Медыйныя ініцыятывы З дапамогай фактаў супраць фэйкавых навінаў

Чатыры тыдні трэнінгу «Bootcamp», прысвечанаму барацьбе супраць фэйкавых навінаў: каманда «верыфікацыі» кампаніі «Байрышэр рундфунк»
Чатыры тыдні трэнінгу «Bootcamp», прысвечанаму барацьбе супраць фэйкавых навінаў: каманда «верыфікацыі» кампаніі «Байрышэр рундфунк» | Фота (фрагмент): © BR / Lisa Hinder

Нямецкія СМІ перажываюць крызіс даверу. Каб вярнуць яго і выступіць супраць маніпуляцый і непраўдзівай інфармацыі ў сеціве, яны заснавалі розныя ініцыятывы.
 

Вы ўжо чулі што-небудзь пра «змову залатых зліткаў»? У адпаведнасці з ёй вялікая частка залатога запасу Германіі больш не сінуе – яго тайна скралі з тэрыторыі ЗША і замянілі падробнымі залатымі зліткамі. «Гэта гісторыя часта трапляецца ў сацсетках, відэаролікі па гэтай тэме праглядаюцца дзясяткі тысяч разоў, – распавядае Патрык Гензінг. – Гэта для нас заўсёды знак, што варта праяўляць актыўнасць».

«Фактенфіндэр»: праліць святло ў цемру

Гензінг з’яўляецца кіраўніком «Фактенфіндэра» («Пашукавіка фактаў») – заснаванага ў пачатку красавіка 2017 года аддзелу пошуку публічна-прававога аб’яднання радыёвяшчання ARD. «Фактенфіндэр» уключаны ў склад «Тагесшаў» – навіновай перадачы з найвялікшай колькасцю гледачоў у Германіі. Мэта – знайсці ў сеціве гісторыі, якія падаюцца непраўдзівымі і на першы погляд няважнымі, аднак якія маюць патэнцыял – узмоцнены праз сацсеткі – уплываць на публічны дыскурс. Гісторыі даследуюцца, а непраўдзівыя факты выкрываюцца. У выпадку «змовы залатых зліткаў» пры бліжэйшым разглядзе гаворка ідзе пра гарадскую легенду. Вынікі пошукаў публікуюцца на сайце faktenfinder.tagesschau.de.
 
Для Патрыка Гензінга «Фактенфіндэр» – гэта таксама спроба праліць святло ў цемру фенамена, які вельмі клапаціў СМІ Германіі ў звязку з выбарамі ў Бундэстаг у верасні 2017 года: так званых фэйкавых навінаў, дэзінфармацыі, мэтанакіраваных непраўдзівых паведамленняў. «Мы не ведаем, ці будуць адыгрываць такія непраўдзівыя паведамленні, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт, падобную значную ролю, як у выпадку рэферэндума аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС, выбараў у ЗША і Францыі. Аднак існуюць прычыны дапусціць гэта, – кажа Гензінг. – З дапамогай “Фактенфіндэра” мы хацелі б высветліць, якія маштабы мае гэты фенамен у сапраўднасці».

Менш даверу да СМІ

Тое, што фэйкавыя навіны маюць вялікі маніпулятыўны патэнцыял, здольны зашкодзіць дэмакратыі, звязана з дэфіцытам даверу да класічных СМІ з боку насельніцтва. «Дзякуючы шматлікім даследаванням мы ведаем, што сёння прыкадна адна пятая – адна чацвёртая частка немцаў не верыць цалкам вартым даверу СМІ», – кажа Карстэн Райнэман, выкладчык камуніказнаўства ва Універсітэце імя Людвіга Максіміліяна ў Мюнхене.
 
Магчымую прычыну гэтага Райнэман бачыць, між іншым, у негатыўных тэндэнцыях развіцця падзей у сферы СМІ, якія абумоўліваюць правалы ў журналістыцы: паведамленне пра падзеі, хуткасць якога стала павышаецца з эканамічных прычынаў, можа прывесці да стратаў якасці. Акрамя таго, дадаюцца тэндэнцыя да скандалаў і ўплывы са сферы палітыкі, рэкламы і грамадскіх сувязей.
 
