэта працэс, які патрабуе часу паводле самой сваёй прыроды. Пераходы ад рукапіснага пісьма да друкаванай кнігі альбо ад друкаванай кнігі да электроннага дакумента адбыліся не адразу. Былі часы існавання абодвух варыянтаў, пакуль не ўсталявалася пэўная тэхналогія альбо спосаб публікацыі.

Небяспека новых манаполій

У якасці аргумента на карысць вольнага доступу называюць часткова вельмі высокія кошты набыцця навуковых часопісаў. Паводле апублікаваных у 2016 годзе вынікаў даследавання Найка Яна і Марка Тулні, гэтыя свабодна даступныя публікацыі падаражалі ў Германіі ў перыяд з 2011 па 2015 год на 14,5 працэнта. Ці сапраўды вольны доступ уяўляе сабой найвыгаднейшую альтэрнатыву?
 

Гэта неабавязкова павінна быць найвыгодным, належыць ацаніць адносіны выдаткаў і карысці. Перавагі, якія даюць электронныя дакументы, абмяжоўваюцца ў выпадку мадэлі падпіскі. Далейшае карыстанне тут лімітаванае з-за тэхнічных, прававых і фінансавых перашкодаў. Сёння вельмі шмат грошай плоцяць за доступ да электронных часопісаў, а карысць з гэтага малая. Гэтых грошай хапіла б на змену ўсёй сістэмы: можна было б папярэдне аплаціць публікацыі аўтараў і забяспечыць карыстанне імі для ўсіх.
 
Выдавецтвы навуковай літаратуры даўно прызналі вольны доступ у якасці бізнэс-мадэлі. Сёння дзесяць найбуйнейшых выдавецтваў займаюць 92 працэнты рынку.
 

Так, можна назіраць падобныя тэндэнцыі. У некаторых выпадках узнікаюць манаполіі. Калі прапановы і паслугі добрыя, а іх кошты разумныя, то гэта нармальна. Горай, калі паўстаюць новыя структуры-манапалісты, што вядзе да неапраўданага павышэння коштаў для грамадскасці.

Адказнасць бібліятэк

Якую ролю ў пераходзе да вольнага доступу адыгрываюць навуковыя бібліятэкі?
 

Бібліятэкі адыгрываюць вядучую ролю. Яны традыцыйна адказныя за фінансаванне публікацый і могуць накіраваць бюджэтныя сродкі ў сваіх установах на карысць вольнага доступу. Яны таксама маюць вырашальнае значэнне ў справе накіравання сродкаў, якія ўжо знаходзяцца ў сістэме, далей ад умоваў, паводле якіх часопісы фінансуюцца праз падпіску, і бліжэй да фінансавання збораў за артыкулы. Вядома, існуе магчымасць публікацыі ў вольным доступе, не плоцячы пры гэтым збораў за артыкулы. І у гэтым выпадку бібліятэкі ўключаны ў працэс. Яны самі вызначаюць часопісы альбо падтрымліваюць платформы, на якіх публікуюцца і архівуюцца артыкулы.
 
Якім чынам змяняецца супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі і навуковай галіной?
 

Навукоўцы вельмі хочуць, каб бібліятэкі ўзялі на сябе функцыю кансультавання, напрыклад, у пытанні, якая ліцэнзія падыходзіць да пэўнага артыкула: магчыма, ліцэнзія CC, якая рэгулюе далейшае карыстанне ў межах вольнага доступу. Аднак ужо сёння многія бібліятэкі ўсведамляюць, што яны маюць новую ролю як пастаўшчыкі паслуг і ўжо выконваюць яе.

Трансфармацыя ў салідных часопісах

Якія праблемы паўстаюць у сувязі з пераходам?
 

Асобны момант, які часта ўзгадваюць навукоўцы, тычыцца рэпутацыі: ацэнка кар’ерных перспектыў моцна звязана з публікацыямі ў салідных часопісах. А многія з іх толькі часткова знаходзяцца ў вольным доступе. Таму арганізацыя «Вольны доступ-2020» імкнецца да таго, каб адбылася трансфармацыя і гэтых салідных часопісаў.
 
Як на Вашу думку, поўны пераход да вольнага доступу рэальны? Ці могуць абедзьве сістэмы працягнуць існаваць адна побач з другой і надалей?
 

Мэта – поўная трансфармацыя. Гэта таксама і ў інтарэсах навукі. Вельмі добра, калі існуюць аднолькавыя ўмовы для доступу да розных крыніцаў інфармацыі і магчыма далейшае карыстанне. Фаза паралельнага існавання абодвух сістэм павінна быць адносна кароткай.
 
Калі адбудзецца поўная трансфармацыя?
 

Арганізацыя «Вольны доступ-2020» змяшчае фармуліроўку мэты ў самой сваёй назве. Верагодна, усё адбудзецца не так хутка. Шмат што будзе залежыць ад вынікаў перамоваў з выдавецтвамі. Для навукі важна, каб працэс ішоў вельмі хутка.

Dr. Angela Holzer Foto (Ausschnitt): © Privat Д-р Ангела Хольцэр, рэферэнт Нямецкага даследчага таварыства, курыруе праграмы «Публікацыі ў вольным доступе» («Open Access Publizieren») і «Надрэгіянальнае ліцэнзванне» («Überregionale Lizenzierung»). Прадстаўнік працоўнай групы «Вольны доступ» («Open Access») у арганізацыі «Дыгітальная інфармацыя» («Digitale Information») Альянсу нямецкіх навуковых арганізацый.