Нямецкая кніжная прэмія Роберт Менасэ атрымаў Нямецкую кніжную прэмію 2017 года

Роберт Менасэ, лаўрэат Нямецкай кніжнай прэміі 2017 года
Роберт Менасэ, лаўрэат Нямецкай кніжнай прэміі 2017 года | Фота: Arne Dedert; © dpa

Аўтар атрымаў найважнейшую ўзнагароду літаратурнай галіны за свой раман «Сталіца». Кніга, прысвечаная палітычнай кухні ў Бруселі – гэта выступ у абарону Еўропы без нацыянальных эгаізмаў.

Каб сказаць «Дзякуй!», расчуленаму да слёз Роберту Менасэ спатрэбіўся некаторы час. Ён вельмі ўзрушаны з тае нагоды, што атрымаў прэмію. Разам з тым ён таксама перакананы, што пяць яго канкурэнтаў таксама заслужылі гэту ўзнагароду.
 
Журы Нямецкай кніжнай прэміі абгрунтавала сваё рашэнне наступнымі словамі: «Кніга Менасэ выразна тлумачыць нам, што адна толькі эканоміка не забяспечыць нам мірную будучыню». Да чалавечага заўсёды трэба імкнуцца, яно ніколі надзейна не забяспечана. Менасэ ў сваім рамане выразна паказвае: гэта тычыцца таксама і Еўрапейскага Саюза.

Удала перададзеная карціна еўрапейскай сталіцы

У кнізе «Сталіца» («Die Hauptstadt») гаворка ідзе пра палітычную кухню ў Бруселі. Аўстрыец Роберт Менасэ збіраў матэрыял для сваёй кнігі на працягу чатырох гадоў і выпрацаваў погляд на еўрапейскіх бюракратаў і іх чалавечыя слабасці, поўны як замілавання, так і крытыкі. Кніга аданачасова з’яўляецца сатырай, дэтэктывам і аналітыкай і, акрамя таго, выступам у абарону Еўропы без нацыянальных эгаізмаў. Журы, якое складалася з сямі чалавек, аддала належнае кнізе як «шматграннаму тэксту, які па-майстэрску паядноўвае прыватныя і палітычныя пытанні ды пакідае іх адкрытымі для чытача». Менасэ стварае якасную драматургію і «з лёгкасцю разглядае глыбінныя слаі таго свету, які мы называем нашым».
 
Роберт Менасэ правёў вельмі шмат дыскусій, прысвечаных еўрапейскай палітыцы, якія адбываліся пасля выхаду кніг яго эсэ пра Еўропу. У 2012 годзе ў часопісе «Ойропэішэр ландботэ» ён станоўча напісаў пра наднацыянальныя інстытуцыі і бюракратычную сферу ЕС. Цяпер ён хоча толькі дыскутаваць пра свой новы раман. Аднак тэма не адпускае яго і па-за літаратурным кантэкстам. «Гэта рэвалюцыя, якая адбываецца паступова. На працягу 60 гадоў сістэматычна ствараюцца агульныя рамачныя ўмовы для ўсяго кантынента. І калі гэта адбудзецца, то я хачу ведаць, хто гэта робіць і як яны гэта робяць. Таму я ў той час паляцеў у Брусель».

«Трэба распавядаць пра тое, што створана ў ЕС людзьмі»

«Тых, хто кажа, што ЕС – гэта праблема, што яны забралі ў нас суверэнітэт, што нам неабходна выйсці, што трэба гэта разбурыць, я лічу неінфармаванымі і амаль небяспечнымі для грамадства, – сказаў Менасэ ў адным інтэрв’ю пасля ўручэння прэміі. – Ідэя разумная, важная, яна – адзіны шанец для нас усіх, каб мець будучыню на гэтым кантыненце. Каб мець магчымасць развіваць гэту ідэю далей, нам неабходна крытыкаваць усё, што не ўдаецца, а каб здолець зрабіць гэта, мы павінны ведаць, як гэта ўсё працуе. Якія людзі працуюць там? Што для іх важна?» Ёсць шмат чаго распавесці, неабходна паказаць, што ЕС – не абстракцыя. «Тое, што там адбываецца, створана людзьмі, а пра ўсё, што створана людзьмі, можна і трэба распавядаць». Гэта яго прынцып як раманіста. «Так мы наблізімся да магчымасці адрэфлексаваць нашу сучаснасць і лепш зразумець яе. І паўплываць на яе!»