Акрамя таго, па словах Райнемана, гаворка ідзе таксама і пра ўплывы актуальных палітычных падзей: наратыву крытыкі сістэмы, як яго прапагандуе перадусім праварадыкальная партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (Alternative für Deutschland – AfD) – паводле яго СМІ выконваюць ролю памагатага моцных і маніпулятара грамадскай думкай. «Раптам паўстае дыскусія аб тым, ці можа ўвогуле існаваць кансэнсус наконт таго, што з’яўляецца праўдзівым і правільным», – кажа Райнэман. Гэта няўпэўненасць можа стацца інструментам палітычнай прапаганды. Калі паўстаў недавер да верыфікаванай інфармацыі, то раптам могуць з’явіцца «альтэрнатыўныя факты».

«Верыфікацыя»: выкрыць фэйкавыя навіны

«Фактенфіндэр» шчыльна супрацоўнічае з арганізацыяй «Cошыал ліснінг энд верыфікэйшан» («Social Listening and Verifikation»), якая была створана ў маі 2017 года і ўваходзіць у склад кампаніі «Байрышэр рундфунк» (Bayrischer Rundfunk – BR). Яна таксама мае на мэце выкрыццё і зняпраўджванне чутак, фэйкавых навінаў і прапаганды ў сеціве. У адрозненне ад «Фактенфіндэра» вынікі не збіраюцца на адмысловым сайце, а публікуюцца разам з іншымі навінамі.
 
«Першачарговая задача – не верыфікацыя, а прадастаўленне інфармацыі пра непраўдзівыя навіны, – кажа Штэфан Прымбс, кіраўнік арганізацыі. – Мы хацелі б аб’ектыўна распавесці навіну, не паўтараючы пры гэтым хлусні». Яшчэ адным важным момантам праекта з’яўляецца фармаванне медыйнай кампетэнцыі. Тлумачальныя артыкулы маюць на мэце паказаць як распаўсюджваюцца чуткі, а таксама распавесці пра розныя механізмы прапаганды і публікацыі непраўдзівых паведамленняў у сацыяльных сетках.

«Эхтецт»: праверыць ступень верагоднасці

У чэрвені 2017 года таксама пачалася ініцыятыва дабрачыннай арганізацыі «Карэктыў» («Correctiv»). Быў створаны сайт пад назвай «Эхтецт» («Echtzeit»), на якім ажыццяўлялася праверка выбраных гісторый на прадмет іх сапраўднасці. Указанні па падобных крыніцах карыстальнікі могуць уносіць наўпрост у фармуляр на старонцы, альбо паведамляць праз Фэйсбук. Важным крытэрам праверкі з’яўляецца рэлевантнасць – перадусім распаўсюджанне ў сацыяльных сетках. «Праўдзівае паведамленне пра падзеі і барацьба супраць мэтанакіраваных фейкавых навінаў належаць да ключавых заданняў журналістаў. Важна вызначыць, наколькі важным з’яўляецца сёння фенамен фейкавых навінаў у Германіі, – кажа пра мэту праекта Юта Крам, кіраўніца каманды «Эхтецт», узгадваючы «Фактенфіндэр» калегаў з публічна-прававой тэлерадыёвяшчальнай кампаніі ARD.
 
Карстэн Райнэман вітае ўсе гэтыя ініцыятывы, аднак хоча папярэдзіць, што інтэрпрэтаваць іх як спробу аднавіць давер не варта. Уласна выклік знаходзіцца для яго ў іншым месцы: «Фэйкавыя навіны ў іх найнебяспечнейшай форме могуць быць часткай палітычна матываванай барацьбы супраць ліберальнай плюралістычнай дэмакратыі. Выклік для журналістаў палягае ў тым, каб распазнаць і разаблачыць гэта, аднак адначасова сур’ёзна ўспрыняць абгрунтаваную крытыку ўласнага СМІ і зрабіць высновы з яе».