Дурс Грунбайн Нелірык

Дурс Грунбайн належыць да найважнейшых нямецкамоўных паэтаў і эсэістаў, аднак называе сябе «нелірыкам».
Дурс Грунбайн належыць да найважнейшых нямецкамоўных паэтаў і эсэістаў, аднак называе сябе «нелірыкам». | Фота: © picture alliance / Erwin Elsner

Дурс Грунбайн належыць да найважнейшых нямецкамоўных паэтаў і эсэістаў. Аднак творы лаўрэата прэміі імя Георга Бюхнэра не ўкладаюцца ў вызначаныя катэгорыі.

Калі б нехта захацеў вызначыць літаратурны жанр Дурса Грунбайна, грунтуючыся на яго творах, то ён назваў бы яго мастаком мультымедый: ён эсэіст, перакладчык, супрацоўнічае з мастакамі ў галіне мультымедый і агучвае ўласныя тэксты для аўдыякніг. Верагодна, з увагі на гэты шырокі дыяпазон ён і называе сябе «нелірыкам», і тым самым не прывязваецца толькі да аднаго медыя-сродку альбо жанру. Аднак ён адмяжоўваецца ад раману. «Паэзія была для мяне на працягу доўгага часу адмовай ад раману. Ашчаджаннем часу дзякуючы сцісласці. Таму з’явілася іншае пацуццё суверэннасці ў дачыненні да рэчаіснасці». На нелірыка Грунбайна трэба глядзець проста як на мастака, які апісвае свой свет і пры гэтым ахвотна – як бы між іншым – карыстаецца паэтычнымі сродкамі.
 
Грунбайн нарадзіўся ў 1962 годзе ў Дрэздэне, праз год пасля пабудовы Берлінскага муру, які канчаткова падзяліў Германію. Пасля падзення муру, якое адбылося 9 лістапада 1989 году, і адкрыцця мяжы паміж ФРГ і ГДР Грунбайн наведаў шмат краін – гэта быў перыяд, які ён называе «часам кампенсаторных, амаль гістэрычных вандровак». Пазней паэт і эсэіст, які ўжо атрымаў прэміі, правёў доўгі час у ЗША, дзе быў госцем нямецкага дэпартаменту Нью-Ёркскага ўніверсітэту і стыпендыятам рэзыдэнцыі мастакоў «Віла Аўрора» ў Лос Анджэлесе. Грунбайн таксама меў магчымасць абменьвацца думкамі з творцамі, якія працуюць у архітэктуры, выяўленчым мастацтве, літаратуры і музыцы, падчас свайго дзесяцімесячнага знаходжання – гэта была стыпендыя – у культурнай установе «Нямецкая акадэмія ў Рыме Віла Масіма». Стыпендыя «Вілы Масіма» належыць да найважнейшых узнагародаў Германіі для творцаў, якіх лічаць выбітнымі.

Іскра запускае рухавік

«Свечы запальвання» («Zündkerzen») – так называецца выдадзены ў 2017 годзе зборнік Грунбайна, які змяшчае 83 вершы. Што запускаецца, калі іскра, якая паўстае ў свячы запальвання, прыводзіць у рух працэс спальвання ў рухавіку? Што ўяўляе сабой гэта іскра? У зборніку вершаў Грунбайна гаворка не ідзе пра тэарэтычныя ідэі, не ствараюцца ніякія канцэпцыі: свечы запальвання – гэта рэчы, рэчы, якія трэба апісаць.
 
Памер і формы строфаў гэтых вершаў выяўляюцца пры гэтым вельмі здольнымі да зменаў. Гаворка ідзе пра секвенцыі, вершы ў прозе і санеты. Увогуле, паэт робіць стаўку на традыцыйныя формы і адмаўляецца ад авангардысцкіх гульняў. Такім чынам чытач не апынаецца ў бездапаможнасці перад герметычнымі радкамі, але можа прасачыць, што кіруе Грунбайнам: мінулае, хуткаплыннасць, урэшце, рэчаіснасць. Так, у сваім творы «Dekolleté» ён уводзіць у гульню хуткаплыннасць, калі наглядна папярэджвае: «Часам хапае адной ключыцы,/Падзенне ў пару вачэй – /І боль разгараецца/Па-над адмовамі і стратамі/У жыцці чалавека./І аказваецца: ён вельмі кароткі,/Адразу сканчаецца асноўны сезон».
 
