Рэзідэнцыя для радыё-арт-мастакоў Розныя формы цішыні

Соль Рэца прэзентуе аўдыёкалаж па тэме «Час»
Соль Рэца прэзентуе аўдыёкалаж па тэме «Час» | Фота: Marcus-Andreas Mohr

Гукавая мапа Хале, жывы эфір з ваданапорнай вежы: у супрацоўніцтве з радыё «CORAX» Інстытут імя Гётэ ўпершыню прадаставіў міжнародную стыпендыю ў галіне радыёмастацтва. Аргентынская радыё-арт-мастачка – першая стыпендыятка Рэзідэнцыі для радыё-арт-мастакоў. Мы распыталі яе пра ейныя эксперыменты ў Хале.

Вы як раз прыбылі з Мехіка ў Хале. Якія Вашы першыя ўражанні?
 

Хале – поўная супрацьлегласць Мехіка. Мне падаецца, што ўсё вельмі ціха, цішыня звязана з надвор’ем, са снегам. У сваім аўдыётворы я разглядаю розныя формы цішыні. Мне цікавыя вертыкальныя шумы галоўных сімвалаў горада. Гук званоў альбо гукі вежаў горада. У мяне была магчымасць наведаць адну з ваданапорных вежаў, дзе мы стваралі радыёперадачу ў жывым эфіры.

Падчас адкрыцця рэзідэнцыі слухачы ў зале нерухома слухалі аўдыёкалаж Падчас адкрыцця рэзідэнцыі слухачы ў зале нерухома слухалі аўдыёкалаж | Фота: Marcus-Andreas Mohr Якім Вам падаецца гук Хале?
 

Званы вельмі дамінуюць, але я не лічу, што гэта вызначае вобраз горада. Я працую з ідэяй вертыкальных шумоў і цішынёй. Напрыклад, з шумамі, якія звязаны з двума выбітнымі мастакамі: насценнымі малюнкамі Ханса-Яахіма Трыбша і відамі Хале Лаянэла Файнінгера. Яны зафіксавалі і шумы, і гісторыю Хале. Цікавы таксама і музей солі: гісторыя яе здабычы ўключае ў сябе шмат асаблівых гукаў, якія звязаны з уласна здабычай, перапрацоўкай і гандлем.

Аўдыялізацыя міграцыі

Над якімі праектамі Вы хацелі б папрацаваць?
 

Мы ствараем аўдыёмапу Хале. Яна ахоплівае шмат эксперыментальных аўдыётвораў, аўдыёландшафты і радыёперадачы, якія звязаны з рознымі месцамі ў Хале. Гэта, напрыклад, шпацыры ля ракі, якія апісваюць людзей на розных мовах для таго, каб зрабіць чутнай міграцыю. Мы вядзем жывую трансляцыю з ваданапорнай вежы, у якой паядноўваем акустыку месца і раней запісаныя гукі з ванных пакояў Хале. Дзякуючы гэтаму паўстае арыгінальнае гульнявое ўспрыняццё звычайных шумоў.

Адкрыццё рэзідэнцыі для радыё-арт-мастакоў прайшло ў Літаратурным доме Хале Адкрыццё рэзідэнцыі для радыё-арт-мастакоў прайшло ў Літаратурным доме Хале | Фота: Marcus-Andreas Mohr Распавядзіце нам пра радыёмастацтва ў Лацінскай Амерыцы. Якія існуюць галоўныя адрозненні?
 

Галоўнае адрозненне палягае ў тым, што на праекты ў Лацінскай Амерыцы вельмі моцна ўплываюць палітычныя арганізацыі. На жаль, няма вызначанай прасторы для аўдыёэксперыментаў і развіцця новых спосабаў камунікацыі. Мы хацелі б звесці аповяд гісторый, тэхналогіі і СМІ да адной ідэі. Вольнае радыё можа быць галоўнай прасторай для гэтага. Таму нам трэба больш эксперыментаваць.

Праца з гукамі і цішынёй

Што Вы возьмеце з сабой у Мехіка?
 

Досвед працы на вольным радыё і абмен думкамі з людзьмі з іншага горада грунтоўна зменяць маю працу з гукамі і цішынёй. Спадзяюся таксама, што вярнуся дадому, маючы гару новых запісаў і гатовых аўдыётвораў, а таксама шмат новых ідэй.