Прыватная сфера і дыгіталізацыя «Фэйсбук – гэта не прыватны пакой»

Сацыяльныя сеткі, смартфоны, інтэрнэт рэчаў – дзе падзелася прыватная сфера? Альбо ідэя прыватнага і без гэтага ператварылася ў састарэлую ідэю? Размова з перакананым абаронцам дадзеных Янам Філіпам Альбрэхтам.

Спадар Альбрэхт, мы робім сэлфі, посцім каментары, пастаянна знаходзімся ў анлайне і ахвотна дзелімся з грамадскасцю нашым штодзённым жыццём. Мы жывем у свеце, дзе больш няма прыватнай сферы?
 

Я перакананы ў тым, што большасць людзей хоча мець прыватную сферу і ў дыгітальную эпоху. Перш за ўсё, яны хочуць самі вызначаць, хто, што і калі будзе пра іх даведвацца. Як заканадаўства, так і тэхніка дазваляюць абараніць прыватную сферу і дадзеныя ў свеце, дзе ўсё аб’яднана ў сеткі. Неабходны толькі адпаведныя правілы.
 
Але ж наша ўяўленне аб прыватным кардынальна змянілася. Дакладнага размежавання інтымнай, хатняй і публічнай сферы больш не існуе.
 

Канцэпцыя прыватнай сферы пастаянна мянялася цягам дзесяцігоддзяў і стагоддзяў, а не толькі ў эпоху дыгіталізацыі. Нягледзячы на гэта, мы і сёння вызначаем, што распавесці сваім бабулі, працадаўцы, маленькай сястрычцы і страхавой кампаніі. Па-ранейшаму існуюць розныя сферы і шмат карыстальнікаў грунтоўна разважаюць аб тым, што паведаміць пра сябе ў сеціве. Гэтыя карыстальнікі шукаюць сервісы, якія адказна ставяцца да абароны дадзеных, можна таксама сказаць: якія шануюць прыватную сферу.

«Многія карыстальнікі дзейнічаюць асцярожна»

Ці бачыце Вы ў апошнія гады адпаведную тэндэнцыю, свядомасць, якая пашыраецца сярод насельніцтва Еўропы? Ці ўзмацнілася жаданне мець прыватную сферу?
 

Канечне! У кожным выпадку яе можна назіраць. Пасля таго, як некалькі гадоў таму Фэйсбук увёў храналагічную шкалу, якая дазволіла прасочваць уласныя выказванні па гадах, гэта напужала многіх людзей. Яны зусім не ўсведамлялі гэту публічнасць. Сёння многія карыстальнікі паводзяць сябе асцярожней, бо ведаюць, што Фэйсбук – гэта не прыватны пакой. Таксама ўсё часцей выкарыстоўваюцца антытрэкінгавыя дадаткі для браўзера і зашыфраваныя сервісы камунікацыі.
 
Ашчаднае абыходжанне з дадзенымі, на жаль, не заўсёды магчыма. Карыстальнікі часта мірацца з тым, што дадаткі на іх смартфонах збіраюць шмат дадзеных. Ці не занадта мы расслабіліся?
 

Той факт, што мы сталі больш чуйнымі да такіх тэмаў, як «Прыватная сфера» і «Абарона дадзеных», аўтаматычна не робіць нас узброенымі перад абліччам дыгіталізацыі. Мы як грамадства жудасна адстаём ад развіцця тэхналогій. Перад намі – агульная задача. Адныя законы нас не абароняць. Нам неабходна ўдасканальвацца і гартавацца для жыцця ў гэтым новым свеце. Бо прагрэс ідзе далей. Як мы, напрыклад, будзем абыходзіцца з беспілотнымі аўтамабілямі, якія будуць нас пастаянна здымаць? Альбо з сайтамі са штучным інтэлектам, якія будуць размаўляць з намі і запісваць нашыя дыялогі?

«Мы залежым ад пэўных платформаў»

Часта асобны карыстальнік не мае выбару. Ён вымушаны пагадзіцца з умовамі карыстання платформаў альбо цалкам адмовіцца ад іх. Якія выклікі паўстаюць перад палітыкамі, калі гаворка заходзіць аб тым, каб дыктаваць кампаніям іншыя правілы гульні?
 

