Літаратура і дыгіталізацыя «Надрукаванае ўспрымаецца сур’ёзней»

Дыгіталізацыя змяняе нашы чытацкія звычкі
Дыгіталізацыя змяняе нашы чытацкія звычкі | Фота: © alphaspirit - stock.adobe.com

Ва ўсім свеце людзі сталі чытаць больш, чым раней – усё часцей на маніторах. Тое, як змена медыя-сродку ўплывае на чытанне, даследуе міжнародная сетка даследчыкаў. Размова з кнігазнаўцам Адрыянам ван дэр Вэелем.

Спадар ван дэр Вэель, больш за 150 навукоўцаў з амаль 30 краін даследуюць чытанне ў эпоху дыгітальнай трансфармацыі ў межах ініцыятывы «E-Read». Вы з’яўляецеся адным з каардынатараў сеткі. Што ўяўляе сабой гэта сумесная праца?
 
Адрыян ван дэр Вэель Адрыян ван дэр Вэель | Фота: © privat Мы не ажыццяўляем ацэнку дыгітальных зменаў як добрых альбо благіх, але даследуем, ці ў дастатковай меры ўсведамляюцца іх магчымыя эфекты. Напрыклад, падчас чытання існуе шэраг свядомых мэтаў. Гэта азначае і атрымаць інфармацыю, і паразважаць пра пачуцці і турботы. Некаторым чытачам удаецца здзейсніць з дапамогай літаратуры невялікія ўцёкі ад будзёнасці. Разам з гэтым чытанне мае дадатковыя эфекты, якія мы абіраем неўсвядомлена: аддаленне ад сацыяльнага наваколля, стымуляцыя ўяўлення, развіццё эмпатыі і дысцыпліны, здольнасць да канцэнтравання і абстрактнага мыслення. Мы пабачым, у якой ступені чытанне на экране мае гэтыя эфекты.
 
Якія перавагі мае чытанне друкаванай кнігі?
 

Чытачы, нават маладыя, ставяцца да тэкста на паперы сур’ёзней, чым да тэкста на маніторы. Тэкст на паперы прапануе менш нагодаў для пераключэння ўвагі – перадусім у параўнанні з дыгітальнымі прыладамі, якія маюць доступ у сеціва, а таксама прапануюць гульні, фільмы, прагляд электроннай пошты, выхад у сацыяльныя сеткі і працу з такімі месенджарамі, як «Whatsapp». Такім чынам друкаваны тэкст паляпшае канцэнтрацыю, якая неабходна перадусім для чытання вялікіх тэкстаў – напрыклад, кніг. Фізічная рэальнасць друкаванага тэкста лепш адпавядае нашаму ўспрыняццю. Калі тэкст зафіксаваны на сродку-носьбіту, то яго лягчэй узгадваць: чытанне падобна да арыентыроўкі на мапе – мы звязваем пэўныя фрагменты тэксту з месцам іх фізічнага знаходжання. Калі мы пракручваем тэкст альбо чытаем розныя тэксты на адной і той жа прыладзе, то гэтая сувязь разбураецца.

Сеціва прапануе неабмежаваны доступ да літаратуры

Аднак чытанне на дыгітальных прыладах таксама мае свае перавагі.
 

Па-першае, у тэксце можна ажыццяўляць пошук, змяняць памер шрыфту, асобны тэкст больш не мае вагі, на адной прыладзе можна ўзяць з сабой адначасова шмат кніг. А інтэрнэт прадастаўляе неабмежаваны доступ да іншых тэкстаў. Акрамя таго, дыгітальныя прылады могуць заахвоціць да чытання чытачоў, не схільных да яго, асабліва юных.
 
Што мае прапанаваць дыгітальная прылада для чытання, каб у найбольшай меры наблізіцца да чытання друкаванай кнігі?
 

Існуе важкая прычына, з якой людзі працягваюць купляць і чытаць друкаваныя кнігі, у той час, калі музыка і фільмы амаль цалкам ператварыліся ў дыгітальную з’яву. У многіх краінах продаж кніг для дыгітальнага чытання складае менш за 10 працэнтаў, ён стабілізіраваўся пасля некалькіх гадоў хуткага росту.
 
Ці можна так натрэніравацца чытаць на дыгітальных прыладах, каб нейтралізаваць яго мінусы?
 

Канечне, гэта магчыма. Падчас фазаў канцэнтрацыі карыстальнікі могуць, напрыклад, адключыць функцыі прылады, якія адцягваюць іх ўвагу. Але мне падаецца, што гэта ненармальна – рабіць такія функцыі ў прыладах,  мэта якіх – доступ да ўсіх дыгітальных сродкаў і магчымасцяў – поўнасцю супярэчыць такому карыстанню. Перадусім, калі існуе правераная выдатная тэхнічная альтэрнатыва: папяровая кніга. Магчымым тэхнічным рашэннем маглі б быць такія непадлучаныя прылады для чытання, як «Кайндль» альбо «Таліна», але, выглядае, што пакупнікі не асабліва захапляюцца імі.

Гаворка ідзе не толькі пра чытабельнасць

Якія даследаванні трэба ажыццявіць у першую чаргу?
 

Мне падаецца важным той факт, што дыгітальнае распаўсюджванне тэкставай інфармацыі нясе ў сабе шэраг пастак. Людзі больш занятыя шырокімі «тэмамі інфраструктуры», чым чытабельнасцю пэўнага медыя-сродка. Напрыклад, тое, што мы карыстаемся дыгітальнымі тэкстамі, мае нечаканы і нават парадаксальны эфект, які выяўляецца ў тым, што дыяпазон нашых інтарэсаў хутчэй памяншаецца, чым пашыраецца. Паводле публікацыі ў часопісе «Нэйча» («Nature») колькасць цытаваняў у навуковай сферы хутчэй скарачаецца, замест таго каб – як падаецца – павялічвацца. Калі мы нададзім занадта шмат увагі дыскусіі на тэму чытання на маніторах альбо на паперы, то ўпусцім важныя тэмы, узгаданыя вышэй.