Менеджмент разнастайнасці «Спраектаваць публічную бібліятэку як адкрытую прастору»

Фае Гарадской бібліятэкі Брэмена з партрэтамі чытачоў
Фае Гарадской бібліятэкі Брэмена з партрэтамі чытачоў | Фота (фрагмент): © Stadtbibliothek Bremen

Як бібліятэкі рэагуюць на растучую разнастайнасць грамадства? Спецыяліст па пытаннях працы з мэтавымі групамі Гарадской бібліятэкі Брэмена Брыта Шмедэман распавядае пра стратэгіі менеджмента разнастайнасці.

Спадарыня Шмедэман, калі менеджмент разнастайнасці стаў актуальным для публічных бібліятэк?
 

Адназначна не скажаш, бо ён моцна залежыць ад адпаведнай структуры насельніцтва ў наваколлі бібліятэкі. Некаторыя бібліятэкі вельмі рана сталі ўлічваць у сваёй працы працоўных мігрантаў у Германіі, якія ўдасканальвалі свае веды альбо хацелі чытаць штосьці на сваёй мове. У іншых месцах разам са з’яўленнем новай генерацыі ўцекачоў сфармавалася думка аб неабходнасці менеджмента разнастайнасці.
 
Значыць, гаворка перадусім вядзецца пра тое, каб адрэагаваць на міграцыю?
 

Не, не толькі. Мы хутчэй глядзім на тое, дзе ў грамадстве існуюць адрозненні і як нам як бібліятэцы даць людзям роўныя шанцы і сфармаваць разуменне адзін аднаго. Гэта таксама тычыцца інтэграцыі людзей з інваліднасцю альбо з прабеламі ў адукацыі. Важным таксама з’яўляецца і гендэрны мэйнстрым – спрыянне роўнасці полаў.
 
Якія мерапрыемствы неабходны для таго, каб лепш забяспечыць роўнасць шанцаў?

Брыта Шмедэман Брыта Шмедэман | Фота (фрагмент): © Privat Гэта залежыць ад мэтавай групы. Разгледзім прыклад з мігрантамі: важна трымаць у полі зроку мігрантаў і ўцекачоў, а таксама групу памочнікаў і мясцовае насельніцтва, якому трэба пазнаёміцца з людзьмі з іншых культур. Для кожнай з гэтых груп мы маем уласныя выданні і прапановы.
 
Для ўцекачоў, напрыклад, кнігі на арабскай?
 

Яны ёсць у нас ужо даўно. Яшчэ ў 1980-х гадах мы пачалі выдаваць кнігі на мовах, якія выходзілі па-за межы адукацыйнага канону – англійскай, французскай і іспанскай моў. Да іх ліку належаць персідзкая, арабская, турэцкая, курдская альбо руская. Перш за ўсё, важна ўладкаваць бібліятэку так, каб яна была не толькі публічным але і адкрытым месцам. Тут павінны адчуваць сябе добра людзі з розных культур і кантэкстаў. У Брэмене мы павесілі ў фае мастацкі аб’ект, які складаецца з 300 фатаграфій: на іх выяўлены пераважна чытачы бібліятэкі. Ён дэманструе, якія розныя людзі, што прыходзяць да нас – тут побач з панкам знойдзеш паліцыянта.
 
Ці была створана ў Брэмене агульная канцэпцыя менеджмента разнастайнасці альбо Вы проста вызначылі асноўныя накірункі дзейнасці?
 

У 2010 годзе наша бібліятэка стварыла стратэгію разнастайнасці і ўключыла яе ў свой профіль. Калі казаць сцісла, то гаворка ідзе аб павазе да плюралістычнасці грамадства, пашане да прынцыпаў гендэрнага мэйнстрыму і садзейнічанню міжкультурнай інтэграцыі. Гэта мае на ўвеце выхад на супольнасці і выясненне пытанняў «Чаго вы чакаеце ад нашай бібліятэкі?» «Якіх прапановаў нам не стае?»
 
