Рашэнне Еўрапейскага Суда ў справе электронных кніг «Бібліятэкі могуць выдаваць электронныя кнгі»

Праф. д-р Габрыэла Бергер
Праф. д-р Габрыэла Бергер | Фота (фрагмент): © Privat

Дагэтуль бібліятэкі не маглі выдаваць электронныя кнігі так, як друкаваныя, бо іх выдача не прадугледжвалася законам аб перадачы ў карыстанне. «Гэта можа змяніцца пасля рашэння Еўрапейскага Суда», – кажа бібліятэкарка і юрыстка Габрыэла Бергер.

Спадарыня Бергер, у мінулым годзе Еўрапейскі Суд разглядаў справу выдачы электронных кніг. Якой была сітуацыя з выдачай электронных кніг у бібліятэках раней?
 

Што тычыцца публічных бібліятэк гарадоў і грамадаў, то па-ранейшаму існуюць вялікія цяжкасці, бо яны не могуць набыць электронную кнігу так, як друкаваную і потым выдаваць яе. Ім заўсёды неабходна набываць ліцэнзіі ў выдавецтваў. І з-за таго, што многія выдавецтвы непакояцца, што бібліятэкі будуць выдаваць электронныя кнігі шмат разоў і каб не згубіць у выніку патэнцыйных кліентаў, яны часам не прадастаўляюць ліцэнзіі на выдачу. Гэта не з’яўляецца праблемай для навуковых бібліятэк: выдавецтвы прапануюць ім пакеты ліцэнзій на электронныя кнігі, што ідэнтычныя тым, якія яны атрымлівалі раней на падручнікі і навуковыя даведнікі ў друкаванай форме. Гэтыя пакеты часам не вельмі зручныя, бо трэба купляць таксама і выданні, якія звычайна пакупнікі не набылі б. Аднак, як правіла, падобныя пакеты добра пасуюць бібліятэкам ВНУ. Вялікай праблемай з’яўляецца павышэнне коштаў.
 
Як бібліятэкі, так і выдавецтвы напружана чакалі рашэння Еўрапейскага Суда ў лістападзе 2016 года. Ці могуць бібліятэкі выдаваць сёння электронныя кнігі так сама, як друкаваныя?
 

Еўрапейскі Суд спачатку толькі праверыў, ці дазваляе Дырэктыва ЕС, прысвечаная законам аб прадастаўленні ў карыстанне, выдаваць электронныя кнігі. Гэта было выклікана скаргай з Нідэрландаў. Суд пастанавіў, што калі заканадаўцы якой-небудзь краіны-чальца ЕС дазволяць выдачу электронных кніг, то гэта не будзе парушэннем законаў ЕС. Гэта аднак аўтаматычна не азначае што Еўрапейскі Суд заклікае заканадаўцаў Германіі дазволіць падобнае. У нямецкім заканадаўстве сёння прапісана, што распаўсюд пэўнага твора не можа быць забаронены, калі ён ажыццяўляецца з дазволу таго, каму належаць аўтарскія правы. Гэты закон дзейнічае пакуль толькі ў адносінах да друкаваных кніг, а не да электронных.
 
Якія абмежаванні адносна выдачы электронных кніг у будучыні будуць існаваць у адпаведнасці з рашэннем Еўрапейскага Суда?
 

Рашэнне змяшчае дакладныя перадумовы. Так бібліятэкі павінны законна валодаць гэтай электроннай кнігай. Яны не могуць проста ўзяць электронную кнігу ў іншай бібліятэцы і выдаваць яе. Бібліятэкі могуць адначасова выдаваць электронныя кнігі толькі аднаму чытачу. Каб адначасова выдаваць якую-небудзь электронную кнігу многім чытачам, трэба мець шмат ліцэнзій. Акрамя таго, павінна існаваць тэхнічнае рашэнне, паводле якога выданне на камп’ютары чытача бібліятэкі будзе выдаляцца пасля сканчэння тэрміна выдачы, а той, хто валодае аўтарскімі правамі, павінен будзе атрымаць адпаведнае ўзнагароджанне.
 
