Блокчэйн Ланцуг, які не мае слабага звяна

Блокчэйн
Блокчэйн | Фота (фрагмент): © Colourbox

Блокчэйн – гэта не толькі тэхналогія, якая хаваецца за крыптавалютай біткойн, яна можа стацца прычынай рэвалюцыі ў многіх сферах нашай штодзённасці. Аднак пакуль гэта адбудзецца, пройдзе шмат часу.

Паспрабуйце высветліць з дапамогай пашукавіка Гугл, ці з’яўляецца зямля плоскай. Нягледзячы на тое, што на гэта пытанне можна проста адказаць «не», Вы неўзабаве сутыкнецеся з супрацьлеглымі меркаваннямі. Прычына гэтага? – Інтэрнэт не з’яўляецца цэнтралізаваным: ні ў сваёй арганізацыі, ні ў сваёй логіцы. Ён не падпарадкаваны ніводнай арганізацыі (гэта яго перавага), аднак таксама не існуе нікога, хто б нёс адказнасць за знойдзеную інфармацыю.
 
Зусім наадварот арганізаваная большасць дзяржаў: яны лагічна і арганізацыйна цэнтралізаваныя – г. зн., яны падпарадкоўваюцца адной установе (ураду), які адказвае за змест і вызначае працэсы (напрыклад праз законы). Іншыя сістэмы з’яўляюцца арганізацыйна цэнтралізаванымі, а лагічна дэцэнтралізаванымі. Імі кіруюць арганізацыі, аднак магчыма і індывідуальнае карыстанне. Напрыклад, так адбываецца ў выпадку вордаўскага файла, які можна апрацаваць на любым камп’ютары з тымі самымі праграмамі. Працэсы вызначае праграма, а змест кожны карыстальнік апрацоўвае індывідуальна.
 
Гэта тэорыя сістэм, з якой мы сутыкаемся ў нашым штодзённым жыцці. Чацвёрты варыянт: сістэма, якая з’яўляецца лагічна цэнтралізаванай, а арганізацыйна дэцэнтралізаванай, незалежнай і, нягледзячы на гэта, надзейнай, раней была невядома. Аднак потым з’явіўся блокчэйн.

Чым больш сетка, тым надзейней блокчэйн

У прынцыпе блокчэйн – гэта бясконцы ланцуг дадзеных: падобна да бухгалтарскай праграмы ён захоўвае ўсё, што адбываецца ў пэўнай сістэме. Гэта могуць быць пераводы грошай, унясенне запісаў у пазямельную кнігу альбо заключэнне дагавораў. Асаблівасць блокчэйна палягае ў тым, што гэта інфармацыя не захоўваецца лакальна на адным серверы, а адначасова на многіх камп’ютарах у межах агульнай сеткі. Таму гэта тэхналогія вельмі надзейная: каб сфальшаваць інфармацыю, трэба ўзламаць не адзін сервер, а цэлае іх мноства. Чым больш сетка, тым надзейней блокчэйн. Разам з тым, блокчэйн вельмі празрысты, бо ўсе карыстальнікі сеткі маюць доступ да інфармацыі.
 
Праз гэта арганізацыя блокчэйнаў дэцэнтралізавана, а логіка – цэнтралізавана: у выпадку ажыццяўлення транзакцый усе карыстальнікі падпарадкоўваюцца тым самым правілам. Калі гаварыць пра крыптавалюту біткойн, то гэта, напраклад, пераводы, якія ажыццяўляюцца ад аднаго карыстальніка другому. Як толькі транзакцыя праведзена ў блокчэйне і тым самым на ўсіх камп’ютарах сеткі, яе больш нельга змяніць. Кожны камп’ютар правярае пры гэтым, ці адпавядае транзакцыя правілам, таму ў межах сеткі могуць ажыццяўляцца толькі дапушчальныя трансакцыі. Такі чынам блокчэйн дае магчымасць ажыццяўлення «агульнай бухгалтарскай праводкі» без цэнтральнай адміністратыўнай установы.
 
Тэхналогія блокчэйна лічыцца многімі экспертамі рэвалюцыйнай, бо ўважаецца за абароненую ад маніпуляцый і празрыстую. У першую чаргу ўсцешаны абаронцы дадзеных. Патэнцыйныя сферы яе выкарыстання выходзяць за межы біткойна ды іншых крыптавалют: ад эфектыўных дагавораў і абароненых ад падробкі ліцэнзій да надзейных электронных тэчак з дакументамі. Уявіце сабе напрыклад медыцынскія і эканамічныя імплікацыі надзейнага, абароненага ад доступу з боку трэціх асобаў абмену дадзенымі паміж урачамі, аптэкамі і страхавымі кампаніямі. Альбо выбары будучыні, якія могуць быць абсалютна надзейна абароненымі ад фальшавання дзякуючы блокчэйну.

