Дыгіталізацыя ў мастацтве ілюстрацыі Калі планшэт замяняе туш

Ілюстрацыя, створаная Анэмонэ Клос для кнігі «Зялёны горад»
Ілюстрацыя, створаная Анэмонэ Клос для кнігі «Зялёны горад» | Фота (фрагмент): © Anemone Kloos

Немагчыма ўявіць сабе сёння мастацтва ілюстрацыі без камп’ютараў, планшэтаў і дыгітальных праграм. Нягледзячы на гэта, многія мастакі аддаюць перавагу алоўку, тушы і паперы.

Ілюстрацыі суправаджалі тэксты, пачынаючы з сярэдневечных рукапісаў, а самае позняе ад пачатку кнігадрукавання – тады яны сталі абавязковымі. Вось ужо некалькі гадоў гэтае мастацтва малявання, якое з’яўляецца частым спадарожнікам пісьмовага слова ў кнігах, газетах, часопісах, брашурах і, зразумела, у сеціве, знаходзіцца ў працэсе імклівых тэхналагічных зменаў: дыгіталізацыя змяняе мастацтва і рамяство.
 
Адным з найбольш вядомых і выбітных ілюстратараў ва ўсім свеце з’яўляецца народжаны ў 1970 годзе ў швабскім Вайблінгене ілюстратар Крыстаф Німан. Пасля адзінаццаці гадоў пражывання ў Нью-Ёрку, стварэння шматлікіх малюнкаў для першых старонак газет «Зэ Нью-Йоркер» і «Нью-Йорк Таймз» ён зноўку – з 2014 года – жыве ў Берліне. Гэта не паўплывала ні на яго працадаўцаў, ні на яго поспех: у 2017 годзе ў Музеі анімацыі ў Базелі пройдзе выстава-рэтраспектыва твораў мастака.

Аловак і бульбяная пячатка

Німан выкарыстоўваў новыя медыя-сродкі ад пачатку сваёй кар’еры ў 1990-х і стала звяртаўся да іх таксама і ў сваіх працах. Яго напоўненыя тонкім гумарам малюнкі для вокладак выкрывалі сучасны свет падобным да лёгкасці пяра спосабам: вось, напрыклад, японская гейша, апранутая ў паліто з фігурак пакемонаў, з веерам з мабільнікаў, выкананая для газеты «Зэ Нью-Йоркер». Часта Німан стварае з малюнкаў, падзелак і фатаграфій арыгінальныя і смешныя вобразныя знаходкі, якія абавязкова выклікаюць здзіўленне ў гледачоў.
 
Ён карыстаецца алоўкам, тушшу і фарбай, таксама бульбянымі пячаткамі, ракавінамі і цаглінкамі канструктараў «Лега», замалёўвае і стварае калажы. Значную частку твораў Крыстафа Німана лёгка пазнаць па ўяўнай прастаце яго чорных ліній, «кінутых» малым лікам штрыхоў тушшу. Аднак нягледзячы на тое, што гэтыя лініі падаюцца нібыта выкананымі ад рукі, яны часцей за ўсё паўстаюць у камп’ютары. Гледзячы на іх, не скажаш, што ўзніклі яны ў выніку складанага творчага працэсу.

Малюнкі з мноствам персанажаў для пракручвання на маніторы

Як ставіцца да ілюстратараў эпохі дыгіталізацыі маладое пакаленне? Лейпцыгскі мастак Роберт Дойч (1981 г. нар.) супрацоўнічае з часопісам «Псіхалагі хойтэ». Вядомы ён дзякуючы сваім вельмі падрабязным малюнкам з мноствам персанажаў. Нядаўна ён выдаў у выдавецтве «Авант Ферлаг» сваю першую графічную навелу пад назвай «Турынг», якая распавядае пра жыццё геніяльнага брытанскага першапраходніка кампьютарнай тэхнікі Алана Турынга. Гэта можа падацца іроніяй, але кніга цалкам паўстала на паперы, малюнкі выконваліся сапраўднымі акрылавымі фарбамі.
 
