Медыйная кампетэнцыя Па слядах фэйкавых навін

Навучанне распазнаванню непраўдзівых паведамленняў на семінарах, прысвечаных працы ў сацыяльных сетках
Навучанне распазнаванню непраўдзівых паведамленняў на семінарах, прысвечаных працы ў сацыяльных сетках | Фота (фрагмент): © PrivatJacob Lund - Fotolia.com

Непраўдзівыя паведамленні з інтэрнэту ўсё больш уплываюць на палітычныя меркаванні і тым самым шкодзяць дэмакратыі. Менавіта бібліятэкі могуць узяць на сябе важныя задачы ў барацьбе супраць фэйкавых навінаў.

Увесну 2016 года хуткімі тэмпамі распаўсюджвалася публікацыя, зробленая ў Фэйсбуку: «27.03.2016 згубілася мая дачка, Марыя Х. (6 гадоў), пошукі пакуль не далі выніку», а побач была змешчана фатаграфія дзяўчынкі. Далей паведамлялася наступнае: «Сведкі паведамілі мне, што ў апошні раз яе бачылі разам з двума дзецьмі ўцекачоў». Звесткі трэба было дасылаць наўпрост «маці Берце Хофман», публікацыя ў Фэйсбуку, відавочна, належыла ёй.

Праўдзівасць часта не правяраецца

Неўзабаве высветлілася наступнае: абвестка аб знікненні была фэйкам, свядома закінутым у публічную сферу непраўдзівым паведамленнем. За ёй хавалася пастка-абанемент: тыя, хто пераходзіў па спасылцы, траплялі на порнасайты і сайты латарэй. Фэйкавае паведамленне было асабліва падступным, бо распальвала нянавісць у дачыненні да ўцекачоў. Неўзабаве аўстрыйскі партал mimikama.at выкрыў падман. Нягледзячы на гэта, многія карыстальнікі Фэйсбуку дзяліліся публікацыяй, не правяраючы яе.

Колькасць падобных непраўдзівых паведамленняў значна павялічылася цягам апошніх гадоў. Усё больш людзей атрымліваюць інфармацыю з сацыяльных сетак, кантэнт у якіх распаўсюджваецца маланкава. Пры гэтым праўдзівасць інфармацыі часта не ставіцца пад сумнеў. Небяспекай для дэмакратычнага ладу фэйкавыя навіны робяцца ў тым выпадку, калі яны ўплываюць на меркаванні інтэрнэт-карыстальнікаў і іх паводзіны як выбарцаў. Прэзідэнцкія выбары ў ЗША і дэбаты па тэме ўцекачоў у Германіі суправаджаліся фэйкавымі навінамі. Мяркуецца, што перад абліччам выбараў у Бундэстаг, якія павінны адбыцца ўвосень 2017 года, могуць адбыцца спробы маніпуляцый з дапамогай непраўдзівых паведамленняў.

Бібліятэкі супраць фэйкавых навінаў

У барацьбе супраць фэйкавых навінаў бібліятэкі могуць ажыццяўляць важную адукацыйную працу: па-першае, прадастаўляючы доступ да надзейных крыніцаў, з дапамогай якіх можна праверыць факты; па-другое, фармуючы медыйную кампетэнцыю ў дзяцей, моладзі і дарослых.
 
Выбітным прыкладам з’яўляецца Мюнхенская гарадская бібліятэка: з 2012 года яна праводзіць курсы для вучняў, якія навучаюць паводзінам у сацыяльных сетках – пачынаючы ад 5 класа і вышэй. Іх тэмы: «Прыватная сфера», «Абарона дадзеных і аўтарскае права», а з 2016 года – і «Фэйкавыя навіны». Акрамя таго, у ліпені 2017 года бібліятэка прапануе для школьнікаў гульню «Фармаванне грамадскай думкі», якая прысвечана выбарам у Бундэстаг, партнёрам выступае арганізацыя «Культур & шпільраўм». Падчас гульні моладзь знаёмяць з тэмай фэйкавых навінаў. «Бібліятэкі – гэта месцы, якія служаць справе інфармавання і фармавання грамадскай думкі ў адпаведнасці з прынцыпамі дэмакратыі. Таму патрабавалася няшмат, каб узяцца за падобную тэматыку», – кажа Астрыд Мекль, якая ладзіць імпрэзы разам са сваёй калегай Рафаэлай Мюлер.

Навучанне пошуку на канкрэтных прыкладах

Мекль падкрэслівае практычны аспект: «Важна не толькі гаварыць пра гэта. Трэба, каб бібліятэка таксама праводзіла семінары». На курсах, якія навучаюць паводзінам у сацыяльных суполках, разглядаюцца таксама і канкрэтныя прыклады. «Мы прапануем дзецям пэўную публікацыю для праверкі – напрыклад, абвестку аб знікненні чалавека, створаную Бертай Хофман, – распавядае Мекль. – Спачатку мы гаворым з імі пра тое, ці лічаць яны гэты пост праўдзівым альбо ілжывым».
 
