Нямецкая мова ў кантэксце пражскага мультылінгвізма Літаратурная мова Франца Кафкі

© Goethe-Institut

Доўгі час нямецкую мову Кафкі ведалі па пасмяротным зборы твораў паверанага ў яго справах Макса Брода. Той, каб максімальна пашырыць распаўсюд твораў свайго сябра, зрабіў у іх карэктуры, перш за ўсё маючы намер выдаліць усе пражскія словы, па якіх можна было зрабіць выснову аб рэгіянальным варыянце нямецкай мовы – мовы горада Прагі. Так, ужо Курт Тухольскі і Герман Гесэ лічылі, што ў Кафкі можна знайсці «ўзорную», «класічную» нямецкую мову. У першую чаргу падавалася, што гэта пацвярджае меркаванне пражскіх літаратурных колаў, якія прэтэндавалі на тое, што пішуць на «чыстай і непашкоджанай нямецкай літаратурнай мове». Пра гэта паведамляе Ёханэс Урцыдыл. У супрацьлегласць гэтаму як раз Кафка і зацеміў, што па-за межамі Багеміі ён вылучаецца дзякуючы свайму «пражскаму нямецкаму». І толькі выйшаўшы ў 1982 годзе ў выдавецтве «С.Фішар» (Франкфурт-на-Майне) «Крытычны збор твораў Кафкі», які падае як некаторыя змены тэкстаў, зробленыя Кафкам уласнаручна, так і праўкі яго выдаўцоў, паказвае аўтэнтычную нямецкую мову, распаўсюджаную ў Празе ў 1900 годзе. Бо ў працэсе напісання кніг, які характарызаваўся тэмпам, імклівасцю, спантанасцю, а перадусім эмоцыямі і экстазам, Кафка быў латэнтна схільны рабіць апіскі. У паўстаўшым пры гэтым слаі хуткіх правак, якія адлюстроўваюць тэкст «in statu nascendi», пакінуў добра бачны след маўленчы ўзус Кафкі.
 
У выніку крытычнага разгляду тэкста паўстала граматыка памылак нямецкай мовы прозы Кафкі, якая дазваляе фармальную рэканструкцыю яго будзённага маўлення. Каб згрупаваць формы, якія часта трапляюцца ў яго аўтографах і вызначыць іх канкрэтныя крыніцы (дыялект, ідыш, чэшская), былі скамбінаваныя метадычныя прынцыпы розных мовазнаўчых дысцыплінаў: лінгвістыкі памылак, якая даследуе пісьмовую нямецкую мову носьбітаў дыялектаў на прадмет запазычання дыялектных формаў, дыялекталогіі, якая падмацоўвае гэты метад шляхам выкарыстання граматык, слоўнікаў і атласаў нямецкіх дыялектаў ды кантактнай лігвістыкі, якая вывучае (калектыўны) стабільны трансфер элементаў адной мовы ў іншую. Другі крок меў на ўвазе вызначыць на аснове мадэлі стандартнай мовы Ульрыха Амана, ці не належылі выяўленыя такім чынам у прозе Кафкі рэгіяналізмы якому-небудзь рэгіянальнаму стандарту (аўстрыйскаму, багемскаму, пражскаму) альбо ці не былі яны выключаны са складу пісьмовай мовы. У гэтым выпадку спраўджвалася, ці не сустракаюцца яны ў даведніках свайго часу (граматыках, слоўніках, дырэктывах выдавецтваў, штодзённых газетах і белетрыстыцы).
 

«Усходнесярэднебаварскі гарадскі дыялект, які зазнаў уплыў венскага»

 
Большая частка рэгіяналізмаў Кафкі (55 з агулам 103 тыпаў) мае дыялектнае паходжанне. Кафка быў ідэнтыфікаваны як носьбіт усходнесярэднебаварскага гарадскога дыялекта, які зазнаў уплыў венскага. На гэта паказваюць адметнасці вымаўлення, якія характэрныя альбо для ўсіх верхненямецкіх дыялектаў, альбо толькі для баварскіх ці нават выключна для венскага: між іншым, выпадзенне «e» ў прыстаўках «ge-» і «be-»: „glüftet“, „weggangen“, „bhandeln“; дэлабіялізацыя «ö», «ü» і «eu»: „meglich“ (möglich), „Thier“ (Tür), „trei“ (treu); блытанне «b/p-», «g/k-» і «d/t» „Bult“ (Pult), „glein“ (klein), „Schulder“ (Schulter); выпадзенне (вакалізацыя) «l» пасля галосных: „sebst“ (selbst), „Wöbung“ (Wölbung), „fühten“ (fühlten); і манафтонгізацыя «ei» ў «ä»: „Brete“ (Breite), „Gereztheit“ (Gereiztheit), „Feenheit“ (Feinheit). Таксама і ў марфалогіі нямецкая мова Кафкі вызначаецца шматлікімі дыялектызмамі: асабістыя займеннікі «i» («ich») і «mir» («wir»), формы артыкляў: «a» («ein», «eine»), «dee» («die») і «dees» («das»), а таксама такія формы дзеясловаў, як „rucken“ (rücken), „ziegen“ (ziehen) і „gekennt“ (gekannt) дазваляюць выразна праявіцца контурам першаснай мовы Кафкі. Кафка, які ў маладыя гады казаў, што гаворыць на нямецкай мове з аўстрыйскай афарбоўкай, яўна сапраўды быў «аўстрафонам».
 