Дойч часам можа ствараць ілюстрацыі з дапамогай вектарных праграм, але часцей за ўсё ён аддае перавагу сапраўднаму маляванню: «Я высока цаню арыгіналы, бо на выставах яны робяць большае ўражанне, чым раздрукоўкі». Разам з тым ён таксама высока ацэньвае і магчымасці дыгіталізацыі: «Анімаваныя ілюстрацыі я лічу цікавымі: падобна як і анімаваныя газеты ў фільмах пра Гары Потэра». Акрамя таго, з дапамогай інтэрнэт-крамаў па продажы ілюстрацый можна зарабляць грошы. Да таго ж паўстаюць новыя праекты, якія абуджаюць у Дойча жаданне эксперыментаваць: серыя кароткіх радыёпастановак, створаная радыё «Мітэльдойчэр Рундфунк» нязмушана распавядае ў юбілей Рэфармацыі 2017 года пра Марціна Лютэра – у форме навелы для анлайнавага радыё пад назвай «Краіна Лютэра» («Lutherland»). «Я працую над вялізарным малюнкам з мноствам персанажаў, які можна будзе пракручваць на маніторы. У розных месцах малюнка глядач зможа праслухаць асобныя часткі радыёнавелы. Магчымасці яшчэ далёка не вычарпаныя».

Анімаваныя малюнкі

Падобна да Роберта Дойча ілюстратарка Анэмонэ Клос высока ацэньвае эстэтыку класічнага малявання на паперы. Яе філігранна-элегантныя, часткова казачныя малюнкі ўпрыгожваюць шматлікія часопісы і кніжкі для дзяцей – такія, як, напрыклад, «У краіне воблакаў» («Im Land der Wolken»). Аднак партфоліо 30-гадовай мастачкі таксама змяшчае стрыт-арт і размалёўку сценаў. «Усім маім творам папярэднічаюць малюнкі, зробленыя ад рукі алоўкам альбо тушшу. Проста на паперы я працую хутчэй, смялей і трапней», – кажа яна. Потым Клос скануе малюнкі і апрацоўвае іх у камп’ютары. Напрыклад, «Бога калодзежа» («Brunnengott») – выяву фантастычнай істоты для календара ЮНІСЭФ, у якой вада капае з пасмаў барады, што маюць форму хваляў. «Лічу, што гэта вельмі добра, калі мяжа паміж камп’ютарнай і ручной апрацоўкай размываецца – так што па малюнках не скажаш, якім чынам яны былі створаны».
 
Анэмонэ Клос стварыла скарбонку адсканаваных задніх планаў і структур і, калі паўстае патрэба, выкарыстоўвае іх. «Дыгіталізацыя нясе з сабой цікавыя змены: у электронных кнігах можа адбывацца гульня музыкі і колераў, чытач дычыняецца з кнігай і малюнкамі». Некаторыя ілюстрацыі Клос, прызначаныя для рэкламных ролікаў і тлумачальных відэакліпаў, анімаваныя і суправаджаюцца тэкстамі і музыкай. «І вось паўстае атмасфера і ўзровень зместу, якіх немагчыма было б дасягнуць, маючы толькі двухмерны малюнак».
 
Нядаўна цікаўнасць Німана да дыгітальных навінак прывяла да таго, што ён пачаў займацца стварэннем дадаткаў для смартфонаў. Пасля стварэння дадатку-ілюстраванай кнігі «Кантактны заапарк» («Streichelzoo») ён распрацаваў у 2016 годзе «Хомп» («Chomp»). У ім Німан паядноўвае намаляваныя пункцірам анімацыі, малюнкі жывёлаў, прафесій альбо сітуацый з сэлфі, якія здымаюць самі карыстальнікі. Так, маладыя і сталыя карыстальнікі прымяраюць на сябе анекдатычныя ролі, адначасова паўстае камічны эфект, выстаяць перад якім не могуць нават тыя, хто не прымае дыгіталізацыю. Ці Вам калі-небудзь не хацелася пабыць гадзіннікам з зязюляй?