 

Чым больш транзакцый, тым вышэй зборы

AАле ці сапраўды блокчэйн хутка стане часткай нашага штодзённага жыцця? Перш чым гэта адбудзецца, яму, на думку экспертаў, трэба яшчэ перахварэць некаторымі дзіцячымі хваробамі. Гэта тычыцца перадусім росту сістэмы: калі колькасць транзакцый у сетцы расце хутчэй, чым наяўная моц сістэмы, то паўстае затор дадзеных. Тыя, у каго ёсць біткойны, ведаюць гэту праблему. Каб перадухіліць паўстанне затораў дадзеных у выніку ажыццяўлення занадта вялікай колькасці малых пераводаў, крыптавалюта ўвяла збор за трансакцыі: чым больш збораў аплочвае карыстальнік, тым вышэйшы прыярытэт атрымліваюць яго трансакцыі і тым хутчэй яны пацвярджаюцца. Адваротны эфект гэтага палягае ў тым, што большая колькасць трансакцый павышае памер збораў. Такім чынам, гаворка больш не ідзе пра абвешчаныя калісьці біткойнам нібыта бясплатныя пераводы – летам 2017 года сярэдні памер збору за транзакцыю складаў прыкладна сем еўра.
 
Да таго ж, блокчэйн марудны: напрыклад, калі параўнаць яго з транзакцыяй з крэдытнай карткі. Найхутчэйшыя крыптавалюты ажыццяўляюць максімальна 20 транзакцый за секунду, а у выпадку біткойна іх колькасць складае ад трох да сямі. Калі параўнаць гэта з 1700 трансакцыямі, якія кожную секунду робіць у ЗША VISA, то гэта вельмі мала. Яшчэ адным недахопам блокчэйна з’яўляецца вялікі расход энэргіі. Дадзеныя вельмі адрозніваюцца: па падліках крыптааналітыка Алекса дэ Урыса, зробленых у лістападзе 2017 года, тым не менш можна скласці сабе ўяўленне: выдаткаванне электраэнергіі падчас аддной транзакцыі біткойна складае 222 кілават-гадзіны, што прыкладна адпавядае месячным выдаткам электраэнэргіі ў гаспадарцы з адной асобы ў Германіі. У гэтых адносінах крэдытная картка сёння з’яўляецца ў дзясяткі тысяч разоў больш эфектыўнай.
 
Што тычыцца бяспекі, то галоўнай патэнцыйнай пагрозай для блокчэйна з’яўляецца т. зв. 51-працэнтная атака. Хаця дэцэнтралізаваная сетка абараняе ад атакаў звонку, але сістэму можна ў прынцыпе захапіць знутры. Калі камусьці ўдасца ўзяць пад кантроль больш за палову вылічальнай магутнасці ў сетцы блокчэйна – той 51 працэнт, то ён зможа адвольна манпуляваць дадзенымі транзакцый альбо выдаляць іх, прынамсі ў тэорыі. Таму небяспека для блокчэйна зыходзіць не ад слабых звенняў, але хутчэй ад тых, якія пагражаюць стаць занадта магутнымі.
 
Нягледзячы на гэтыя недахопы ў забеспячэнні бяспекі, блокчэйны, бясспрэчна, маюць патэнцыял зрабіць у будучыні рэвалюцыю ў эканоміцы, камунікацыях і адміністраванні. Банкі не дарма ўкладаюць мільярды ў даследаванне тэхналогій і рыхтуюць свае ўласныя крыптавалюты. Аднак пакуль нельга з пэўнасцю сказаць, ці будзе выкарыстоўвацца блокчэйн сапраўды таксама і для іншых мэтаў, а не толькі як плацёжны сродак. Некаторыя эксперты гавораць пра тое, што блокчэйны хутка будуць зменены новай тэхналогіяй – т. зв. тэнглам (tangle). Тэнгл нібыта хутчэйшы, больш стабільны і надзейны; у яго выпадку не спаганяюцца зборы; каманды распрацоўшчыкаў кажуць, што яны выпрабоўваюць сістэму на крыптавалюце «лота». Аднак тыя, для каго падзеі развіваюца занадта хутка, могуць супакоіцца: безумоўна, пройдзе яшчэ пэўная колькасць часу, пакуль блокчэйн і тэнгл зоймуць сваё месца ў нашым штодзённым жыцці.