Ілюстратары Германіі Каляровы сусвет

Дзяўчынка з Андаў Феліпа – гераіня дзіцячай кніжкі «Да пабачэння, бабуля!»
Дзяўчынка з Андаў Феліпа – гераіня дзіцячай кніжкі «Да пабачэння, бабуля!» | Фота (фрагмент): © Matthias Wittkuhn

Аўтарка ілюстраваных кніг і ілюстратарка Біртэ Мюлер знаходзіць зразумелую дзецям мову таксама і для такіх тэм, як смерць альбо жыццё з сіндромам Даўна. Яе натхняюць падарожжы і сын Вілі.

Дзіцячыя кніжкі Біртэ Мюлер поўняцца намаляванымі насычанымі фарбамі зыркімі і рознабаковымі персанажамі. Напрыклад там ёсць Фрыц – жаба, якая выпускае газы. Альбо Тэдзі – жывая плюшавая цацка. Ці звар’яцелыя героі ілюстраванай кніжкі «Вум і Бум і дамы Дынг Донг» («Wum und Bum und die Damen Ding Dong»). «Свае ілюстраваныя кніжкі я малюю фарбамі. Лініі і маляванне алоўкам амаль не выкарыстоўваю зусім, часцей за ўсё малюю пендзлем. Для мяне важным з’яўляецца настрой, атмасфера, якую перадае маляванне фарбамі», – так апісвае свой стыль аўтарка і ілюстратарка з Гамбургу.

Смутак у якасці тэмы для дзіцячай кніжкі

Выпускніца Універсітэту прыкладных мастацтваў у Гамбургу не толькі ілюструе кнігі іншых аўтараў, яна таксама стварае свой уласны каляровы сусвет. Адной з яе гераіняў з’яўляецца дзяўчынка з Андаў Феліпа. Яна – дзеючая асоба кніжкі для дзяцей «Да пабачэння, бабуля!» («Auf Wiedersehen Oma»), у якой зразумелай для дзяцей мовай вядзецца размова на тэму смуткавання. Бо бабуля Феліпы памерла. Маленькая дзяўчынка задае сабе пытанні: «Дзе бабуля? Як у яе справы?» Феліпа выпраўляецца на пошукі і высвятляе, што душы памерлых людзей працягваюць жыць далей ва ўласным свеце. А адзін раз на год у пачатку лістапада ў іх гонар адзначаецца вялікае свята – Día de Muertos (Дзень спачылых). Падчас гэтага мексіканскага свята многія людзі памінаюць памерлых.

Ад дысертацыі да дзіцячай кніжкі

Ідэя гэтай гісторыі ў Біртэ Мюлер паўстала падчас навучання ў Мехіка, дзе яна пазнаёмілася з культам спачылых у выглядзе свята Día de Muertos. «Уключэнне смерці ў паўсядзённае жыццё людзей, здольнасць адчуваць моцныя пачуцці радасці і меланхоліі мне заўсёды падабаліся», – кажа яна. Аднак спачатку на грунце ўсяго гэтага паўстала не дзіцячая кніжка, а навуковая праца. У адной з вёсак у балівійскіх Андах Мюлер працягвала працаваць над тэмай і напісала па ёй дысертацыю. Пазней яна прыдумала сваю гераіню Феліпу. «Выдаўшы кнігу, я хачу даць сем’ям у Германіі магчымасць пагаварыць пра смерць і расстанне з той адлегласці, якую стварае чужая краіна Балівія, – тлумачыць Мюлер. – У многіх краінах заходняй Еўропы рытуалы, звязаныя са смерцю, былі пазабытыя людзьмі. Думаю, што гэта сапраўды збядняе грамадствы і на самой справе можа зрабіць асабна ўзятых людзей хворымі».

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі

Сапраўдным натхненнем у працы для Мюлер з’яўляецца яе сын Вілі, які нарадзіўся на свет з сіндромам Даўна.  Ён, напрыклад, спрычыніўся да выхаду ілюстраванай кнігі «Планета Вілі» («Planet Willi»). У гэтай кнізе Біртэ Мюлер працавала па-іншаму, стварала больш рэзкія контуры і шмат дэталяў. «Гэта звязана з тым, што я стварала кнігу і для тых дзяцей, якія амаль не могуць размаўляць». Малюнкі распавядаюць уласныя гісторыі і трэба, каб яны былі зразумелымі без слоў. Акрамя таго, Біртэ Мюлер піша артыкулы. Яны не заўсёды палітычна карэктныя, але затое шчырыя: гаворка ў іх ідзе пра каляровае і вар’яцкае жыццё яе, як яна кажа, «гіпернармальнай» сям’і. А ў яе апошняй кнізе «Калі ёсць Вілі, то выйсце знойдзецца» («Wo ein Willi ist, ist auch ein Weg») разглядаецца пытанне пра тое, як маці, якая працуе, дае рады штодзённаму жыццю з дзіцём-інвалідам і надзвычай крэатыўнай дачкой. Адказ вельмі просты: надзвычай добра.