Хуткаплыннасць і адначасова ўспамін аб мінулым ідуць побач з болем, які разгараецца, яны з’яўляюцца галоўнай тэмай у кнізе «Гады ў заапарку. Калейдаскоп». («Die Jahre im Zoo. Ein Kaleidoskop»).

Пачуццё суверэннасці ў дачыненні да рэчаіснасці

Хаця Грунбайн і тлумачыў сваю любоў да паэзіі пачуццём суверэннасці ў дачыненні да рэчаіснасці, усё ж ён стварыў аўтыбіяграфічную кнігу эсэ, прасякнутую лірычнымі інтэрваламі – у выглядзе твору «Гады ў заапарку» («Die Jahre im Zoo»), які быў апублкаваны ў 2015 годзе і мае насычаную атмасферу. У ім ён апісвае свае дзяцінства і маладосць, якія прайшлі ў садовым паселішчы гарадскога тыпу Хелераў пад Дрэздэнам. У пачатку 20-га стагоддзя садовы горад прыцягваў людзей, якія былі ў захапленні ад рэформаў і хацелі практыкаваць адзінства жытла і працы, культуры і адукацыі. Аднак у 400-старонкавым творы Грунбайна Хелераў узгаданы амбівалентна: Грунбайн апісвае сваё дзяцінства як «скрыню Пандоры», «як старую бляшанку, поўную дажджавых чарвякоў:/Адкрываеш яе і дзяцінства – рэч, вартая жалю – абдувае цябе».
 
Якімі б банальнымі і беднымі на падзеі ні былі б дзяцінства і маладосць, Грунбайн хістаецца паміж пачуццямі гідкасці перад мінулым і душэўным уздымам ва ўспамінах. Той для яго часта звязаны з настальгіяй: «Шчасце – гэта калі цябе падобна да травінкі/Казытае па скронях успамін». А ўспамін казытае аўтара і, верагодна, чытача ў цяперашні момант, і такім чынам падаецца, што шчасце закансервавана – прынамсі на імгненне.
 
Мемуарная літаратура, падобная да «Гадоў у заапарку» выклікае ў часы, калі многія пэўныя рэчы апынаюцца пад пытальнікам, вялікую цікавасць. Прага рэчаіснасці задавальняецца, калі аўтэнтычнае вяртаецца як вартае ўспамінаў. Пры гэтым мультымедыя-мастак Грунбайн пашырае свае ўспаміны на адзін узровень. Падобна, як у сваім зборніку вершаў «Калос у тумане» («Koloss im Nebel»), Грунбайн ілюструе свае тэксты ў «Гадах у заапарку» старымі фатаграфіямі. Гэта інтэрмедыйная сумесь дапамагае яму замарозіць Хелераў у часе: яму ўдаецца стварыць манументальнае апісанне вобразу Хелераў – такое, нібыта б ён апісваў карціну.
 
Грунбайн выкарыстоўвае падобную методыку і для выстаў. Напрыклад, падчас імпрэзаў «mixed media», якія праводзяцца разам з мастаком Віа Левандоўскі, ён паядноўвае выяўленчае мастацтва з апісваючым: Левандоўскі прадстаўляе карцінкі, Грунбайн – тэксты.

Дурс Грунбайн – вольны пісьменнік, які жыве ў Рыме. У 1995 годзе ён атрымаў прэмію імя Георга Бюхнера. З 2005 года ён працуе выкладчыкам паэзіі ў Мастацкай акадэміі ў Дзюсельдорфе. У 2009 годзе Грунбайн атрымаў Вялікі Крыж «За заслугі» з зоркай ад Федэратыўнай Рэспублікі Германія.