«Еўрапейская Рэспубліка» як канкрэтная ўтопія

Роберт Менасэ нарадзіўся ў 1954 годзе ў Вене. У 1938 годзе яго бацька-яўрэй уцёк ад нацыянал-сацыялістаў, а вярнуўся ў Аўстрыю толькі пасля сканчэння вайны. Менасэ вывучаў германістыку, філасофію і паліталогію ў Вене, Зальцбургу і Месіне. У 1980 годзе ён абараніў дысертацыю пра «тып няўдачніка ў літаратурным асяродку». Да 1988 года ён працаваў выкладчыкам аўстрыйскай літаратуры ў Інстытуце літаратурнай тэорыі Універсітэта ў Сан-Паўла ў Бразіліі, дзе і пачаў пісаць. Літаратурны прарыў адбыўся ў 1995 годзе з выхадам рамана «Schubumkehr» («Змена кірунку цягі»). У ім на прыкладзе адной вёскі на аўстрыйска-чэшскай граніцы ён адлюстраваў змены, якія адбываліся напрыканцы 1980-х гадоў. Менасэ разглядае ў сваіх эсэ Еўрапейскі Саюз і тэматыку крытыкі глабалізацыі, пачынаючы з 2005 года. Пры гэтым з самага пачатку ён не быў настроены крытычна да Еўрапейскага Саюза, але звязваў дэфіцыт дэмакратыі перш за ўсё з уплывам і ўладай асобных нацыянальных дзяржаў. «Дзякуючы свайму брусельскаму досведу я не ператварыўся з Саўла ў Паўла, – распавёў ён у Франкфурце, – але з «Паўлі» ў Паўла». Тое, што «Еўрапейская Рэспубліка» для яго – канкрэтная ўтопія, ён пацвердзіў яшчэ ў 2013 годзе.

Прайграўшыя сыходзяць не з пустымі рукамі

«Я не ў сабе, – так адрэагаваў аўтар на пытанне журналіста пра тое, як ён адчувае сябе неўзабаве пасля атрымання прэміі – з галантным намёкам на назву рамана яшчэ адной фаварыткі Сашы Марыяны Зальцман. – Кожны аўтар, які кажа, што ён не жадае падобнай прэміі і не мае ў ёй патрэбы, хлусіць». Пасля таго, як ён атрымаў прэмію, ён зрабіў нечаканае назіранне. «У мяне такое пачуццё, што я – той, хто ўдае сябе за важную персону, якая гаворыць пра раман, напісаны некім іншым».
 
У фінал адбору найлепшага нямецкага раману года таксама трапілі: Герхард Фалькнер («Romeo oder Julia» – «Рамэа альбо Джульета»), Францабель («Das Floß der Medusa» – «Плыт мядузы»), Томас Лер («Schlafende Sonne – Спячае сонца»), Марыён Пошман («Die Kieferninseln» – «Сасновыя выспы») і Саша Марыяна Зальцман («Außer sich» – «Па-за сабой»). Яны атрымалі па 2.500 еўра кожны. Летась Нямецкую кніжную прэмію атрымаў Бода Кірххоф – за кнігу «Widerfahrnis» («Выпадак»).
 
Пачынаючы з 2005 года, прэміяй штогод ўзнагароджвае Біржавое аб’яднанне Нямецкага кніжнага гандлю. Яно хоча адабраць найлепшы раман года на нямецкай мове. Прапанаваць кнігі могуць выдавецтвы з Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. Журы, якое складаецца з сямі чалавек – яго склад адпаведна змяняецца штогод – адбірае спачатку 20 кніг для лонг-ліста. У шорт-ліст потым трапляюць пяць-шэсць аўтараў. Пераможца атрымлівае 25.000 еўра, а кнізе, як правіла, гарантуецца месца ў спісе бестселераў. Урачыстая цырымонія штогод праходзіць у франкфурцкай ратушы, «Ромеры», у дзень перад адкрыццём Франкфурцкага кніжнага кірмаша.
 

Кнігі, намінаваныя на кніжную прэмію – шорт-ліст і лонг-ліст

Акрамя рамана «Die Hauptstadt» («Сталіца»), які атрымаў узнагароду, на кніжную прэмію 2017 года былі намінаваныя:

  • «Romeo oder Julia» («Рамэа альбо Джульета») Герхарда Фалькнера
  • «Das Floß der Medusa» («Плыт мядузы») Францабеля
  • «Schlafende Sonne» (Спячае сонца») Томаса Лера
  • «Die Kieferninseln» («Сасновыя выспы») Марыён Пошман
  • «Außer sich» («Па-за сабой») Сашы Марыяны Зальцман

Акрамя таго, лонг-ліст кніжнай прэміі 2017 году змяшчаў наступныя кнігі:
 
  • «Lichter als der Tag» («Агні як дзень») Мірка Бонэ
  • «Schau mich an, wenn ich mit dir rede!» («Не глядзі на мяне, калі я з табой размаўляю!») Монікі Хельфер
  • «Das Jahr der Frauen» («Год жанчынаў») Крыстафа Хёткера
  • «Kraft» («Сіла») Ёнаса Люшэра
  • «Flugschnee» («Снег палёту») Біргіт Мюлер-Віланд
  • «Schreckliche Gewalten» («Жудасны гвалт») Якаба Нольтэ
  • «Nach Onkalo» («У Анкала») Керсцін Прайвус
  • «Phantom» («Фантом») Роберта Просера
  • «Wiener Straße» («Вінэр штрасэ») Свена Регенера
  • «Peter Holtz» («Петер Хольц») Інга Шульцэ
  • «Das Singen der Sirenen» («Спеў сірэнаў») Міхаэля Вільдэмана
  • «Walter Nowak bleibt liegen» («Вальтер Новак застаўся ляжаць») Юлі Вольф
  • «Katie» («Каці») Крысьціны Вуніке
  • «Evangelio» («Эвангеліо») Ферыдуна Зэмоглу