Біржавое аб’яднанне нямецкага кніжнага гандлю, будучы прадстаўніцтвам інтарэсаў выдавецтваў, крытычна выказалася ў адрас рашэння – бо яно прывядзе да таго, што выдаўцы і аўтары больш не атрымаюць узнагароджання ў адпаведнасці з законамі рынкавай эканомікі.
 

Зразумела, што для выдавецтваў лепш атрымліваць кожны год паступленні ад ліцэнзійных збораў за які-небудзь твор, чым толькі адзін раз грошы за яго продаж. Але тут трэба правесці падлікі інакш і нельга прадаваць электронную кнігу танней за друкаваную. Сёння многія выдавецтвы дазваляюць выдачу электронных кніг. І гэтым выдавецтвам не пагражаюць фінансавыя страты.
 
Акрамя таго, біржавое аб’яднанне непакоіцца, што асартымент электронных кніг скароціцца ў выніку рэалізацыі рашэння Еўрапейскага Суда…
 

Ён гарантавана не скароціцца. Вырашальнымі заўсёды з’яўляюцца пажаданні карыстальнікаў. Сёння рынак электронных кніг крыху стагнуе, а да гэтага яго абарот рос на працягу многіх гадоў.
 
Як гэта паўплывае на перамовы аб ліцэнзіях з выдавецтвамі?
 

Першая магчымасць – гэта вывесці з абсягу дзеяння заканадаўства аб распаўсюдзе электронныя кнігі, якія роўныя друкаваным і не маюць дабавачнага кошту. За іх выдачу бібліятэкі маглі б плаціць танцьемы – як і ў выпадку з друкаванымі. Існуе і іншая альтэрнатыва: увесці т. зв. прымусовыя ліцэнзіі. Гэта азначае, што трэба было б абавязаць выдаўцоў прадастаўляць бібліятэкам ліцэнзіі на прымальных умовах. Тады б выдаўцы больш не змаглі адмовіць бібліятэкам у просьбе набыць пэўную электронную кнігу.
 
Калі чакаць рэалізацыі рашэння Еўрапейскага Суда ў Германіі?
 

Думаю, што пасля выбараў у Бундэстаг, якія адбудуцца ў верасні 2017 года, мы зноў звернемся да заканадаўцаў і папросім іх аб яго рэалізацыі.
 
Што азначае гэта рашэнне для будучай выдачы электронных кніг у бібліятэках?
 

На працягу многіх гадоў электронныя кнігі стала набываюць навуковыя бібліятэкі падчас актуалізацыі сваіх фондаў. У публічных бібліятэках таксама вельмі цікавяцца электроннымі кнігамі, перадусім раманамі. Калі выдавецтвы і надалей не будуць дазваляць бібліятэкам выдаваць, напрыклад, класічныя творы нямецкай літаратуры, то гэта будзе буйным парушэннем свабоды інфармацыі. Медыйная кампетэнцыя з’яўляецца ключавой і яна мае на ўвеце, што людзі могуць браць у карыстанне электронныя кнігі.

Прафесар д-р Габрыэла Бергер, бібліятэкарка і юрыстка. З 2005 года яна з’яўляецца дырэктарам Дзяржаўнай універсітэцкай бібліятэкі ў Гамбургу. Да зімовага семестра 2016 года яна выкладала медыйнае права ва Універсітэце імя Гумбальта ў Берліне і ва Універсітэце ў Гамбургу. Яна з’яўляецца прадстаўніком бібліятэчнай галіны ў Нямецкай радзе культуры, Камісіі па бібліятэчнай танцьеме Канферэнцыі міністраў культуры і ў Камітэце «Культура» Нямецкай камісіі ЮНЭСКА.