Моўныя рысы ідыша і чэшскай мовы

 
Акрамя таго, у нямецкай мове Кафкі можна знайсці сляды ідышу: 26 працэнтаў усіх зафіксаваных рэгіяналізмаў з вобласці вымаўлення можна аднесці да былой мовы пражскіх габрэяў. Сюды адносяцца характэрнае напісанне «z» замест «s» і «f» замест «w» на пачатку слоў: так, Кафка, верагодна казаў «Zache» («Sache»), «zondern» («sondern») і «Zessel» («Sessel»), «Färme» («Wärme»), «fissen» («wissen») і «fickelte» («wickelte»); «pf» напачатку слова ён вымаўляў як «f», а ў сярэдзіне ці ў канцы як «p»: «Fosten» («Pfosten»), «Ferd» («Pferd») і «kramphaft» («krampfhaft»). У марфалогіі можна сустрэць характэрныя формы займенніка «wer» у давальным склоне: «um wem es sich handelt», «Wem suchst Du?»; аднабаковае выкарыстанне Кафкам прыстаўкі «her-» у складаназлучаных указальных прыслоўях таксама падпарадкоўваецца ўзору з мовы ідыш: «Jetzt wäre ich bald herausgefallen» («aroys» на ідыш азначае «heraus/hinaus» на нямецкай). Кафка не займаўся літаратурнай стылізацыяй самога сябе, калі гаварыў «пра нямецкую мову, якую мы маем на слыху ад нашых ненямецкіх маці». Гэтыя словы з мовы ідыш належаць да рэліктаў, якія, выглядае, яшчэ былі жывыя ў пражскіх нямецка-габрэйскіх колах годзе прыкладна ў 1900 і якія былі ўзятыя Кафкам, калі той быў яшчэ дзіцём, з нямецкай мовы асяроддзя, дзе ён прайшоў сацыялізацыю. Будучы часткай этналекта, яны сведчаць аб апошняй стадыі змены моваў багемскіх габрэяў у XIX ст. і надаюць «аўстрафаніі» Кафкі «заходне-ідышскі акцэнт».
 
Урэшце, моўныя нормы чэшскай мовы можна знайсці перадусім у сінтаксісе. Тут звяртаюць на сябе ўвагу перадусім тыя часткі мовы, якіх не ведае чэшская: па-першае, гэта артыкль: «bei Tür», «durch Labyrint», «auf Ofenbank»; па-другое, часціца «zu», якая ўжываецца ў інфінітыўных абаротах: «ob es richtig war, so handeln», «sie suchten einander zurückdrängen», «er scheint ihn gar nicht gelesen haben». Падобныя парушэнні нормаў, абумоўленыя моўнымі кантрастамі, з’яўляюцца тыповымі для чэхаў, якія размаўляюць па-нямецку, падобна, як чаргаванне прыназоўнікаў «an» і «auf» у Кафкі, якія ў чэшскай мове маюць адзіны адпаведнік «na»: «an/auf der Decke hängen», «an/auf die Türe schlagen», «etwas an/auf etwas hängen». Таксама і гэтыя сведчанні нямецка-чэшскага моўнага кантакту павінны былі ўжо быць інтэграванымі ў будзённую нямецкую мову Прагі, калі Кафка засвойваў родную мову, праходзячы сацыялізацыю. Яны нават часткова належаць да рэгіянальнага стандарту мовы, бо трапляюцца ў пражскай прэсе альбо белетрыстыцы. Тым самым было даказана, што ў Празе існаваў асаблівы стандарт нямецкай мовы, які выразна адрозніваўся ад афіцыйных нормаў літаратурнай мовы ў Аўстрыі.
 

«Вельмі асабістая літаратурная нямецкая мова» Кафкі

 
Менавіта стандартныя рэгіяналізмы, уласцівыя для Прагі, Багеміі і Аўстрыі, сведчаць аб тым, што Кафка быў гатовы да таго, каб прыняць уяўленні аб норме, прынятыя ў Германскім Рэйху. Так выпраўленне выразу  «vergessen an» (+ Akk.) выдавецтвам «Курт Вольф Ферлаг» (Лейпцыг) у працэсе апублікавання «Ператварэння» (1915) прывяло да таго, што (адпавядаючая аўстрыйскай норме) канструкцыя адначасова была выпраўлена ў яго рукапісах: «er vergaß in der Aufregung an alles andere». Таксама і спрэчка Кафкі са сваёй берлінскай нявестай Феліцэ Баўэр наконт прыназоўніка «bis» скончылася ў 1917 г. тым, што ён – пасля таго, як не змог пацвердзіць прыймальнасць звыклага для яго значэння саюзу «bis» «паводле Грыма» – адразу пачаў пазбягаць гэтай канструкцыі, якая межавала з аўтрыйскімі моўнымі нормамі: «der Laden leert sich und erst bis wenn er ganz leer ist, geht auch der Soldat». Той факт, што нормы нямецкай мовы Германскага Райху былі для яго не заўсёды сакральнымі, пацвярджае пражская стандартная норма: займеннік «paar» («einige»), які ўжываецца з нулявым артыклем: «auf paar Minuten», «nur paar kurze Fragen». Хаця Кафка і пагаджаўся з дадаваннем артыкляў у тэксце «Ператварэння», якое рабілі яго выдаўцы, у далейшым карыстанні мовай гэта на яго ўсё ж не ўплывала. У гэтым выпадку перамагала «далікатнае пачуццё мовы», якое было ўласцівае пражскім габрэям, якія пісалі на нямецкай мове: «У нямецкай мове існуюць толькі дыялекты, а акрамя іх – толькі вельмі асабістая літаратурная мова».