Затым маладыя людзі і дзяўчаты атрымліваюць тэарэтычную «зброю» і ствараюць працоўныя групы для таго, каб высветліць, ці праўдзівая навіна. Напрыклад, яны заходзяць на свае старокі ў Фэйсбуку і правяраюць, ці сапраўды існуе кабета «Берта Хофман». Альбо яны шукаюць ужо існуючыя паведамленні пра адпаведны фэйк. Часта падобныя публікацыі маюць фармальныя прыкметы таго, што яны з’яўляюцца непраўдзівымі навінамі: адсутнасць выходных дадзеных, арфаграфічныя памылкі, спасылкі на несур’ёзныя сайты альбо назвы, якія мінімальна адрозніваюцца ад назваў салідных крыніц. «Вельмі карысным з’яўляецца адваротны пошук выяў у Гугле, – кажа Астрыд Мекль. – Ён дапамагае высветліць, з якой інтэрнэт-крыніцы паходзяць здымкі і ці не ёсць гэта выпадкам маніпуляцыі».

Праверка праўдзівасці шляхам гульні

«Маладыя людзі і дзяўчаты самастойна правяраюць звесткі з інтэрнэту», – кажа Мекль. Аднак перадусім тады, калі гаворка ідзе пра рэчы, не звязаныя з палітыкай – напрыклад, пра забаўляльныя відэаролікі на Ютубе альбо папярэджанні аб вірусах у месенджары «Whatsapp». Што тычыцца палітычных тэмаў, то «ўзровень даверу ў іх выпадку з’яўляецца высокім». Дзеці кажуць: «Чаму гэта павінна быць няпраўдай? Гэта ж узята з інтэрнэту». Таму вельмі важна гаварыць з моладдзю пра магчымыя прычыны спробаў палітычных маніпуляцый. Напрыклад, распавесці пра сацыяльных ботаў – праграмы, якія аўтаматычна рассылаюць навіны праз сацыяльныя сеткі і такім чынам уплываюць на палітычныя меркаванні.
 
Бібліятэчная сістэма Шлезвіг-Гальштэйну таксама ажыццяўляе сёння цікавы праект. Там ствараецца гульня «Паляўнічыя на фэйкі» («Fakes-Jäger»), якая павінна знайсці прымяненне ў бібліятэках Шлезвіг-Гальштэйна з 2018 года. Пачынаючы з 7 класа, дзеці навучаюцца правяраць надзейнасць інтэрнэт-крыніц і распазнаваць фэйкавыя навіны ў гульнявой форме. Пры гэтым яны становяцца часткай гісторыі – у якасці супрацоўнікаў дэтэктыўнага агенцтва, якое атрымлівае заказ ад выдавецтва прэсы. Існаванне газеты, якая карпатліва правярае факты, трапляе пад пагрозу ў выніку з’яўлення новага сенсацыйнага інтэрнэт-парталу. Дэтэктывам трэба высветліць, ці распаўсюджвае гэты партал фэйкавыя навіны – для таго, каб спыніць дзейнасць газеты.  

Крытычны падыход да інфармацыі з інтэрнэту

«Для гэтага мы прадастаўляем школьнікам розныя інструменты, – кажа Катрын Рэклінг-Фрайтаг, якая кіруе праектам. – Напрыклад, спосабы праверкі крыніцаў і чытання паміж радкоў». Маладыя людзі і дзяўчаты павінны самі правесці пошукі ў бібліятэцы і высветліць, пры якіх умовах кнігі з’яўляюцца больш надзейнымі за інтэрнэт-крыніцы. Рэклінг-Фрайтаг лічыць, што падобныя праекты магчымыя і для мэтавых груп старэйшага ўзросту: «Сёння няма нічога больш важнага за тое, каб навучыць моладзь і дарослых крытычна падыходзіць да інтэрнэт-крыніцаў».
 
Падобнае меркаванне мае і Астрыд Мекль: «Часта дарослыя зусім не валодаюць гэтай тэхнікай». Таму Гарадская бібліятэка Мюнхена ўсё часцей праводзіць семінары для дарослых. Для таго, каб навучыць вялікую колькасць людзей, як абыходзіцца з фэйкавымі навінамі, Мекль і Мюлер навучаюць супрацоўнікаў філіялаў Гарадской бібліятэкі Мюнхена. Пачынаючы з восені 2017 года там таксама павінны адбыцца семінары, прысвечаныя працы ў сацыяльных сетках.