Метамарфоза VR Кафка ў віртуальнай рэчаіснасці

Кафка і віртуальная рэчаіснасць
Кафка і віртуальная рэчаіснасць | Фота: Goethe-Institut

«Калі аднойчы ранкам Грэгар Замса прачнуўся з-за турбуючых сноў, ён убачыў сябе ў сваім ложку, ператворанага ў агромністае насякомае». Так пачынаецца адно з найбольш вядомых апавяданняў XX ст. – «Ператварэнне» Франца Кафкі. У тэматычным пакоі «Метамарфоза VR» дзякуючы VR-тэхналогіі Вы прачнецеся агромністым насякомым у рэканструяваным паводле арыгінала жытле.
 

«Спачатку Вам трэба зняць абутак», – так сустракае мяне праграміст Эдуард Фішар. Не паспеў я адзець утульныя шлёпанцы з замацаванымі на насках сэнсарамі, як мяне ўзброілі іншым: навушнікамі, датчыкам руху рук і, вядома, акулярамі віртуальнай рэчаіснасці. Экіпіраваны і абчэплены дратамі, некалькі секундаў я чакаю ў поўнай цемрадзі. Потым усё пачынаецца: загараецца святло і я апынаюся ў 1915 г. у пакоі Грэгара Замсы, што знаходзіцца ў Старым Горадзе Прагі, у цалкам іншым целе.

Пакой Грэгара Замсы Пакой Грэгара Замсы | Фота: Goethe-Institut

Са старонак кнігі – у віртуальную рэчаіснасць

Апавяданне Кафкі «Ператварэнне» апісвае пачуцці агента адной фірмы, які аднойчы ранкам прачынаецца ў целе жука; пры гэтым нічога не гаворыцца пра тое, як і чаму гэта сталася. Фокус увагі накіраваны на пытанні, што ён будзе рабіць з гэтым: як адрэагуюць бацькі? Што скажа шэф? І праз сто гадоў экспрэсіянісцкае апавяданне Кафкі пакідае шмат загадак. Гётэ-Інстытут у Празе ўваскрашае беднага Грэгара Замсу ў фантастычным свеце віртуальнай рэчаіснасці.
 
«”Метамарфоза VR” пераносіць твор Франца Кафкі са старонак кнігі ў віртуальную рэчаіснасць. Герой – больш не Грэгар Замса, а Вы самі», – тлумачыць Міка Джонсан, рэжысёр, які разам з камандай свайго маладога стартапу стварыў тэматычны пакой «Метамарфоза VR».

Што чытае жук? Што чытае жук? | Фота: Goethe-Institut

Я – Грэгар Замса

І так на самой справе: у «Метамарфозе VR» я – Грэгар Замса. Я – брыдкі збянтэжаны жук. З нарастаючым здзіўленнем і лёгкім жахам я разглядаю прапорцыі частак свайго цела: яны доўгія, вузкія, пакрытыя валоссем… ды ўвогуле – іх вельмі шмат. Замест жывата ў мяне цвёрды панцыр, у полі майго зроку варушацца мае ўласныя шчупальцы. А калі я ўпершыню бачу сябе ў люстэрку, я жахаюся. За дзвярыма пачынае сварыцца мой бацька: «Грэгар… Грэгар, адчыні ўрэшце дзверы!»
 
«Самая ўражваючая рэч у “Метамарфозе VR” – гэта пакой Грэгара. Ён робіць гэты праект унікальным, – тлумачыць Войцех Янкоўскі з фірмы па распрацоўцы праграмнага забеспячэння “Achtung4k”. – Нам трэба было дэтальна разгледзець апавяданне. У адпаведнасці з апісаннем Кафкі паўстала дакладная мадэль пакою Грэгара». Усё як у апавяданні: сакрэтнік з кнігамі, светлы металічны ложак, узоры кветак на сценах, чамаданы альбо прэс-пап’е з вёскі Цураў. «Калі нам не хапала ведаў, на дапамогу прыходзіла Таварыства Франца Кафкі. Кнігі, якія ляжаць на стале ў Грэгара Замсы – тыя самыя, якія чытаў Франц Кафка ў той час», – дадае Янкоўскі.

Духоўны бацка віртуальнай рэчаіснасці

Віртуальнае турнэ з Райнэрам Стахам, аўтарам новай стандартнай біяграфіі Кафкі, дапаўняе праект «Метамарфоза VR». Эксперт не толькі прадстаўляе твор Кафкі, але і адначасова ўказвае на той факт, што Кафка, уласна кажучы, быў духоўным бацькам віртуальнай рэчаіснасці. «Будучы заўзятым кінаманам і аматарам стэрэаскапічных серый карцінак, ён уяўляў сабе, што аднойчы стэрэакарцінка зліецца з прасторавымі эфектамі, у выніку чаго паўстане новая, поўнасцю ілюзорная рэчаіснасць», - тлумачыць Стах.