Метады, якія актывізуюць чытачоў Займальнае падарожжа са смартфонам

Знаёмства з бібліятэкай шляхам гульні з выкарыстаннем дыгітальных медыя-сродкаў
Знаёмства з бібліятэкай шляхам гульні з выкарыстаннем дыгітальных медыя-сродкаў | Фота (фрагмент): © Adam Radosavljevic - Fotolia.com

Пачынаючы ад класічнай экскурсіі і сканчаючы віртуальным «паляваннем на шніцалі»: усё большая колькасць бібліятэк робіць стаўку на дыгітальныя інструменты, каб абудзіць у карыстальнікаў інтарэс да сваіх фондаў і прапанаваць сучасны навучальны асяродак.

Як правіла, бібліятэкі Германіі не могуць паскардзіцца на недахоп наведвальнікаў. Аднак выклікам застаецца тое, як пазнаёміць грамадскасць усіх узроставых групаў з агульнай палітрай прапановаў. Карын Рансбергер – супрацоўніца аддзела «Нямецкая мова для прафесіі» (Гамбург) і дасведчаны спецыяліст у галіне павышэння кваліфікацыі кадраў –  пералічвае пункты, якія трэба выканаць бібліятэкам: «Ім неабходна выйсці на моладзь, якая добра разбіраецца ў медыя-сродках, стварыць умовы, якія заахвочваюць да самастойных пошукаў і спрыяюць развіццю медыйнай і інфармацыйнай кампетэнцый».
 
Зразумела, што знаёмства з бібліятэкай можа адбывацца «класічным» спосабам – у форме экскурсіі. Аднак усё часцей аддаецца перавага метадам, якія актывуюць наведвальнікаў – кааператыўным гульнявым фарматам, якія маюць на ўвеце таксама і выкарыстанне дыгітальных сродкаў.

Месцы ў кутках і чытанне за кавай

Калі разам збіраюцца розныя групы, то рэкамендуецца згуляць у гульню «Месцы ў кутках». Бібліятэкар, да прыкладу, задае пытанні аб любімых літаратурных жанрах і прапануе зрабіць выбар паміж чатырма магчымымі адказамі. Варыянты адказу напісаны на аркушах паперы, якія вісяць у адмыслова абраных месцах бібліятэкі. Затым наведвальнікі становяцца ў кут, дзе знаходзіцца абраны імі варыянт адказу. Гэта добрая нагода пагутарыць адно з адным пра свае захапленні і такім чынам таксама пазнаёміцца з фондамі бібліятэкі.
 
«Падобныя прапановы нескладаных гульняў маюць таксама і навуковыя бібліятэкі, –распавядае Ульрыке Шоле, рэферэнт педагагічных навук Універсітэта ў Дуйсбургу і спецыяліст у пытаннях удасканалення бібліятэкараў з шматгадовым стажам. – Існуе трэнд такіх малых фарматаў як “Coffee Lectures” (“Заняткі за кавай”), якія адрасаваны тым, хто праходзіць побач: 10-15-хвілінныя камп’ютарныя прэзентацыі ў фае бібліятэкі знаёмяць з новымі прадуктамі – напрыклад, з новай базай дадзеных».

Навучанне метадам станцый з дапамогай смартфона 

«Азнаямленне з бібліятэкай можа адбывацца і ў форме інтэрактыўнага ралі: гульцы стартуюць з адной кропкі і, выконваючы заданні, праходзяць паласу перашкодаў. На шляху яны збіраюць інфармацыю. Заданні могуць быць наступнымі: адсканаваць штрых-коды ў розных месцах бібліятэкі, прааналізаваць лічбы альбо зрабіць сартыроўку спіса, – кажа Рансбергер. – Адкрытыя заданні таксама магчымы: група можа напісаць тэкст альбо зняць відэа».
 
Удзельнікі гульняў выпраўляюцца ў шлях альбо з уласнымі смартфонамі, альбо з прыладамі, якія прадастаўляе бібліятэка. Пры гэтым выкарыстоўваецца адукацыйны дадатак «Actionbound», якім паслугуюцца перадусім у бібліятэках і музеях. З яго дапамогай праводзяцца інтэрактыўныя экскурсіі і «паляванні на шніцалі» для многіх гульцоў. Урад Паўночнага Рэйну Вестфаліі прапануе бясплатна пакарыстацца дадаткам для школ ды іншых адукацыйных і культурніцкіх устаноў «Biparcours». «З вялікім поспехам, – кажа Рансбергер. – Водгукі школьнікаў вельмі станоўчыя: дадатак лічаць сучасным і інаватыўным». Ужо ёсць курсы павышэння кваліфікацыі, на якіх бібліятэкараў навучаюць эфектыўна выкарыстоўваць «Actionbound». Увогуле, азнаямленне у гульнявой форме «вельмі матывуе», бо геймінгавыя эфекты пры гэтым выступаюць як механізмы ўзнагароджання.

Спід-дэйтынг і пытанні віктарыны 

«Калі гаворка заходзіць пра аналіз экскурсій па бібліятэцы і рэфлексій аб іх, то можа зноў адбыцца вяртанне ў рэальны свет», – кажа Рансбергер. Адным з прыкладаў можа быць т. зв. «спід-дэйтынг» – гэта калі наведвальнікі, працуючы ў малых групах, спачатку гавораць пра свае літаратурныя зацікаўленні, а потым у парах, у якія ўваходзяць удзельнікі розных груп ралі, дзеляцца сваімі ўражаннямі. Праз хвіліну адбываецца пераход да размовы з наступнай асобай. Такім чынам удзельнікі атрымліваюць парады ад іншых і могуць палепшыць свае веды пра фонды бібліятэкі.
 
Мабільны дадатак «Kahoot» - гэта магчымасць атрымаць водгукі  пасля майстар-класаў і семінараў шляхам выкарыстання дыгітальных тэхналогій. «З яго дапамогай можна стварыць міні-віктарыну, – кажа Ульрыке Шоле. – Трэба задаць пытанне па змесце пачутага раней расповяду і пазначыць тры альбо чатыры варыянты адказу. Кожны ўдзельнік можа ўжывую даць адказ на сваім смартфоне. Віктарыну можна праводзіць і для груп школьнікаў, і для студэнтаў, якім я паказала, як ажыццяўляць пошук па тэме “Літаратура” ў базе дадазеных».

Дакладныя адрасныя прапановы

Шоле таксама падкрэслівае, што важна выкарыстоўваць мабільныя дадаткі «не толькі для таго, каб крочыць разам з часам». Нельга губляць з поля зроку пытанне пра тое, чаго Вы хочаце дасягнуць з дапамогай метада, які прымяняеце. «Дакладнае веданне таго, які інструмент выкарыстоўваць для канкрэтнай мэтавай групы, сёння важнае як ніколі. Менавіта з тае прычыны, што сёння існуе шмат прапаноў».