Паэзія Яна Вагнера «Чары другога парадку»

Ян Вагнер
Ян Вагнер | Фота: © Lesekreis CC0 1.0

З паэта і лаўрэата Прэміі імя Бюхнера Яна Вагнера часта кпяць пурысты, яны называюць яго звернутым назад. Гэта няправільна, лічыць знаўца паэта Міхаэль Браўн.

Улюбёнцам багоў цяжка ў сучаснай літаратуры. Гэта ў 1995 годзе спазнаў на ўласным негатыўным досведзе паэт Дурс Грунбайн, калі ва ўзросце 33 гадоў атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Германіі ў галіне літаратуры – прэмію імя Георга Бюхнера. Азвалася шмат насмешнікаў, якія дыскваліфікавалі лаўрэата, назваўшы яго атлетам лёгкай вагі ў літаратуры.
 
Летам 2017 года гэты рытуал паўтарыўся. Калі народжанага ў 1971 годзе берлінскага паэта і перакладчыка Яна Вагнера ўзнагародзілі прэміяй імя Бюхнера, то сярод яго калег адчувалася агульнае замяшальніцтва. Ніхто спантана не выказаў захаплення, замест гэтага сярод паэтаў пайшло бурчэнне – выпадак паслядоўнага адцягнення ўвагі. У той час, калі літаратурная крытыка хваліла ўсведамленне традыцый і формаў, у сацыяльных сетках азваліся шматлікія галасы, якія закляймілі паэзію Вагнера як інкарнацыю рэакцыйнага паняцця паэзіі і меркаванае вяртанне Бідэрмаера.

Памылкова залічаны да творцаў, якія ідэалізуюць прыроду

Свядомы формы паэт, што мае «выдатныя манеры» (літаратурны крытык Дзяніс Шэк), які да таго ж з’яўляецца выдатным перакладчыкам брытанскай і шатландскай лірыкі – але ўласная гільдыя падазрае, што ён нетаропкі рэтра-паэт, бо любіць выкарыстоўваць гістарычныя рэквізіты. Яго памылкова лічаць творцам, які ідэалізуе прыроду, які прамяўляе па літарах усю флору і фаўну: ад пупышкі вярбы да асы, ад лічынкі да выдры.
 
Супраць яго верша «Пупышка вярбы» («das weidenkätzchen») некаторы час таму выйшаў на бой аўтар «Шпігеля» Георг Дзіц. Дзіц раскрытыкаваў «асалоду ад краю», «ператварэнне прыроды ў кітч», паўсюдна прысутную прыгажосць. Пры гэтым верш – нішто іншае, як гісторыя вусцішнай смерці ў выніку ўдушэння. Далікатныя прыродныя фенамены ў Яна Вагнера ніколі не з’яўляюцца мастацкай самамэтай, яны сутыкаюцца з брутальнай праўдзівасцю забойчай рэчаіснасці.

Змрочны антыспеў

Ні ў адным радку ён не выяўляе сябе мужным традыцыяналістам – такім, якім ён часам паўстае ў кпінах. Наадварот, яго вершы – мастацкая дэманстрацыя ўсведамлення формы, якое ўмее даходзіць як да існасці багацця традыцыі, так і да раздражняльнікаў свядомасці сучаснасці. «Прагрэс – гэта тое, што робяць са звяртання ў мінулае», – сказаў аднойчы Вагнер і выпрабаваў гэты дэвіз на ўсіх гістарычных формах паэзіі.
 
Гэта бачна па тым вершы з яго зборніка «Аўстралія» («Australien» – 2010), у якім прыводзіцца цытата з Паўля Герхарда, стваральніка царкоўных гімнаў – да яго звяртаюцца са «спевам суцяшэння», які спяшаецца на дапамогу да сужэнцаў як зварот да вялікай міласэрнасці. Вагнер перакладае царкоўны гімн Герхарда, ствараючы змрочны антыспеў, гісторыю ператварэння аднаго «я», якое – як калісці ў метамарфозах Авідыя – прымае форму дрэва.
 
Паўль Герхард
«Чалавек стаецца падобным да дрэва»

 
Перш, чым ён распусціцца, ён чуе шум
Лістоты ў вушах. Здзіўляючае
Рыпенне, калі ён гаворыць, калі ён крочыць,
Гэтае патрэсківанне суставаў: кожны крок
Сумуе па зямлі. Ноччу пад ліхтарамі
Ён ловіць сябе на тым, што яго рукі
Утвараюць літары з ценяў і апісваюць
Сцены тых, хто спіць. Стаі варонаў,
Іх цёмнае кружлянне па-над ім, дзеці,
Якія караскаюцца на яго плечы, не пытаючыся дазволу,
І крадуць яблыкі. У жакеце з кары
Ён стаіць на далёкім полі, калі яму паліруе
Увосень апошнія зялёныя лісты
Дождж. Так ён расце насустрач сваёй буры.
 
Чалавек, які прыпадабняецца да дрэва, губляе тут сваю аўтаномію. Верш дазваляе нам узяць удзел у прыгожай парадаксальнай з’яве: Біялагічнае ўкараненне «я» тоеснае свайму выкаранненю ў якасці суб’екта. Гэта захапляльны вобраз ператварэння, якое надае чалавеку новыя якасці, чым больш улады над сабой ён губляе. Гэта адначасова і вобраз выкаранення формы.
 
У чатырнаццаці радках свайго верша Ян Вагнер схаваў санэт: два квартэты і два тэрцэты, якія выбіліся з фугі і толькі ў адным месце, у рыфме «hände – wände», бачна, што яны паходзяць з санэта. Паэзія – як заўважыў Ян Вагнер у сваёй апошняй кнізе эсе «Закрыты пакой» («Der verschlossene Raum» – 2017)  – гэта «чары другога парадку». Ян Вагнер, як ніякі іншы паэт сучаснасці, валодае дзіўным дарам ствараць гэтыя «чары другога парадку» працяглы час.
 

ЯН ВАГНЕР,

нарадзіўся ў 1971 годзе ў Гамбургу, жыве ў Берліне. Яго першая кніга вершаў «Пробнае свідраванне ў небе» («Probebohrung im Himmel») выйшла ў 2001 годзе. Ён шмат разоў атрымліваў прэміі за свае творы. У 2005 годзе ён атрымаў Прэмію імя Ганны Зегерс, у 2015 яго кніга «Варыяцыі бочак для дажджавой вады» («Regentonnenvariationen») была ўзнагароджана Прэміяй Лейпцыгскага кніжнага кірамаша. У 2017 годзе ён атрымаў Прэмію імя Георга Бюхнера. Вагнер таксама працуе літаратурным крытыкам і перакладчыкам з англійскай мовы, ён з’яўляецца чальцом ПЕН-цэнтра горада Дармштата.

Video wird geladen
Jan Wagner im Gespräch