Былі часы, калі ў супермаркетах нельга было купіць прадуктаў, якія прадаваліся ў адпаведнасці з прынцыпамі чэснага гандлю. Тыя, хто хацеў купіць каву, змушаны былі браць тое, што стаяла на паліцах. Альтэрнатыўныя камерцыйныя прапановы з’яўляліся паступова. Падобныя альтэрнатывы з’явяцца і ў віртуальнай прасторы. На жаль, сёння мы знаходзімся ў такой сітуацыі, калі вельмі моцна залежым ад пэўных платформаў альбо аперацыйных сістэмаў. Палітыкам неабходна скончыць з гэтай манаполіяй і падтрымаць кампаніі, якія прапануюць альтэрнатыву.
 
Чаму прыватная сфера мае такое важнае значэнне для дэмакратыі?
 

Неабходна, каб была забяспечана свабода камунікацыі і слова. Дэмакратычны дыскурс пакутуе ад таго, што людзі пастаянна вымушаны баяцца, што іх прыватныя выказванні пазней будуць выкарыстаныя супраць іх. Напрыклад, калі яны будуць звяртацца ў банк па крэдыт альбо ўладкоўвацца на працу. Падобныя выпадкі дыскрымінацыі ўжо маюць месца. Рэкламны кантэнт таксама ўжо ствараецца з улікам таго, што шукаў альбо што купляў той ці іншы карыстальнік.

«Асобы маюць цяпер нашмат больш правоў»

У апошнія гады Вы інтэнсіўна бралі ўдзел у стварэнні новага еўрапейскага закона ў галіне абароны дадзеных. Якую палітычную сітуацыю маем сёння?
 

Мы прынялі закон увесну 2016 года: за яго прагаласавала значная большасць у абедзвюх палатах: як у Еўрапейскім Парламенце, так і ў Радзе Міністраў. З мая 2018 года ён уступіць у сілу ва ўсіх краінах-чальцах ЕС. Ён будзе абавязковым для ўсіх кампаній, якія прыйдуць на еўрапейскі рынак – таксама і для фірмаў з Сіліконавай Даліны альбо Кітаю. Усе гэтыя кампаніі павінны будуць прытрымлівацца еўрапейскіх правілаў гульні ў сферы абароны дадзеных – у адваротным выпадку ім будуць пагражаць вялізарныя штрафы. Ужо сёння гэта вядзе да таго, што многія кампаніі з мэтай спрашчэння прымяняюць строгія еўрапейскія правілы ў адносінах да ўсёй сваёй дзейнасці ў міжнародным маштабе.
 
Якія важныя новаўвядзенні з’явяцца для грамадзянаў?
 

Самае важнае – гэта тое, што кампаніі павінны будуць сур’ёзна ставіцца да абароны дадзеных – бо ўрэшце яе можна паслядоўна ажыццяўляць. Акрамя таго, асобы будуць мець нашмат больш правоў. Кампаніі павінны будуць дакладна інфармаваць карыстальнікаў аб тым, што адбываецца з іх дадзенымі. І рабіць гэта ў зразумелай форме! А не праз доўгія тэксты, якія разумеюць толькі юрысты. Магчыма, з’явіцца сістэма з простымі стандартызаванымі сімваламі.
 
Прыватная сфера насуперак татальнаму аб’яднанню ў сеткі – як выглядае Ваша візія?
 

Я хацеў бы, каб мы ўсе былі ў стане абыходзіцца са сваімі дадзенымі ў паўсядзённым жыцці так сама суверэнна, як, напрыклад, у выпадку ажыццяўлення пакупак. Тут мы таксама пастаянна прымаем рашэнні: купіць той ці іншы прадукт, заплаціць гатоўкай альбо карткай, зайсці ў гэту ці тую краму? Так сама суверэнна і свядома мы павінны будзем калі-небудзь дзейнічаць і ў віртуальнай прасторы. 
 

Ян Філіп Альбрэхт Ян Філіп Альбрэхт | Фота (фрагмент): © Fritz Schumann Ян Філіп Альбрэхт (1982 г. нар.) з’яўляецца дэпутатам ад Партыі Зялёных у Еўрапейскім Парламенце з 2009 года. Ён - намеснік старшыні Камісіі па ўнутраных справах і прадстаўнік у Камісіі па справах унутранага рынка і абароны спажыўцоў. Ян Філіп Альбрэхт быў кіраўніком перамоваў у справе новага закона аб абароне дадзеных у Еўрапейскім Парламенце.