Ці прымяняецца гэта стратэгія ў дачыненні ўнутраных працэсаў у вашай арганізацыі?
 

Так. Напрыклад, мы праводзілі міжкультурныя трэнінгі для нашых супрацоўнікаў, мэтай якіх было навучыцца абыходзіцца з інакшым быццём шляхам самарэфлексіі. Што гэта значыць – прыйсці ў новае грамадства і яшчэ не ведаць яго правілаў? Што гэта значыць – мець неабходнасць вывучыць чужыя літары? Мы пісалі нашы імёны на арабскай мове і заўважылі, як крыва выглядае напісанае намі ў параўнанні з почыркамі тых, для каго гэта мова родная. Падобныя практыкаванні фармуюць разуменне таго факту, што ўцекачы, магчыма, запаўняюць нашы фармуляры не так чытэльна, як гэтага хацелася б нам.
 
Гарадская бібліятэка Брэмена атрымала ў 2016 годзе Прэмію за разнастайнасць горада Брэмена. Якім чынам можна вызначыць паспяховы менеджмент разнастайнасці?
 

Статыстычныя дадзеныя паказваюць толькі, якая колькасць дзяцей і дарослых мае білет чытача, хто атрымлівае ў нас зніжку як беспрацоўны. Іншыя звесткі падаюцца добраахвотна і таму з пункту гледжання статыстыкі не вельмі пераканаўчыя. Аднак мы звяртаем увагу на тое, якая публіка наведвае нас.
 
Ці атрымліваеце Вы зваротную сувязь?
 

Так. Цікавы досвед быў у нас з новай генерацыяй уцекачоў. Вельмі шмат людзей знайшлі шлях да нас не толькі дзякуючы рэкламе, якую мы рабілі ў лагерах уцекачоў, але і таму, што нашы сталыя кліенты рэкамендавалі нас. Мы былі вельмі рады, калі супольнасць, аб’яднаная вакол мясцовага мячэту, запыталася ў дырэктара аднаго з нашых філіялаў пра тое, ці можна правесці ў бібліятэцы рэлігійнае свята сканчэння посту – бо яно павінна было стаць агульным для ўсяго квартала.
 
Ці з’явілася ўжо ў публічных бібліятэках разуменне важнасці арыентаванай на мэтавыя групы працы?


Так. Сярод культурных устаноў бібліятэкі нават з’яўляюцца першапраходнікамі – нам часта гавораць пра гэта – у апошні раз гэта зрабіў Федэральны фонд культуры. Тады прагучала, што стратэгіі разнастайнасці тэатраў і музеяў яшчэ не так добра распрацаваны, як стратэгіі бібліятэк. На маю думку, нам добра ўдаецца будаваць мост для шырокіх слаёў насельніцтва, бо мы прапануем высокую культуру і ствараем доступ з вельмі нізкім парогам. 
 
Як Вы лічыце, у якіх выпадках трэба рэагаваць?
 
Безумоўна, у нашых калектывах яшчэ недастаткова адлюстроўваецца разнастайнасць грамадства: у нас па-ранейшаму працуюць супрацоўнікі-немцы. У сувязі з гэтым мы маем задачу ажыццяўляць працу па лабіраванні інтарэсаў нашай прафесіі. У многіх арабскіх культурах бібліятэкары знаходзяцца ў самым нізе іерархіі прафесій: іх лічаць больш ні на што не здольнымі. Тут нам трэба абудзіць інтарэс і давесці, што ў Германіі гэта прафесія, якая прапануе шмат магчымасцяў.
 

З 2013 года Брыта Шмедэман працуе спецыялістам па пытаннях працы з мэтавымі групамі ў Гарадской бібліятэцы Брэмена. З ліпеня 2015 года яна з’яўляецца чальцом Камісіі па міжкультурнай бібліятэчнай працы Германскага бібліятэчнага саюза (dbv).