Ілюстратары Германіі Свет з вупертальскай перспектывы

«Цуд з мядзведзем»
«Цуд з мядзведзем» | Фота (фрагмент): © Peter Hammer Verlag GmbH

Ілюстраваныя кніжкі Вольфа Эрлбруха дораць станоўчыя эмоцыі дзецям і дарослым ва ўсім свеце. Гэта звязана таксама і з тым, што ілюстратар сур’ёзна ставіцца да свайго мастацтва. Нядаўна яго ўзнагародзілі Прэміяй памяці Астрыд Ліндгрэн.

Вольф Эрлбрух Вольф Эрлбрух | Фота (фрагмент): © Françoise Saur Вольф Эрлбрух раней займаўся рэкламай, а таксама мастацтвам. Тое, што ён стаў вядомым перадусім як ілюстратар кніг, можна лічыць лагічным: у гэтай прафесіі праца рэкламшчыка, арыентаваная на кліентаў, паядноўваецца з эстэтычнымі прынцыпамі мастака – калі ілюстратар сур’ёзна ставіцца да свайго рамяства. А Эрлбрух ставіца да яго вельмі сур’ёзна. Таму ён атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды ў сваёй прафесіі: ад Нямецкай прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры да Прэмій імя Гутэнберга і э.о. плаўэна (e.o.plauen-Preis), а таксама тры разы запар «Срэбны стыль» і Прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн – прэмію найвялікшага памеру ў галіне дзіцячай літаратуры ў свеце – ёю Эрлбруха ўзнагародзілі першым з немцаў у 2017 годзе.

Пераклады на больш чым 30 моў

Эрлбрух, які нарадзіўся ў 1948 годзе, ставіцца да свайго занятку настолькі сур’ёзна, што ў 1997 годзе пакінуў пасаду выкладчыка ў Тэхнічным універсітэце Дзюсельдорфа – сваё першае месца працы ў якасці выкладчыка мастацтва ілюстрацыі – калі атрымаў запрашэнне з Вуперталю. Вырашальнымі для змены месца працы былі не большы прэстыж і не той факт, што Вуперталь з’яўляецца яго родным горадам. Яго вабіла магчымасць выкладаць мастацтва, а не ілюстраванне кніг, бо Эрлбрух не хацеў стала паўтараць падчас навучальнага працэсу тое, чым ён прафесійна займаўся на працягу больш чым 20 гадоў. Ён жа быў не толькі адным з найпаспяховейшых нямецкіх графікаў-рэкламшчыкаў – намаляваны ім для Нямецкага банку крот у акулярах у нікелевай аправе зрабіў сапраўдны фурор на плакатах і рэкламных абвестках гэтай інстытуцыі, бо гэты персанаж быў жартам з доўгатэрміновых будаўнічых працаў. Не, у 1989 годзе ён стварыў адну з найпаспяховейшых ілюстраваных кніжак у свеце і зноў яе героем быў крот у акулярах. Гісторыя, якую напісаў Вернэр Хольцварт – «Пра маленькага крата, які хацеў ведаць, хто налажыў яму на галаву» («Vom kleinen Maulwurf, der wissen wollte, wer ihm auf den Kopf gemachte hatte») – была перакладзена на больш чым 30 моў і зрабіла Эрлбруха і яго графічны стыль вядомым. А гэта ж была ўсяго толькі яго другая ілюстраваная кніга.
 
Першая ілюстраваная кніжка Эрлбруха выйшла ў 1985 годзе, яна грунтавалася на неапублікаваным раней у Германіі тэксце Джэймса Эгры (1875–1927), які паходзіў з Ганы, а потым жыў у Амерыцы. У тэксце «Арол, які не хацеў лётаць» («Der Adler, der nicht fliegen wollte») ён распавёў афрыканскую легенду маральнага характару, якая потым павінна была выйсці ў перакладзе і з ілюстрацыямі ў выдавецтве «Петэр Хамер Ферлаг», што спецыялізаваўся на выпуску экзатычнай літаратуры. Паколькі выдавецтва знаходзілася ў Вуперталі, то пытанне з выбарам ілюстратара з лёгкасцю было вырашана на карысць Эрлбруха, які там жыў. Гэта першая публікацыя перарасла ў супрацоўніцтва паміж выдавецтвам і мастаком, якое доўжыцца па сёння: яно ахоплівае не толькі кніжкі, але і стварэнне штогадовага календара для дзіцячых пакояў, які Эрлбрух малюе на працягу больш чым дваццаці гадоў. Задачу стварэння календара на 2018 год узяў на сябе яго сын Леанард, які пайшоў па шляху бацькі і стаў ілюстратарам.

Не прывязаны да аднаго стылю

Праца з календарамі паспрыяла таму, што Эрлбрух не затрымаўся на маляванні ў тым стылі, у якім быў створаны крот – той, што стаў шырока вядомым. Яго першыя кнігі, напісаныя ім самім: «Пяцёра вусцішных» («Die fürchterlichen Fünf»), «Леанард» («Leonhard») і «Цуд з мядзведзем» («Das Bärenwunder») – яны выйшлі ў пачатку 1990-х – былі цалкам вытрыманыя ў гэтым стылі. Потым не без уплыву сваёй выкладчыцкай дзейнасці ён распрацаваў тэхніку калажа – сваю візітоўку – паводле яе розныя паперы і шаблоны камбінуюцца адзін з адным. Персанажы паўставалі ў т. зв. тэхніцы пакладання (ням. Legetechnik), а не былі намаляваныя. Замест алоўка галоўным інструментам сталіся нажніцы. Адначасова Эрлбрух дадаў да сваіх калажаў малюнкі і гэты прынцып паяднаных медыя-сродкаў стаў яго новай візітоўкай.
 
Эрлбрух дасканала выкарыстаў гэты стыль ў «Качка, смерць і цюльпан» («Ente, Tod und Tulpe») – сваёй другой паспяховай кнізе, якая выйшла ў 2007 годзе – і яе ён таксама напісаў сам. Тэма смерці, якая закраналася ў ёй, была вельмі незвычайнай для нямецкай дзіцячай літаратуры. Аднак яго кнігі па тэкстах такіх аўтараў, як Гётэ, Готфрыд Бен, Карл-Філіп Морыц альбо Джэймс Джойс паклалі канец звычайнай бяскрыўднасці ў гэтай сферы. Дагэтуль цяжка вызначыць, для каго працуе Эрлбрух: для дзяцей ці для дарослых. Але абедзве групы ўдзячныя яму, бо чытаюць яго кнігі.
 
Цягам мінулых гадоў Эрлбрух стаў менш працаваць у якасці ілюстратара. У сваім доме ў Вуперталі ён стварыў фонд захавання ўласнай спадчыны, які прадастаўляе магчымасць пражывання даследчыкам і стварае для іх працоўныя месцы. Паколькі ён належыць да сусветна вядомых прадстаўнікоў свайго мастацтва, то яго наведвае шмат людзей. Новых кніжак чакае цэлы свет.